«Сапраўднаму каханню адлегласць – не перашкода». Гісторыя дружнай сям’і Чарапкоўскіх з вёскі Шуневічы

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Сапраўднаму каханню адлегласць – не перашкода. Справядлівасць гэтых слоў у чарговы раз пацвердзіла гісторыя Мікалая і Кацярыны Чарапкоўскіх з вёскі Шуневічы. Сустрэўшыся аднойчы, маладыя людзі адчулі душэўнае прыцягненне, якое, нягледзячы на амаль тры тысячы кіламетраў, дапамагло ім стаць шчаслівай сямейнай парай.

– Я нарадзілася і вырасла на Урале, у горадзе Рэж Свярдлоўскай вобласці, у інтэрнацыянальнай сям’і, а жыву ў Беларусі, на радзіме матулі, якая ў свой час паехала за татам у Расію. Гісторыя майго жыцця і кахання – гэта своеасаблівае адлюстраванне лёсу маёй мамы Дануты Віктараўны. Яна жыла ў вёсцы Сарокі, а мой тата-расіянін прыехаў на Глыбоччыну на вяселле сябра, з якім разам служыў у Рызе. Пазнаёміўся з мамай, закахаўся з першага погляду і праз нейкі час забраў яе на Урал. У нашым з Мікалаем выпадку ўсё адбылося з дакладнасцю наадварот: я прыехала на вяселле стрыечнай сястры на Глыбоччыну і пазнаёмілася з прыгожым хлопцам, сябрам майго брата. Мы разам выбіралі сястры падвянечную сукенку, а мая мама тады паглядзела на нас і кажа: “Адгуляем гэта вяселле, а там і ваша не за гарамі”. Мы першы раз з Колем убачыліся, а яна, як у ваду глядзела, сямейнае жыццё нам прадказала, – расказвае Кацярына Яўгеньеўна. – Кажуць, што дочкі выбіраюць сабе мужа, падобнага на тату. Думаю, што так яно і ёсць. Мае бацькі пражылі разам сорак два гады. Я ніколі не чула, каб яны сварыліся, пярэчылі адзін аднаму. Ніколі не дзялілі абавязкі па дому на “тваё” і “маё”, усё рабілі разам: і працавалі, і адпачывалі. Тата і мама былі ўзорам сямейных узаемаадносін для мяне, і я хацела, каб са мной побач быў такі ж надзейны чалавек, як тата.

Кацярына кажа, што ёй з мужам пашанцавала. З пачатку знаёмства пачуцці маладых людзей былі ўзаемнымі. Адзін для аднаго яны былі самымі прыгожымі, пяшчотнымі, клапатлівымі. За 2 800 кіламетраў, якія раздзялялі Шуневічы і Рэж, на спатканні часта не наездзішся, таму вечарамі дзяўчына і хлопец “віселі на тэлефоне”. Мабільных тады не было, сазваньваліся па хатніх, а гэта ж розныя краіны! Аднойчы бацька Мікалая, убачыўшы чэк на аплату тэлефона, сказаў сыну: “Жаніся ўжо хутчэй, а то ўсе грошы прагаворыш”. Але на ўсё, як кажуць, свой час. Кацярына, якая змалку любіла танцаваць, пасля школы паступіла ў Свярдлоўскі каледж культуры і мастацтва, затым – у Чалябінскі інстытут культуры на харэографа. Дзяўчына настойліва ішла да сваёй мары, а Мікалай чакаў, пакуль яна атрымае дыплом.

Яны ніколі не гаварылі пра пачуцці, але планавалі адно на дваіх жыццё. Абое марылі пра свой дом, пра дзяцей, хацелі разам прачынацца, усміхацца адзін аднаму, радавацца, што знайшліся ў такім вялікім Божым свеце.

– У сакавіку 2011 года я паехаў на Урал у сваты. Пазнаёміўся з бацькамі Кацярыны, расказаў ім, як бачу наша сумеснае жыццё. Паспрабаваў смачны суп-салянку, якую згатаваў цесць з нагоды майго прыезду, і рашыў, што гасцінным прыёмам і гэтым пачастункам ён “даў дабро на зяця”, – усміхаецца Мікалай. – Пасля той паездкі я пачаў рыхтавацца да жаніцьбы.

Пры выбары месца жыхарства мы з Кацяй сышліся на Беларусі. Скалісты Урал не ляжаў да душы. Прырода там зусім іншая: лета не надта цёплае, садоў няма. Каця была салідарна са мной, бо для яе Глыбоччына, як паўднёвы курорт, дзе летам спёка і на кожным кусце і дрэве растуць вітаміны.

У чаканні прыезду Кацярыны Мікалай зняў кватэру ў Глыбокім, зрабіў рамонт, стараўся, каб маладой гаспадыні спадабалася новае жыллё. У лютым 2012 года маладыя распісаліся ў Глыбоцкім ЗАГСе. Абмяняліся пярсцёнкамі і пачалі жыць.

Першынец Рома, цяперашні пяцікласнік СШ№1 імя П. Сухога, нарадзіўся ў сям’і якраз напярэдадні правядзення ў Глыбокім дня пісьменства і друку. Малады бацька купаў сыночка, уставаў начамі, няньчыў, даваў жонцы магчымасць адпачыць пасля нялёгкіх родаў і выношваў мару пераехаць у свой дом. Жонка падтрымлівала мужа і ў гэтым, і ў жаданні жыць на вясковым прыволлі, таму пакупка кватэры ў Шуневічах стала для іх сапраўдным падарункам.

– Узялі крэдыт на рэканструкцыю, пачалі абсталёўваць сваё гняздзечка. І ў тым, што мы хутка справілі наваселле вялікая заслуга Мікалая. Ён па прафесіі сталяр, працаваў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы, многае ўмеў. Да таго ж, працалюб – пасля работы прападаў на будаўніцтве. Калі адзін, калі браты і сябры дапамагалі. Дзякуючы яго старанню, мы цяпер маем кватэру з усімі выгодамі ў прыгарадзе. Жывём на прыродзе, дзе так хораша: прыгажосць, птушкі спяваюць, раздолле, дыхаецца лёгка. Непадалёк бацькоўскі дом Мікалая, мы там садзім агароды. Увосень муж закруткі робіць. Калі ёсць хвіліна, у грыбы і на рыбу ездзіць – здабытчык хоць куды! – шчыра хваліць каханага Кацярына.

Ужо ў сваёй кватэры ў Чарапкоўскіх нарадзіліся дзве дачушкі-прыгажуні: Дана, у гонар Кацінай мамы, і Маша, імя якой даў Раман. Хлопчык, як самы старэйшы, прыглядае за сястрычкамі, забаўляецца з імі, і маме па дому падсабляе, і тату, які замахнуўся на будаўніцтва ўласнага дома.

– Хочацца большай прасторы і камфорту. Хоць і не збіраемся пакуль за чацвёртым дзіцём, але і не адмаўляем, што такое можа здарыцца. Каціна мама расла ў сям’і, дзе было сямёра дзяцей. Я сам са шматдзетнай сям’і: нас у бацькоў чацвёра, так што прыклад браць ёсць з каго, – гаворыць гаспадар. – Першы крэдыт мы ўжо выплацілі, узялі другі на будаўніцтва. На ўчастку ў Шуневічах залілі фундамент. Паўтарапавярховы дом будзем узводзіць з ацыліндраваных бярвенняў. Абавязкова пасадзім свой сад…

Мікалай дзеліцца планамі на будучае, і бачна, што гэта не пустыя словы: сіл і аптымізму ажыццяўляць задуманае ў мужчыны хапае, бо стараецца ён для любімай жанчыны, якую прывёз “з-за трыдзевяць зямель, з трыдзясятага царства”, і для дзяцей, прадаўжальнікаў свайго роду. Да таго ж, нядрэнна дапамагае рублём і дзяржава.

У дружнай сям’і Чарапкоўскіх усе важныя пытанні вырашаюцца на сямейным савеце. Кацярына ў многіх выпадках давярае кампетэнтнай думцы мужа, а Мікалай, апраўдваючы гэты давер, робіць жыццё дарагіх яму людзей светлым і ўтульным.

Сёлета ў лютым Кацярына і Мікалай адзначылі нікелевае вяселле: 12 гадоў сумеснага жыцця. За гэты час абое навучыліся трываласці і гнуткасці ва ўзаемаадносінах і ў розных жыццёвых сітуацыях. А галоўнае, што яны захавалі свае пачуцці і пераканаліся ў тым, што Рома, Дана і Маша – іх самае большае багацце і сэнс жыцця.

телеграм

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru