У сельгаспрадпрыемстве “Каралі” разгортваюцца веснавыя палявыя работы

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Адным з першых вывеў на палеткі свой “Беларус” вопытны механізатар гаспадаркі Віктар Бурэнь.

Віктар Бурэнь.

– Універсальны спецыяліст, – гаворыць пра яго галоўны аграном Міхаіл Піскуновіч. – Люба-дорага паглядзець, як ён арэ, як апрацоўвае глебу на палях. Ён і сейбіт адмысловы і камбайнер выдатны. Любое заданне Віктар Часлававіч выконвае на самым высокім узроўні. Цяпер ён задзейнічаны на падкормцы шматгадовых траў і пашаў. Штодзённа на трактары “Беларус-2112” у счэпцы з апырсквальнікам ОП-2500 праводзіць падкормку на плошчы больш за 50 гектараў.

Родам Віктар Бурэнь са Стрынадак. У свой час скончыў Глыбоцкае прафтэхвучылішча, затым у Гарадоцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме атрымаў спецыяльнасць механіка. Пасля службы ў арміі працуе ў гаспадарцы. Прырос, прыкіпеў усім сэрцам да зямлі, да родных мясцін.

Віктар Бурэнь шчыраваў на палетках паблізу  Шыпоў. Тут, у ваколіцах населенага пункта вёў вясенняе ворыва Сяргей Лантух. Кіпіць работа і на палях недалёка ад вёскі Стрынадкі. Механізаванае звяно пад кіраўніцтвам агранома Валянціны Дуж займаецца падкормкай азімага жыта. За рулём агрэгата “Раса” працаваў Аляксандр Сіманковіч, а на падвозцы калійна-азотнай сумесі – Мікалай Сауліч.

– Зараз у актыўнай фазе работы па падкормцы азімых сельгаскультур і шматгадовых  траў на сенажацях і на пашавых плошчах, – расказвае пра вясновыя клопаты хлебаробаў сельгаспрадпрыемства “Каралі” адзін з самых вопытных экспертаў сельгасвытворчасці Міхаіл Мікалаевіч Піскуновіч. – Пад яравымі зерневымі сёлета будзе занята 476 гектараў. Пад кукурузу адведзена – 700 гектараў, гарох высеем на плошчы 230 гектараў. Падсеў шматгадовых траў неабходна правесці на 700 гектарах.

Толькі што запусцілі ў работу раскідвальнік цвёрдых мінеральных угнаенняў РДУ-1,5, уносім хлорысты калій. Калі вясновае надвор’е і далей застанецца лагодным, першыя гектары яравых пасеем ужо ў бліжэйшыя дні.

телеграм

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru