Глыбоцкі гадзіннік майстра Залкінда

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Сваё пачэснае месца ў адной з музейных вітрын займае прадмет, які для нашай мясцовасці інакш як рарытэтам назваць нельга. Да вашай увагі – гадзіннік майстра Залкінда, створаны ў 1920 – 1930-х гадах.

“Што ў ім такога асаблівага?” – запытаеце вы. З пункту гледжання яго механізма, магчыма і нічога, але згаданы экспанат неацэнны найперш тым, што быў выраблены ў Глыбокім. Гэта зараз мы прывыклі да таго, што калі гаворка заходзіць пра беларускі гадзіннік, то амаль заўсёды маецца на ўвазе прадукцыя Мінскага гадзіннікавага завода. Але так было не заўсёды – у XVI – першай палове ХХ стагоддзя гадзіннікі вырабляліся ў многіх беларускіх гарадах, і Глыбокае было сярод іх!

Гэты механічны гадзіннік з будзільнікам асабліва цікавы сваім цыферблатам, які адрозніваецца значнай інфарматыўнасцю. Майстар паклапаціўся, каб на ім былі ўказаны яго прозвішча (“M. Załkind”) і месца зборкі (“Głębokie”). Знайшлося на цыферблаце месца і для гатунку (канечне ж, першы), і для гарантыі (5 год). Як бачна, згаданы майстар гадзіннікаў высока цаніў сваю працу, на што, верагодна, меў падставы.

Вядома, што ў міжваенны час м а й с т а р М е е р З а л к і н д жыў і працаваў на вуліцы Замкавай (у наш час гэта ўчастак вуліцы Леніна ад плошчы 17 Верасня да цэнтральнай плошчы). Па некаторых звестках, неабходныя дэталі да будучых гадзіннікаў ён закупляў у Варшаве, а ў сваёй глыбоцкай майстэрні ўжо ажыццяўляў іх непасрэдную зборку. Хутчэй за ўсё, будынак, дзе ствараўся былы глыбоцкі “брэнд”, адначасова з’яўляўся і жытлом майстра – гэта было (і застаецца) звычайнай практыкай для прадстаўнікоў дадзенай прафесіі. На дадзены момант звесткі пра сям’ю Залкіндаў надта ўрыўкавыя, і тым не менш, пэўнай інфармацыяй мы валодаем. На вялікі жаль, яна звязана з трагічнымі падзеямі, праз якія прайшлі жыхары нашага горада падчас Другой сусветнай вайны. Майстар-гадзіншчык Меер-Лейб Залкінд і 5 членаў яго сям’і значацца ў спісе глыбачан-яўрэяў, якія загінулі ў гады акупацыі.

Варта адзначыць, што Меер Залкінд быў не адзіным майстрам гадзіннікавых спраў горада Глыбокае тых далёкіх міжваенных часоў. Спіс уладальнікаў прамысловых і гандлёвых прадпрыемстваў Глыбокага за 1923 год называе яшчэ тры імені – гэта Моўша Салавейчык, Ізраэль Іофэ (майстэрні якіх, дарэчы, знаходзіліся таксама па Замкавай) і Берка Міндлер. Вайна загубіла незлічонае мноства мясцовых талентаў, і Меер Залкінд – адна з яе ахвяр, але імя гэтага годнага майстра застанецца жыць у яго механічных творах, адзін з якіх кожны наведвальнік можа ўбачыць у экспазіцыі гісторыка-этнаграфічнага музея.

І. ФЁДАРАЎ, навуковы супрацоўнік Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея.

телеграм

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru