Старажытныя рарытэты Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Да аднаго з найбольш старажытных рарытэтаў Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея варта аднесці ўзоры кафлі, як мяркуецца, мясцовай вытворчасці, узрост якіх налічвае каля чатырох стагоддзяў. Згаданыя ўзоры цікавыя не столькі ўзростам і неблагой захаванасцю, а найперш – арыгінальнымі малюнкамі.

Памыліцца наведвальнікам музея будзе даволі складана – тры керамічныя пліткі для абліцоўкі печы самі кідаюцца ў вочы пры аглядзе адной з экспазіцыйных вітрын першай залы. Пра іх зараз і пойдзе гаворка. Дзве з іх датуюцца першай паловай XVII стагоддзя і маюць падобны знешні выгляд: іх вонкавыя пласціны дэкарыраваны рэльефнымі зааморфнымі малюнкамі (верагодна, выявамі льва) і выгнуты ўнутр. Да донца вонкавапласціны абедзвюх плітак прымацавана румпа, якая надае адваротнаму боку кафлі выгляд адкрытай каробкі. З дапамогай гэтай румпы кафля і мацавалася да печы. Галоўным адрозненнем паміж імі выступае тое, што вонкавая пласціна адной з іх пакрыта зялёнай палівай, другая ж – тэракотавая, і таму, безумоўна, таннейшая і прасцейшая ў вытворчасці.

І ўсё ж, у першую чаргу, увагу да сябе прыцягваюць вельмі жывыя выявы экзатычных жывёл, пад якімі невядомы нам аўтар кафлі, верагодна, разумее львоў. Невядома, ці бачыў ён калі-небудзь льва ўжывую, але пэўныя характэрныя рысы гэтага драпежніка – калматая грыва, вышчараная пашча, кіпцюрастыя лапы – ім былі дасканала перададзены. Аднак пры агульным падабенстве вобразаў, выявы львоў маюць сваю добра заўважную індывідуальнасць, што міжвольна наводзіць на думку пра тое, што над імі працавалі два асобныя майстры.

Трэцяя кафля адрозніваецца ад папярэдніх як формай, так і малюнкам. Яна датуецца сярэдзінай XVII стагоддзя і змяшчае на вонкавай пласціне выяву герба каталіцкага манаскага ордэна кармелітаў босых: на ўвянчаным каронай шчыце адлюстраваны стылізаваная гара Кармель з крыжам і трыма зоркамі. Гара Кармель (што ў Святой Зямлі) прысутнічае на гербе невыпадкова – менавіта на яе схілах у эпоху крыжовых паходаў і склалася манаская суполка кармелітаў, а вось тры зоркі могуць сімвалізаваць як тры манаскія зарокі (цнота, паслушэнства і беднасць), так і тры багаслоўскія дабрачыннасці (вера, надзея, любоў). На жаль, верхняя частка кафлі захавалася дрэнна, з-за чаго амаль не бачны яшчэ адзін цікавы элемент герба – рука, якая трымае вогненны меч (згадка пра перамогу прарока Іллі над паганскімі жрацамі на гары Кармель).

Дадзеная кафля, відавочна, была выраблена адмыслова для манастырскіх печаў кляштара кармелітаў босых, актыўнае будаўніцтва якога вялося ў Глыбокім у сярэдзіне XVII стагоддзя. Гэты буйны кляштар, гісторыя якога скончылася толькі ў 1860-х гадах, аказаў досыць вялікі ўплыў на развіццё колішняга мястэчка. Дастаткова нагадаць, што менавіта былы кармеліцкі храм зараз займае глыбоцкі сабор Ражджаства Прасвятой Багародзіцы – адна з самых велічных святынь Віцебшчыны. Што ж датычыцца першых двух керамічных плітак, то яны могуць адносіцца як да кармеліцкага кляштара, так і да больш ранняга ўмацаванага двара мясцовага роду Корсакаў, на месцы якога, як лічыцца, будаваўся кляштар.

Не выклікае сумнення, што згаданая кафля мае непасрэднае дачыненне да гісторыі Глыбокага і з’яўляецца важным сведчаннем мінуўшчыны горада.

І. ФЁДАРАЎ, навуковы супрацоўнік Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея.

телеграм

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2024

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru