Сёлета 14 лютага глыбачане Аляксандр і Вольга Русакі адзначаюць крыштальнае вяселле. Пятнаццаць гадоў назад маладыя людзі аформілі шлюб у Глыбоцкім ЗАГСе і з таго часу, сэрца да сэрца, рука ў руцэ, крочаць па жыцці разам.
Лёс вадзіў Сяргея і Вольгу блізкімі дарогамі. Абое ў адзін час вучыліся ў Глыбоцкім СПТВ-168 і, як не дзіўна, ні разу не сустрэліся. Бачыліся маладыя людзі і ў гасцях у агульнага знаёмага. Пасядзелі, пагаварылі і разышліся. Зблізіла іх сумесная праца: знаёмы папрасіў Сашу дапамагчы падрамантаваць пакой у інтэрнаце, дзе жыла Оля. Дапамагаў хлопец дзяўчыне ў вольны ад работы час: бяліў столь, устанаўліваў тэлевізійную антэну, складаў купленую мэблю. Працаваць Саша не ленаваўся, да работы быў здатны. Недарэмна ж у вучылішчы атрымаў універсальныя рабочыя прафесіі слесара-рамонтніка, зваршчыка, трактарыста, як аказалася, запатрабаваныя і ў бытавым асяродку, і ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасці. Оля, якая вывучылася на гароднінавода, швачку і повара, таксама паказвала свае здольнасці: частавала маладога чалавека прыгатаванымі прысмакамі. «Тады і паклалі адзін на аднаго вока. Такі майстар у хаце на вагу золата», – думала дзяўчына. «Мне б такую гаспадыню, якая так смачна корміць», – думаў хлопец.
Але і пасля гэтых «рабочых» сустрэч яны не сышліся. Падзеі развіваліся хоць і не так цягуча, як у мексіканскіх серыялах, але і не так хутка, як хацелася б. Дзве адзінокія душы, якія ўжо спазналі балючыя растанні, не адразу даверыліся адзін аднаму. Дапамаглі ім у гэтым цярпенне, узаемнае жаданне наладзіць уласнае жыццё, светлае пачуццё закаханасці, Оліны намёкі, цешчына дыпламатыя і…
– І школьная варажба, – жартуе Саша. – Я быў у класе восьмым. Ішлі неяк з сябрамі дамоў, і тут некаму прыйшла думка паваражыць на імёны будучых жонак. Нарвалі мы крапівы і сцёгалі ёй сабе па руках трынаццаць разоў. Я добра памятаю, што з крапіўных пульхіроў на маёй руцэ склалася імя Оля.
Жарты жартамі, але, бадай, самым важным аргументам узаконіць адносіны стала цяжарнасць маладой жанчыны.
– Я тады працаваў на камбікормавым заводзе, і мяне адправілі на курсы. Прыязджаю дамоў, а тут сюрпрыз мяне чакае: Оля сказала, што ў нас будзе дзіця, – успамінае Аляксандр, і яго твар святлее.
– Я баялася, што Саша не захоча браць на сябе адказнасць, думала, што развернецца і пойдзе. А ён узрадаваўся! І мы задумаліся над датай рэгістрацыі шлюбу, – расказвае Вольга. – Нам сказалі ў ЗАГСе, што ўсе бліжэйшыя дні, акрамя 14 лютага, разабраныя пад рэгістрацыю, мы і згадзіліся. У нас было ўсё проста. Распісаліся, пярсцёнкамі абмяняліся, пасядзелі ўдваіх у кафэ, а тады паехалі да маёй мамы ў Шаркаўшчыну. Яна прыгатавала святочны стол.
2009 год стаў удвая шчаслівым для Аляксандра і Вольгі: у іх нарадзіўся першынец, сын Сярожка, праз год – дачушка Анжэла. Праз чатыры гады Вольга “пайшла” за трэцім, а дамоў прыехала з двайняткамі Валерыяй і Анечкай.
Як прызнаюцца бацькі, яны самі не заўважылі, як дзеці выраслі: Сяргей вучыцца ў восьмым, а Анжэла – у сёмым класе раённай гімназіі. Абое любяць маляваць, займаюцца ў дзіцячай мастацкай школе імя Я. Драздовіча. Сяргей, якому падабаецца тэхніка, хоча стаць вадзіцелем, а Анжэла – дызайнерам інтэр’ераў. Валерыя і Аня вучаніцы СШ№1 імя П. Сухога. Любяць музыку, маляванне, беларускую мову. Валерыя займаецца танцамі, удзельнічае ў школьных, гарадскіх і раённых мерапрыемствах. Дзяўчынкі-шчабятушкі яшчэне думаюць пра дарослае жыццё, бо ім цёпла і ўтульна побач з мамай і татам.
Дом у дзяцей асацыіруецца з цяплом, святлом і пяшчотай. Для старэйшых – ён яшчэ і школа жыццёвай мудрасці, якой вучыць іх строгая і патрабавальная мама. А для малодшых – гэта месца забаў і жартаў, на якія здатны тата.
Калі загаварылі пра дом, размова сама сабой пераключылася на прэферэнцыі, якія атрымліваюць ад дзяржавы шматдзетныя сем’і.
– Спачатку мы здымалі кватэру, затым падышла чарга і нам далі сваю, трохпакаёвую! Гэта шчасце – мець уласнае жыллё, абстаўляць яго, адчуваць сябе гаспадарамі! Муж працаваў, я атрымлівала дзяржаўную выплату на дзяцей, бабулі дапамагалі прадуктамі і рублём, таму крэдыт выплачвалі без праблем. Калі нарадзіліся двайняткі, дзяржава поўнасцю спісала нам астатак нявыплачанай сумы, і гэты падарунак мы надта цэнім. Мы ў сацыяльным плане абаронены на ўсе 100 працэнтаў,– сцвярджае гаспадар і прыводзіць важкія аргументы. – Мы атрымліваем дзяржаўныя субсідыі на аплату газавага ацяплення, вады, электраэнергіі.
– Валерыі, якой патрэбна лячэнне, кожны год дзяржава дае бясплатную трохтыднёвую пуцёўку на аздараўленне. Летась, напрыклад, былі з ёй у санаторыі на Брэстчыне. Пражыванне і харчаванне для яе і мяне бясплатнае, толькі білеты за свае купляем, – уключаецца ў размову Вольга. – У школе для ўсіх дзяцей бясплатныя падручнікі. За харчаванне Сярожкі і Анжэлы плоцім па 50% ад сумы, а для малодшых абеды бясплатныя. Кожны год атрымліваем дзяржаўную сацыяльную адрасную дапамогу. Саша працуе на мясакамбінаце, заробкі невялікія, але іх не затрымліваюць. Мужа цэняць і паважаюць на вытворчасці.
Галоўнае для мужа і жонкі, што іх каханне не разбілася аб жыццёвыя будні, у якіх былі і слодыч, і горыч; што разумеюць адзін аднаго з паўслова; што Бог падарыў ім чатыры шчасцейкі, імя якім – любыя дзеці; што бацькі рыхтуюць іх да самастойнага жыцця і хочуць, каб усе выраслі прыстойнымі людзьмі і сваёй працай аддзячылі дзяржаве за ахінёнае клопатам дзяцінства.