“У вёсцы Шуневічы ведалі: раз пачаўся вывад войск з Афганістана, значыць, Мікалай Грыцкевіч хутка будзе дома. Больш за ўсіх хвалявалася маці Галіна Піліпаўна. Бацька, адзін з лепшых механізатараў саўгаса імя “Энгельса”, таксама хваляваўся, але трымаў сябе ў руках, як мог, супакойваў жонку. Другі сын Сяргей, які таксама выконваў інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане, казаў бацькам: “Усё будзе добра, вернецца наш Мікалай”. І вось аднойчы ў светлы, сонечны майскі дзень першымі ўбачылі на ўскрайку вёскі стройнага салдата з баявымі медалямі на грудзях усюдыісныя хлапчукі-першакласнікі. Шмат было цёплых сустрэч на роднай зямлі ў воіна-інтэрнацыяналіста Мікалая Грыцкевіча, але самая жаданая і доўгачаканая – сустрэча на парозе бацькоўскай хаты”. Такі подпіс да фотаздымка, змешчанага ў №135 за 12 чэрвеня 1988 года ў газеце “Звязда” зрабіў яе фотакор М. Амельчанка. На ім – Мікалай Грыцкевіч, які вярнуўся з Афганскай вайны, з бацькамі і братам Сяргеем на ганку роднай хаты ў Шуневічах. Гэтую пажаўцелую газету, як каштоўную памятную рэліквію, Мікалай Іванавіч беражліва захоўвае ў сваіх архівах да цяперашняга.
Мікалай Грыцкевіч нарадзіўся і вырас у Шуневічах, у сям’і, дзе акрамя яго гадаваліся старэйшы брат Міхаіл і малодшы Сяргей. Мікалай быў хлопец старанны. У школе аднолькава добра яму даваліся і дакладныя, і гуманітарныя прадметы. З залатым медалём скончыў СШ№1 горада. Без праблем паступіў на факультэт робатаў і робататэхнічных сістэм у Беларускі палітэхнічны інстытут (цяпер БНТУ). Закончыў першы курс, і па спецпрызыву ў ліпені 1986 года яго забралі ў армію: здаў экзамены і апрануў салдацкі бушлат. Учарашні студэнт змяніў аўтаручку на зброю, лекцыі па спецыяльнасці – на тэорыю ваеннай падрыхтоўкі. Вучэбку праходзіў у Паўлаўску пад Ленінградам, дзе была фізічная і агнявая падрыхтоўка, дзе “зубрылі” азбуку Морзэ, бо рыхтавалі для службы ў радыётэхнічных войсках. Камандзіры казалі, што адных прызыўнікоў адправяць на Кубу і ў Афганістан, другіх – у воінскія часці па Саюзе.
Думка пра тое, што яго адправяць у гарачую кропку, у Мікалая закралася падчас паўторнага праходжання медкамісіі. Пра сітуацыю ў Афганістане хлопец ведаў ад брата Сяргея, які з восені 1983 года да вясны 1985-га служыў там у мотастралковых войсках. Яго расказы адрозніваліся ад той інфармацыі, якую чуў па тэлевізары. Брат на свае вочы бачыў, як “дружалюбна” сустракалі афганцы савецкіх салдат, як стралялі і рэзалі тых, хто, на іх думку, прыйшоў са зброяй у руках наводзіць парадкі ў чужой краіне, як гінулі, станавіліся калекамі маладыя хлопцы на той крывавай, нікому не патрэбнай вайне.
– У кожнага салдата ў групе, дзе было 37 чалавек, камандзіры пыталіся, ці хоча ён служыць у Афганістане. Можна было адмовіцца, але ж сорамна перад саслужыўцамі, бо, выходзіць, хаваешся за чужымі спінамі. Я згадзіўся. З аэрадрома Пулкава на грамадзянскім самалёце нас даставілі ў Ташкент, адтуль – на перасыльны пункт у Чырчык, дзе сабраліся каля шасці тысяч савецкіх салдат з розных воінскіх часцей, якія чакалі, калі адкрыецца мяжа Саюза з Афганістанам, закрытая на лістападаўскія святы. Да Кабула нас пераправілі на ваенным ІЛ-76 і прывезлі ў ваенны гарадок Хайр-Хана, што азначае па-руску “Цёплы стан”, размешчаны ў прыгарадзе сталіцы. Там і пачаліся мае афганскія будні, – расказвае Мікалай Грыцкевіч.
Радавы Грыцкевіч служыў у батальёне радыёперахопу 254-га асобнага радыётэхнічнага палка асобага прызначэння, які вёў радыётэхнічную разведку і радыёэлектронную барацьбу і падпарадкоўваўся начальніку разведкі 40-й арміі. Яго саслужыўцамі былі студэнты розных ВНУ. Па чарзе хадзілі ў нарады, стаялі ў варце, заступалі на дзяжурствы. Аператарам трэба было ўважліва слухаць “эфір”, не прапусціць ніводзін сігнал, усё запісаць, атрыманыя шыфроўкі адправіць камандзірам, якія іх “чыталі” і прымалі меры аператыўнага рэагавання.
Правільна казалі, што радыёсувязь – гэта нервы арміі, што ад іх надзейнасці залежыць поспех агульнавайсковай справы. З 26 афганскіх правінцый 14 знаходзіліся пад пастаянным назіраннем рот сувязі і радыётэхнічнай разведкі, манеўраных груп асобных радыёпеленгатарных і радыётэхнічных цэнтраў палка, якія размяшчаліся ў Газні, Шындадзе, Кандагары, Баграме, Джалалабадзе, Кундузе, Асадабадзе. Усе мерапрыемствы 40-й арміі, уключаючы суправаджэнне тылавых калон, праходзілі з абавязковым удзелам радыёсувязістаў. Дзякуючы, здавалася б, нябачнай рабоце аператараў, якія ў любы час сутак завучана выбівалі марзянку, удавалася папярэдзіць ці перахапіць ініцыятыву пра нападзенні на савецкія гарнізоны і калоны, не дапусціць дыверсійна-тэрарыстычных акцый, ускрыць маршруты руху караванаў душманаў, якія перавозілі зброю, боепрыпасы і наркотыкі, перадыслакацыю “духаў”, выявіць месцы засад і сустрэч главароў банд-фарміраванняў, агентаў у дзяржаўных органах і штабах нацыянальных узброеных сіл Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан.
– Афганская вайна асаблівая ў тым плане, што там не было размежаванай лініі фронту і выяўнага праціўніка. Лінія фронту ў любы момант магла ўзнікнуць там, дзе знаходзіўся кожны з нас. Небяспека чакала на кожным кроку. Месцы дыслакацыі нашых войск часта абстрэльвалі душманы, якія хаваліся ў гарах, трымалі ў пастаяннай напрузе снайперы, і калі мы перахоплівалі іх радыёсігналы, вызначалі месцы ўстаноўкі агнявых кропак, артылерысты выганялі “Грады”, 20-ствольныя ўстаноўкі накшталт “Кацюш”, і тыя за лічаныя хвіліны “накрывалі” душманскіх стралкоў. Здавалася, горы плавіліся ад агню. І рассыпаліся ў пыл ад узрываў. Не раз хаваліся ад варожых абстрэлаў і мы, але нашы страты былі непараўнальнымі са стратамі іншых відаў войск: за паўтара года службы з пяціста чалавек, якія служылі ў палку, загінулі чацвёра, – канстатаваў факты Мікалай Іванавіч.
Мікалай Грыцкевіч добрасумленна выканаў воінскі абавязак. Быў узнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі“ за ўмелыя, ініцыятыўныя і смелыя дзеянні, звязаныя з рызыкай для жыцця, якія садзейнічалі поспеху баявых аперацый абмежаванага кантынгенту савецкіх войск у Афганістане, і “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”.
– Дні службы прайшлі, я вярнуўся ў родныя Шуневічы. Сустрэча з мамай, якая тры гады з невялікім перапынкам чакала нас з братам з вайны, з бацькам, які не мог стрымаць слёз радасці, з братам, маладосць якога таксама апаліла вайна, была самай светлай і незабываемай. Бацькоў ужо няма, а я дагэтуль памятую тую нядзельную раніцу 6 мая 1988 года.
Пасля арміі Мікалай скончыў ВНУ, атрымаў дыплом інжынера-энергетыка. Працаваў па спецыяльнасці ў саўгасе “Ціміразева”. З 2001 года да цяперашняга часу – у філіяле “Энергазбыт” Глыбоцкага аддзялення РУП “Віцебскэнерга”, ён начальнік групы па рабоце са спажыўцамі электраэнергіі. З улікам службы ў Афганістане, год якой залічваўся за тры, мае больш за 35 гадоў працоўнага стажу. Мікалай Іванавіч паважаны на рабоце чалавек, любімы муж, бацька і дзядуля, які, як усе мы, хоча, каб дзеці і ўнукі заўсёды жылі пад мірным небам.