Аляксей Абрамчык расказаў, як аграрыі Глыбоччыны рыхтуюцца да вясенніх палявых работ

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 4,00 из 5)
Загрузка...

Працаўнікі аграрнай галіны актыўна вядуць падрыхтоўку да вясенніх палявых работ. Першачарговая задача: завяршыць рамонт энерганасычаных трактароў, глебаапрацоўчых і пасяўных агрэгатаў. Ход рамонтных работ знаходзіцца на пастаянным кантролі кіраўніцтва нашага раёна, спецыялістаў раённых служб аграрнай галіны. Пра тое, як ладзяцца справы напрадвесні ў хлебаробаў Глыбоччыны, гутарым з першым намеснікам старшыні райвыканкама – начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксеем АБРАМЧЫКАМ

– Аляксей Гардзеевіч, як на цяперашні час ацэньваеце стан гатоўнасці сельскагаспадарчай тэхнікі ў гаспадарках раёна?

– Па шэрагу параметраў дасягнута амаль стопрацэнтная гатоўнасць. Што ў дачыненні, скажам, да энерганасычаных трактароў і пасяўных агрэгатаў, то яны адносяцца да складанай тэхнікі, якая патрабуе больш скрупулёзнага і больш доўгага рамонту, чым, скажам, тыя культыватары ці плугі. Ужо на пачатак лютага многія механізмы і агрэгаты на 90 і больш працэнтаў былі гатовы да работы.

На сённяшні дзень (7 лютага. – А. З.) да правядзення вясенніх палявых работ гатовы 84% энерганасычаных трактароў. 11 знаходзяцца ў рамонце: два з іх на мехдварах гаспадарак, а 9 адпраўлены на спецыяльныя рамонтныя пункты. Энерганасычаныя трактары з сельгасфіліяла “Прошкава”, сельгаспрадпрыемства “Мнюта” і аграпрамаб’яднання рамантуюцца ў Глыбоцкім аграсэрвісе. У Заходне-Дзвінскім міжраённым аграсэрвісе (Віцебск) заменены няспраўныя рухавікі замежнай вытворчасці на расійскія на трактарах з сельгаспрадпрыемстваў “Азярцы” і “Мярэцкія”. Чакаюць там сваёй чаргі трактары “Беларус-3022” з УП “Канстанцінаў Двор” і “Беларус-3522” – з УП “Мярэцкія”. Апрача гэтага на Віцебскі маторарамонтны завод дастаўлены чатыры рухавікі і пяць каробак перамены перадач. І гэта ўсё, што датычыцца энерганасычаных трактароў.

На спецыяльным рамонтным пункце Глыбоцкага райаграсэрвіса рамантуюцца плугі, дыскатары, камбінаваныя пасяўныя агрэгаты. На цяперашні час завершаны рамонт глебаапрацоўчай тэхнікі з ААТ “Сельцы”, сельгасфіліяла “Прошкава”. На чарзе па некалькі адзінак такой тэхнікі з дзяржпрадпрыемства “Азярцы” і ААТ “Залатая падкова”.

Глыбоцкі райаграсэрвіс таксама аказвае паслугі па рамонце агрэгатаў, прызначаных для ўнясення мінеральных угнаенняў. У Верхнядзвінскім райаграсэрвісе, які спецыялізуецца на рамонце такой тэхнікі, рамантуюцца паўнакамплектныя апырсквальнікі з УП “Канстанцінаў Двор” і ААТ “Сельцы”.

Як толькі растане снег, першымі на палі выедуць агрэгаты па ўнясенні вадкіх мінеральных угнаенняў “Раса”. На сёння іх гатоўнасць складае амаль 100%. З 15 такіх самаходных агрэгатаў у няспраўным стане ўсяго толькі адна “Раса” ў сельгаспрадпрыемстве “За Радзіму”. Да канца тыдня і яна будзе адрамантавана – устанаўліваецца рухавік.

Культыватары, можна лічыць, адрамантаваны на 100%. З 82 плугоў гатовы 78 адзінак (95%). З чатырох, што засталіся, даводзяць да ладу ў райаграпрамаб’яднанні і УП “Галубічы”. І такім чынам, хоць сёння можна прыступаць да ўзорвання глебы.

– Дзейсная дапамога аказваецца гаспадаркам раёна з боку райвыканкама, Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.

– Так, падрыхтоўка да вясенне-палявых работ – галоўны гаспадарчы клопат. Што ў дачыненні да энерганасычаных трактароў, то на іх рамонт значная фінансавая дапамога аказваецца з абласнога бюджэту. З раённага бюджэту на набыццё запчастак для рамонту менавіта прычапной глебаапрацоўчай тэхнікі і насення траў выдаткавана амаль 300 тысяч рублёў. Пад гарантыі Глыбоцкага МКК закуплена запчастак для сельскагаспадарчай тэхнікі на суму 340 тысяч рублёў, райаграсэрвісам – на 80 тысяч рублёў.

Дзесьці на 50% рамонт трактароў і глебаапрацоўчай тэхнікі арганізаваны непасрэдна на месцах, у гаспадарках. Часткова дапамагаюць гаспадаркам у рамонце тэхнікі замацаваныя, у адпаведнасці з распараджэннем райвыканкама, шэфскія арганізацыі і прадпрыемствы, якія маюць адпаведную рамонтную базу і спецыялістаў. У ліку такіх – малочнакансервавы камбінат, мясакамбінат, камбікормавы завод, Глыбоцкі доследны лясгас і Дзвінская лесадоследная станцыя НАН Беларусі, аўтапрадпрыемства №16, дзяржаўны каледж…

– У якіх гаспадарках найбольш паспяхова ладзяцца справы?

– Трэба аддаць належнае, усе жывуць клопатамі пра будучы ўраджай, жаданнем правесці веснавыя палявыя работы арганізавана і ў аптымальныя тэрміны. Хацелася б адзначыць старанне кіраўніцтва, інжынернай службы і механізатараў райаграпрамаб’яднання, дзе ўжо зараз каля 90% тэхнікі можна выводзіць на палі, ААТ “Залатая падкова”, УП “Мярэцкія”, ААТ “Сельцы”, дзяржпрадпрыемстваў “Азярцы” і “ЛомашыАгра”. Па некаторых параметрах дасягнута стопрацэнтная гатоўнасць тэхнікі.

– Сёлета падрыхтоўка да веснавой пасяўной кампаніі вядзецца з апярэджаннем графіка.

– Так, у параўнанні з леташнім, тэмпы рамонту тэхнікі намнога паскорыліся. Добры задзел зроблены яшчэ да Новага года, своечасова былі аформлены дэфектныя акты, вызначаны крыніцы фінансавання, спланавана, дзе якая тэхніка будзе рамантавацца. У лістападзе-снежні ўжо накіроўвалі тэхніку на спецыяльныя рамонтныя пункты.

Добра адрамантаваная тэхніка – адно з важных складаемых будучага ўраджаю. Таму важна ў гэтыя перадвясновыя дні давесці да ладу ўсе самаходныя механізмы і прычапныя агрэгаты. А як пакліча вясна на палеткі, упэўнены, хлебаробы Глыбоччыны будуць працаваць з вялікай адказнасцю, з радасцю і любоўю да роднай зямлі.

– Дзякуй за размову!

телеграм

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2024

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru