У Глыбоцкім Доме рамёстваў працуе выстава глыбачанкі Алесі Маёравай “Душа падказала – рукі зрабілі”

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (7 оценок, среднее: 4,86 из 5)
Загрузка...

Глыбачанка Алеся Маёрава з дзяцінства любіла рукадзельнічаць. На школьных уроках працы з задавальненнем шыла, вязала і вышывала. Была ў ліку лепшых навучэнцаў Глыбоцкага прафтэхвучылішча, дзе атрымала спецыяльнасць “гаспадыня сядзібы”. Акрамя таго, займалася бісерапляценнем, спрабавала шыць і вязаць лялек… Але, як прызнаецца, усе гэтыя захапленні праз пэўны час ужо не прыносілі задавальнення. Так было, пакуль Алеся не ўбачыла ў сеціве майстар-клас па вырабе кветак з паперы.

– Пад рукамі на той момант былі нейкія чарнавікі, таму кветачкі атрымаліся даволі “сумнымі”, але мне так спадабаўся сам працэс, што я ўжо не магла спыніцца, – успамінае Алеся Уладзіміраўна. – Купіла спачатку каляровую крэпіраваную паперу, з цягам часу больш дарагую – гафрыраваную. З адной кветкі атрымліваюцца больш вытанчаныя, пяшчотныя. Затое другая падатлівая, гнуткая, добра трымае форму. Вельмі ўдзячная родным, што не стрымлівалі мае творчыя парывы. Матуля, пакуль я “вырошчвала” кветкі, дапамагала ў хатніх справах, муж і сын проста не перашкаджалі.

Жанчына так захапілася, што не заўважыла, як кватэра ператварылася ў сапраўдны батанічны сад, дзе адначасова, нягледзячы на надвор’е за акном, цвілі рамонкі, васількі, пралескі, дзьмухаўцы, герберы, каралеўскія лілеі, макі, крокусы, нарцысы і ружы…

І нечакана перад рукадзельніцай паўстала другое пытанне: як прыгожа аформіць кветкі ў букеты, каб іх можна было, напрыклад, падарыць? Так Алеся адкрыла для сябе яшчэ адзін цікавы занятак – пляценне з папяровай лазы.

У мінулым годзе ў цэнтральнай раённай бібліятэцы Алеся Уладзіміраўна прэзентавала сваю творчасць на першай выставе, якая называлася “Папяровыя фантазіі”. А напрыканцы студзеня ўжо другая па ліку выстава глыбачанкі пад назвай “Душа падказала – рукі зрабілі” адкрылася ў Глыбоцкім Доме рамёстваў. Год таму наведвальнікі захапляліся творчасцю майстра і адзначалі, што кветкі здалёк немагчыма адрозніць ад жывых. Пялёсткі, песцікі і тычынкі выглядаюць так натуральна, што хочацца абавязкова да іх дакрануцца, каб упэўніцца: і сапраўды з паперы! І такая высокая адзнака творчасці, як прызналася Алеся Уладзіміраўна, вельмі натхняе.

– Мы рады, што ў дружным калектыве народнай студыі народных майстроў народна-мастацкіх рамёстваў “Крыніца” з’явіўся яшчэ адзін сябра, – гаварыла падчас адкрыцця выставы кіраўнік студыі Святлана Кавальчук. – Алеся Уладзіміраўна ўзяла хуткі тэмп, і нам вельмі цікава назіраць, як яна развіваецца. Так трымаць! Жадаем натхнення і ўдалага ажыццяўлення творчых задумак.

телеграм

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2025

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru