З добрых навін пачаўся новы 2024 год для калектыву філіяла Глыбоцкі Дом рамёстваў. Загадчыку ўстановы Таццяне Карнеевай прысвоены статус “Народны майстар Беларусі” – самая высокая ўзнагарода для творцаў, якія адраджаюць традыцыйныя рамёствы. Такое рашэнне прынята напрыканцы снежня экспертнай камісіяй па народных мастацкіх рамёствах пад кіраўніцтвам доктара мастацтвазнаўства, старшыні Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўгена Сахуты. Такім чынам, на сённяшні дзень у нашым раёне чацвёра майстроў з ганаровым статусам “народны”. Раней яго былі ўдастоены Вера Байкова (ткацтва), Марыя Ермаловіч (саломапляценне) і Святлана Скавырка (роспіс па тканіне, маляваныя дываны).
Таццяна Гардзееўна працуе ў Доме рамёстваў дваццаць пяць гадоў. Кола яе творчых захапленняў вельмі шырокае. Кравец верхняга жаночага адзення і настаўнік працоўнага навучання па прафесіі, яна шые, вяжа кручком і на прутках, спрабавала займацца выцінанкай, ткала паясы… Але самым любімым заняткам была і застаецца вышыўка. Майстар асвоіла многія тэхнікі, у тым ліку старажытныя, сёння забытыя: вышывае наборам і процягам, якія імітуюць ткацтва, рознымі відамі гладзі, крыжыкам, за вытанчанасць любіць адну з самых складаных тэхнік – мярэжку.
Галоўная ж заслуга Таццяны Карнеевай у тым, што на працягу многіх гадоў яна займаецца аднаўленнем традыцыйнага строю Глыбоцкага рэгіёна, а гэта праца прадугледжвае найперш дасканалае вывучэнне асаблівасцей крою, дэкору, камплектацыі касцюма. Дарэчы, у 2017 годзе творчы калектыў Дома рамёстваў прадставіў на абласным конкурсе “Сцяжкі майстэрства” калекцыю глыбоцкіх строяў 19 – пачатку 20 стагоддзя і стаў уладальнікам Гран-пры.
На ацэнку экспертнай камісіі па народных мастацкіх рамёствах Таццяна Гардзееўна прадставіла шмат вышываных рэчаў, у тым ліку – калекцыю ручнікоў. Адзін паўтарае ўзор ручніка, знойдзенага падчас экспедыцыі ў вёсцы Забор’е. Другі – з геаметрычным чырвона-сіне-аранжавым арнаментам – са стараверскай царквы ў Ластавічах. Арыгіналы ручнікоў захоўваюцца ў фондах цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі.
У народнага майстра Беларусі Таццяны Карнеевай шмат творчых задум. Віншуем майстра з прысваеннем ганаровага статуса і жадаем, каб усё запланаванае ажыццявілася.