15 мая 1988 года з паўночных правінцый Афганістана былі выведзены першыя шэсць палкоў савецкіх войск, а 15 лютага 1989 года вывад войск быў канчаткова завершаны. Праз месяц споўніцца роўна 35 гадоў як была пастаўлена кропка ў крывавай Афганскай вайне. Але, нягледзячы на час, у душах салдат, што вярнуліся адтуль жывымі, да цяперашняга крывавяць душэўныя раны і болем адгукаюцца ўспаміны. У ліку воінаў-інтэрнацыяналістаў, чыя маладосць прайшла ваеннымі дарогамі, хто не раз адчуваў халоднае дыханне смерці і, перамагаючы страх, ішоў насустрач невядомасці, быў і Генадзь Апяцёнак.
Папшыцкі хлопец, як толькі падрос і ўвабраўся ў сілу, стаў першым памочнікам бацькі. Рана ўставаў, прыцемкам клаўся: араў і сеяў, касіў, грузіў уручную і перавозіў тоны сена. Як усе хлопчыкі, любіў тэхніку і з радасцю садзіўся за руль трактара, які давяраў сыну-старшакласніку бацька Станіслаў Бернардавіч. Скончыў Удзелаўскую школу. На інстытут не замахваўся: у вучэбна-вытворчым камбінаце пры СШ№1 у Глыбокім скончыў курсы трактарыстаў, ад ваенкамата вывучыўся на вадзіцеля, і лічыў, што гэтага дастаткова, каб зарабляць на хлеб. Уявіць сабе не мог, што па волі лёсу яму прыйдзецца замест руля трымаць у руках кулямёт, замест глыбоцкіх краявідаў разглядваць афганскія горы і даліны, замест спакойнага жыцця доўгія сямнаццаць месяцаў класціся спаць, не распранаючыся, уціскацца ў каменне і пясок падчас абстрэлаў, шаптаць малітву, прызываючы на дапамогу анёла-ахоўніка, і выконваць загады, якія часта адпраўлялі на смерць.
– Мяне прызвалі ў армію ў кастрычніку 1986 года. У Віцебск “купцы” з воінскай часці не прыехалі, таму з навабранцаў сфарміравалі каманду 20А, далі сухі паёк на чацвёра сутак, пасадзілі на цягнік Масква-Ташкент і адправілі, як я прыкінуў, у Сярэднюю Азію. У дарозе пазнаёміўся з землякамі: глыбачанінам Юрыем Обухам, Ігарам Федаровічам з Карабоў, Мікалаем Піскуновічам з Осава, які ўжо, на жаль, памёр, – успамінае Генадзь Станіслававіч. – Тры месяцы я знаходзіўся ў вучэбным дэсантным палку ў Фергане. За гэты час зрабіў тры скачкі з самалёта АН-2, узмоцнена займаўся стральбой, фізічнай падрыхтоўкай, удзельнічаў у маршкідках ва ўсёй амуніцыі і ў процівагазах. Цэлы месяц жалезнай загартоўкі прайшоў у вучэбным цэнтры ў Кіргізіі. У гарах разбілі палаткі, там жылі і трэніраваліся. Кожны дзень “прыступам” бралі сопкі: у ранец дэсантніка насыпалі камянёў, пяску, каб было цяжэй, і бягом падымаліся з гэтым грузам. Прычым, калі хтосьці адзін не ўкладваўся ў вызначаны час, па маршруце ўсе бегалі, пакуль адстаючыя не выканаюць нарматыў. Так нас вучылі працаваць у камандзе. Дажджом, холадам, без усялякіх скідак на надвор’е, па-пластунску па тых гарах поўзалі. Брудныя, мокрыя, галодныя. Я, дзякуючы вясковай працоўнай загартоўцы, у адстаючых ніколі не быў, а гарадскія хлопцы і мазолі на нагах да крыві націралі, і ў “хвасце” пляліся. Вымуштравалі ў вучэбцы нас добра, але гэтая загартоўка спатрэбілася. Пасля прыняцця прысягі нас выстраілі на пляцы, аб’явілі, што едзем у Афганістан, пыталіся, ці хочам там служыць. Выбар быў, я мог адмовіцца, як рабілі некаторыя, але не прывучаны хавацца за спіны іншых – даў згоду. Тады не было яшчэ разумення, што вайна – гэта не гульня і не трэніроўка, што адтуль можна не вярнуцца. Наадварот, прысутнічаў дух рамантызму, уласцівы маладосці.

У лютым 1987 кулямётчык Генадзь Апяцёнак у складзе трохсот савецкіх ваеннаслужачых прыбыў у Кабул, дзе чакалі змену дэмабілізаваныя. Там ён упершыню адчуў, што такое вайна: ахова аэрадрома была ў бронекамізэльках, са зброяй напагатове, бо ў любы момант мог пачацца абстрэл. Праз трое сутак Генадзя і яшчэ адзінаццаць яго саслужыўцаў ноччу адправілі ў горад Гардэс, што ў правінцыі Пакція непадалёк ад мяжы з Пакістанам.
– Два тыдні далі на акліматызацыю. Мы з цяжкасцю прывыкалі да лютаўскай спёкі, да халодных начэй, да вады, піць якую без спецыяльных дэзінфіцыруючых таблетак было нельга. І прырода тут была зусім не такая, як у Папшычах. Неба ўпіралася ў горы. Куды вокам не кінь – камяні і пясок. Ні васількоў беларускіх, ні рамонкаў: сухія калючкі і пучкі рыжай травы. Паветра і тое здавалася чужым, – расказвае Генадзь Апяцёнак. – Служыў я кулямётчыкам у першым узводзе чацвёртай роты другога батальёна дэсантна-штурмавой брыгады. Праз месяцы два службы трапіў пад мінамётны абстрэл. Прыліпаў целам да камянёў, зарываўся ў пясок. Перад вачыма за хвіліны, як у кіно, убачыў мамін твар, вёску родную, жыццё сваё кароткае… А затым перасіліў сябе і адкрыў кулямётны агонь. Побач “загаварыў” яшчэ нечы, адзін, другі, трэці кулямёт, і агнявыя кропкі душманаў паціху замоўклі. Выжыў і паверыў, што са мной нічога не можа здарыцца. І пасля ў падобных сітуацыях адзін з першых устанаўліваў кулямёт і, можна сказаць, выклікаў агонь на сябе, даючы магчымасць іншым заняць больш зручныя пазіцыі і ўступіць у бой. Вера ў Бога, маміны аплаткі і душэўныя пісьмы, якія яна мне прысылала, правялі мяне праз вогненнае жэрла і вярнулі дамоў жывым: я не быў ні паранены, ні кантужаны.
Радавы Генадзь Апяцёнак хадзіў у “духаўскія зоны”, сядзеў у засадах і затрымліваў караваны з наркотыкамі, што ішлі з Пакістана. Удзельнічаў у самай буйнай планавай агульнавайсковай аперацыі “Магістраль”, што праводзілася ў правінцыі Пакція ў зоне афганска-пакістанскай мяжы ў перыяд з лістапада 1987 па студзень 1988 года. Рэальныя падзеі таго часу ляглі ў аснову фільма рэжысёра Фёдара Бандарчука “9 рота”. Дэсантнікі тады выбівалі маджахедаў з горада Хост, дзе тыя планавалі стварыць альтэрнатыўную ісламскую дзяржаву і захапіць магістраль Хост-Гардэс, па якой ужо выводзілі ў Саюз савецкія войскі. Твар у твар бачыў смерць. На яго вачах падарваўся на міне, абясшкоджваючы яе, маладзенькі лейтэнант. –
Яму адарвала руку і нагу. Ён сцякаў крывёй, яму надта балела, прасіў даць укол. На верталёце мы даставілі яго ў шпіталь, але шанцаў выжыць не было. Яшчэ жывога аднеслі ў морг, дзе праз некалькі хвілін ён памёр. А было хлопцу ўсяго дваццаць чатыры гады, – голас майго суразмоўцы па мянушцы Жалезны задрыжаў, як павуцінка на ветры. – Не магу забыцца ўбачанае ў Газні. Праз гэты горад ляжаў шлях савецкіх войск на радзіму. Перш чым выехаць, нашы ваенныя саветнікі перадавалі прадстаўнікам афганскай дзяржаўнай арміі ваенныя гарадкі, матэрыяльна-тэхнічныя склады, зброю, амуніцыю, а затым калонай адправіліся ў дарогу. Душманы з засады ўшчэнт разбілі яе. Відовішча было не для слабанервовых: нашых афіцэраў духі расстралялі, аднаму загналі кол у горла. Дзясяткі трупаў валяліся на дарозе, зямля ў тым месцы была чырвонай ад крыві. Мы на верталётах МІ-8 паляцелі на падмогу: прачэсвалі бліжэйшы кішлак, узялі ў палон душманаў, але ж мёртвых ужо не падымеш…
Прайшоўшы вайну, я атрымаў медалі “Ад удзячнага афганскага народа” і “За баявыя заслугі”, Падзячную грамату Міністэрства абароны Рэспублікі Афганістан, дзе нас, воінаў-інтэрнацыяналістаў, назвалі салдатамі міру, а здзейснены подзвіг – сімвалам афгана-савецкай дружбы і баявога брацтва двух народаў, грамату воіну-інтэрнацыяналісту “за воінскую доблесць і мужнасць”.
За невялікія грошы, якія налічвалі нам у Саюзе, па вяртанні дамоў я купіў маме Яніне Антонаўне квяцістую хустку ў падарунак, якую яна носіць да цяперашняга, сабе – наручны швейцарскі гадзіннік “Сэйка” на сем мелодый. Але ўсё гэта дробязі. Самым дарагім падарункам і ўзнагародай для мяне стала жыццё, якое я, дзякаваць Богу і маміным малітавам, не аставіў у горным Афганістане.
Пасля арміі Генадзь ажаніўся. Разам з жонкай Нінай падняў на ногі сына і дачку, дачакаўся ўнучку. Ужо трыццаць пяць гадоў Генадзь Станіслававіч працуе ў Глыбоцкіх электрычных сетках. Пачынаў машыністам бульдозера ў службе ЛЭП, цяпер ён вадзіцель бурыльна-кранавага аўтамабіля. Праца звязана з пастаяннымі камандзіроўкамі, але гэта для яго ў радасць. Калектыў дружны, працоўнага чалавека тут паважаюць.
Мужчына не забывае родныя Папшычы, дзе жыве маці. Мае сваю тэхніку, апрацоўвае там агароды, сее зерне, садзіць бульбу. Тады-сяды ў вольны час дапамагае дачцэ і зяцю будавацца – чалавек шчаслівы, бо ў сваёй працоўнай стыхіі.
– Вайна не прайшла для мяне бясследна. Праз сем гадоў дала пра сябе знаць: я лячыўся і цяпер праходжу рэабілітацыю ў Віцебскім медцэнтры, пабудаваным для воінаў-афганцаў. Падтрымліваю сувязь з саслужыўцамі. Кожны год мы сваёй “афганскай” камандай, каб трымаць сябе ў добрай фізічнай форме, удзельнічаем у турыстычных злётах, займаем прызавыя месцы. А ў вольны час паміж спаборніцтвамі спяваем песні пад гітару, варым юшку на кастры, успамінаем маладосць. Хачу пажадаць маім паплечнікам па Афганскай вайне здароўя на доўгія гады, моцы духу і цела, радасці ў дзецях і ўнуках, каб яны жылі, не ведаючы вайны, гора, слёз і балючых успамінаў, ад якіх гадамі крывавіць душа, – сказаў на развітанне Генадзь Станіслававіч.
Каму, як не яму і сотням воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія прайшлі праз Афганістан, ведаць цану мірнаму жыццю?!