Маляваныя дываны – феномен народнай творчасці беларусаў. У 30-50-я гады мінулага стагоддзя іх можна было ўбачыць ці не ў кожнай сялянскай хаце. Маляванка не толькі ўпрыгожвала сціплы інтэр’ер, але была паказчыкам дабрабыту, своеасаблівым талісманам-абярэгам. Як вядома, гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва быў шырока распаўсюджаны на Глыбоччыне. Здараецца, і сёння мясцовыя жыхары знаходзяць маляваныя дываны на гарышчах вясковых хат.
Мінулым летам такую знаходку прынесла ў Глыбоцкі дом рамёстваў глыбачанка Марыя Фабіянаўна Карэпава. Яна расказала, што нядаўна прадала ў Запасніках бацькоўскую хату. Перш чым перадаць ключы новым гаспадарам, наводзіла парадак, пазбаўлялася ад старых рэчаў і знайшла на гарышчы маляваны дыван. Спаліць ці выкінуць такую прыгажосць у жанчыны не паднялася рука. Тым больш, што маляванка – пасаг яе матулі, Ганны Уладзіміраўны Канчэўскай.
– Гэтая маляванка мне адразу вельмі спадабалася. Паглядзіце, як гарманічна глядзяцца на тонкім, хутчэй за ўсё крамным ільняным палатне чорна-шэрага колеру напісаныя алейнымі фарбамі і ўжо пабляклыя ад часу кветкі. У гэтай прастаце ёсць свая прыцягальнасць, якую нельга растлумачыць, – расказвае Святлана Скавырка – метадыст Глыбоцкага Дома рамёстваў, якая шмат гадоў займаецца адраджэннем тэхнікі роспісу на палатне і маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я, за што ў 2016 годзе ёй было прысвоена ганаровае званне народнага майстра Беларусі. – Я чалавек вельмі ўразлівы, таму фантазія адразу перанесла мяне ў сярэдзіну мінулага стагоддзя. Уявіла, як маладзенькая дзяўчына збіраецца замуж і бацькі замаўляюць ей у падарунак маляванку. Хто ён, той мастак-самавучка? На жаль, мы ўжо ніколі пра гэта не дазнаемся, але магу сказаць, што ён (ці яна?) вельмі любіў маляваць і меў цудоўнае пачуццё густу. Аўтар палатна не прафесіянал. Сюжэт для маляванкі ён, хутчэй за ўсё, дзесьці падгледзеў, бо цэнтральны матыў на маляваных дыванах звычайна паўтараецца і ў абрамленні, тут жа мы бачым зусім розныя кветкі. Карацей, Святлана так натхнілася, што загарэлася ідэяй зрабіць рэпліку, надаць дывану, так бы мовіць, новае жыццё.
– Працэс стварэння маляваных дываноў і без таго доволі марудны, а я паставіла мэту зрабіць дакладную копію, таму праца расцягнулася на два месяцы, – расказала народны майстар. – Самая цяжкая і карпатлівая задача – пры дапамозе калькі і крухмалу перанесці малюнак на палатно. Затым наносіцца грунт і толькі потым можна браць у рукі пэндзаль і фарбы…
Святлана Скавырка адзначыла, што цяпер гэта самая вялікая маляванка ў яе калекцыі. Памер копіі поўнасцю супадае з памерам арыгінала – 1,80*1,60 м.
Цікава, што ўжо ў першыя дні працы нібы сама сабою нарадзілася назва твора – “На шчасце», бо маляванка была часткай пасагу.