Студзень высакоснага 2024 года для жыхара вёскі Доўгае Зябкаўскага сельсавета Аттона Янавіча Мядзвецкага – юбілейны: мужчына адзначыў круглы, двойчы залаты, важкі і прыгожы стогадовы юбілей з дня нараджэння. Салідная трохзначная лічба з двумя нулямі ўмясціла ў сабе гісторыю і сучаснасць: жыццё пры паляках і прыход у 1939 годзе саветаў, Вялікую Айчынную, пасляваенную сталіншчыну, калектывізацыю, “гарбачоўскі перыяд”, распад Савецкага Саюза, цяперашняе жыццё, у якім “ёсць усё – былі б грошы”. Аттон Янавіч быў і сведкам, і ўдзельнікам некаторых падзей. Час сцёр з яго памяці многія старонкі мінулага, але пакінуў успаміны пра ўласнае жыццё, у якім хапала і чорных, і шэрых, і светлых колераў.
Ад вёсак Каменка, у якой нарадзіўся Аттон Мядзвецкі, і Царкоўнае, дзе пазней жыла яго сям’я, засталіся адны назвы. А раней там кіпела жыццё: сем’і былі вялікія, сыны жаніліся, прывадзілі дамоў нявестак, тыя нараджалі ўнукаў. Жылі і дзяды, і бацькі, і маладыя пад адным дахам. Усім хапала месца на палацях, за сталом і ў полі.
У Яна і Гэлены Мядзвецкіх было сямёра дзяцей: чатыры сыны і тры дачкі. Аттон быў першынцам, і, прымаючы ва ўвагу той факт, што ён з’явіўся на свет пры Польшчы, бацькі далі яму такое замудронае імя, якое ў вёсцы ніхто выгаварыць не мог. Таму ў дзяцінстве яго звалі Антонам, а дарослага – з павагай Антонам Іванавічам.
– Мы жылі ў хаце дзеда. Ён сам зжыў дзвюх жонак, дзяцей меў многа, і ў нашай сям’і дзевяць чалавек – усіх накарміць нада. Беднавата жылося. У дзеда хоць і было пяць гектараў зямлі, але тры з іх – адны ўзгоркі ды нізіны, ворыўнай усяго два гектары – гэта капля ў моры на дваццаць чалавек. Каб пражыць, бацька са сваім канём наймаўся да людзей агароды рабіць. Плацілі не грашмі, а вырашчанай прадукцыяй: палову забіраў гаспадар, палову – бацька. Я быў самы старэйшы, таму ў гадоў трынаццаць ужо памагаў яму. Спачатку каня па барознах вадзіў, затым сам за плуг стаў. І касіў, і ў дровы ездзіў, – успамінае Аттон Янавіч. – У 1939 годзе, як прыйшлі саветы, так званых мясцовых кулакоў адправілі сем’ямі за Урал і ў Сібір. У вёсках пазаставаліся пустыя хаты, і бацьку праз сельсавет далі адну пад жыллё. Стала трохі вальней як з дзедам раз’ехаліся.
Пра вайну Аттон Янавіч памятае тое, што немцы ў Доўгім не стаялі, былі толькі праездам. Тады-сяды партызаны ў вёску прыходзілі, есці прасілі, але атрады іхнія былі далей, недзе аж за вёскай Шо і пад Ушачамі. Доўгае ўцалела: нікога немцы не расстралялі, хат не папалілі.
– Пасля вайны жылі, не шыкавалі. Зямля карміла. Цяжка было, але маладосць брала сваё. Збіраліся на вечарыны па хатах, танцавалі пад гармонік. Я з Фёклай з Доўгага пазнаёміўся і ў 1948 годзе ажаніўся. Сам – католік, яна – праваслаўная, але вянчаліся ў касцеле ў Празароках. Вяселле справілі: на стале было ўсё сваё: і самагонка, і закусь – свіней жа гадавалі, – расказвае мужчына. – У тым жа годзе мяне прызвалі на вучэбныя зборы ў Лепель: у танкавым экіпажы я быў зараджаючым. Вярнуўся і ўпрогся ў работу: сям’ю трэба было гадаваць, хату сваю будаваць. Да вайны я нідзе не вучыўся, на хлеб зарабляў, пасля вайны не да граматы было – так усё жыццё з мазаля і пражыў. Спачатку быў паляводам, тады працаваў рабочым на пілараме. Апошнія пятнаццаць гадоў перад пенсіяй даглядаў калгасных бычкоў. Далі мне аднаму статак на 60 галоў, і працаваў я, лічы, без выхадных і водпускаў. Бывала, жонка падмяняла на дзень-другі, але не жаночая гэта справа, бо надта цяжкая. Заробкі ў мяне тады былі добрыя, бо плацілі ад прываг, а я стараўся, даглядаў жывёлу, як сваю, таму і вынік меў. За добрыя прывагі мне ў Зябках уручылі сярэбраны медаль ВДНГ.
Калі спытала пра дзяцей, твар майго суразмоўцы азмрочыўся.
– У 1949-м жонка нарадзіла сына, але ён памёр пры родах. Праз год нарадзіўся сын Валерый. У Зябках скончыў восем класаў, у Празароках – дзесяцігодку. У Наваполацку вывучыўся за электрыка, а тады яго прызвалі ў армію. Вучэбку праходзіў у Печах пад Барысавам, служыў у Наваполацку. Вярнуўся дамоў і кажа нам з жонкай: “Я паступіў у Віцебскі ветэрынарны інстытут”. Аказалася, што “купцы” адтуль прыязджалі ў часць, і ён падаў дакументы на заатэхніка. Шэсць гадоў вучыўся. Там з жонкай сваёй пазнаёміўся, і на апошнім курсе яны пажаніліся. Вяселле ў нас было, а ў госці да сватоў у Бешанковіцкі раён мы з Фёклай, памятаю, на грузавой машыне, якую ў калгасе далі, ездзілі. Жылі, як усе. Валерый працаваў па спецыяльнасці ў вёсцы Мосар Ушацкага раёна. Там мой унук Коля нарадзіўся. Ці ж мы думалі, што адзінага сыночка прыйдзецца пахаваць? Валерый электрык, дома ўсю праводку сам рабіў. А тут пайшоў свет у хляве рабіць – і токам яго забіла. 47 гадоў было. Я ўсе здымкі са сцен паздымаў, толькі сынавы на кожнай аставіў, – вочы дзядулі затуманілі слёзы. – Жонка мая дагэтуль хварэла, сын яе ўсё па бальніцах вазіў. Ягоная смерць яе дабіла: памерла праз год, як не стала сына. Я ўжо дваццаць пяць гадоў без яе. Як маладзейшы быў, соткі сам садзіў, карову да 90 гадоў трымаў, пазней – коз, сам іх даіў. Пра жаніцьбу другі раз і не думаў, бо жонку любіў і сам не зломак быў, з жаночымі справамі спраўляўся: мыў, шыў, есці рабіў. Да нядаўняга часу чатыры соткі клубніц меў. Вяскоўцам, дачнікам прадаваў, вазіў на рынак у Полацк. І каля людзей пабуду, і рубель да пенсіі падзараблю. І рыбачыў гадоў да васьмідзесяці – возера ж, як кажуць, за парогам. Вудачкай лавіў, і мярэжы ставіў. Рыба пастаянна на стале была. Цяпер пастарэў, ні казы, ні курыцы не трымаю. На возера толькі з берага гляджу. Без работы цяжка, сумна, дні даўгія, – уздыхае дзядуля.
За жыццё Аттон Янавіч перанёс чатыры аперацыі, але, як ён кажа, дзякуючы ўрачам і нашай медыцыне, на нагах да цяперашняга. Нядаўна хадзіць не мог – урачы на ногі паставілі. Вочы перасталі глядзець – зрок мне вярнулі. Тэлевізар я слухаю, каб навіны трохі ведаць, а глядзець не магу, бо мітусіцца ўсё перад вачыма. Затое без акуляраў бачу, дзе “птушачку” ставяць у дакументах і распісваюся. Каб не сынава смерць, сказаў бы, што жыццё пражыў шчаслівае. Жыву на роднай зямлі, дзе такая прыгажосць! Каб невядома колькі заплацілі, роднае Доўгае не пакінуў бы. Дзякуй Богу, пенсію маю. Унук са мной жыве, дапамагае па дому, прадукты купляе то ў аўталаўцы, то ў магазіне ў Зябках. Сельсавет пра мяне клапоціцца. Аж з раёна прыехалі людзі высокіх чыноў павіншаваць мяне з юбілеем. Сёстры Аня і Ала, што жывуць у Наваполацку, – нас жывых усяго трое засталося, – пляменнікі, якіх у мяне некалькі дзясяткаў, не забыліся, віншавалі.
За што я ў Бога доўгі век заслужыў – не ведаю. Працаваў многа і нялёгка. Ніколі не курыў, выпіваў у меру ў святы. Усіх людзей добрымі лічу. Нікога не абгаворваю, не асуджаю, нікому не зайздрошчу, ніколі ні на каго не злуюся. Кладуся і ўстаю – дзякую Богу за кожны новы дзень, за адмераны век, за тое, што вучыў і вёў па жыцці.
Простыя словы доўгажыхара Аттона Мядзвецкага маюць глыбокі сэнс, пазнаць які пад сілу кожнаму чалавеку, і не толькі залатога ўзросту з серабром на скронях.