У Гісторыі многіх населеных пунктаў нашай краіны ёсць падзеі, успамін пра якія даецца з вялікай цяжкасцю. Сапраўды чорнымі днямі для аграгарадка Празарокі сталі 6-7 снежня 1941 года, калі гітлераўцамі было знішчана мясцовае яўрэйскае гета.
У былыя часы Празарокі мелі статус мястэчка, жыхары якога на працягу мінулых стагоддзяў займаліся не толькі сельскай гаспадаркай, але таксама рамяством і гандлем. Зараз ужо складана вызначыць час з’яўлення ў тых мясцінах першых яўрэйскіх пасяленцаў, але дакладна вядома, што да пачатку ХХ стагоддзя большасць насельніцтва Празарокаў складалі менавіта яўрэі.
Пацвярджэнне – перапіс насельніцтва 1921 года, згодна якому 134 з 255 местачкоўцаў належалі да яўрэйскай абшчыны. Мелася і ўласная сінагога, а таксама міква (будынак для рытуальных абмыванняў).
У 1930-я гады Празарокі імкліва развіваліся: брукаваліся вуліцы, мелася некалькі невялікіх прамысловых прадпрыемстваў, працавалі школа, пошта, аптэка і, канешне ж, шматлікія крамы. Некалькі разоў на год у мястэчку праходзілі бойкія кірмашы. Немагчыма перабольшыць ролю, якую адыгрывалі ў жыцці населенага пункта яўрэі, – іх прадпрымальніцкі талент працаваў на карысць мястэчка.
Паваротным момантам у паступальным развіцці паселішча стала Вялікая Айчыннай вайна. Празарокі былі захоплены нямецкімі войскамі ў самым пачатку ліпеня 1941 года, і праз пэўны час у былым мястэчку было ўтворана гета. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, да вайны тут жыло каля 40 яўрэйскіх сем’яў. Нягледзячы на тое, што празароцкім яўрэям дазволілі застацца ў сваіх хатах, вярнуцца да звыклага жыцця было ўжо немагчыма. Акупацыйныя ўлады пачалі з таго, што расстралялі трох яўрэяў. Верагодна, гэта была прадуманая акцыя запалохвання насельніцтва. Яўрэяў штодня накіроўвалі на цяжкія работы, іх правы былі істотным чынам абмежаваны, а рэгулярныя паборы заставаліся сумнай рэчаіснасцю да канца існавання абшчыны.
Гісторыя празароцкага гета аказалася адносна непрацяглай – яно стала першым знішчаным на Глыбоччыне гета, праіснаваўшы крыху болей за пяць месяцаў. 5 снежня 1941 года ў мястэчка прыбылі карнікі, да якіх далучыліся мясцовыя паліцаі. Разам яны пачалі зганяць яўрэяў у будынак школы, забараніўшы ім браць з сабой рэчы. Як сведчаць сучаснікі тых падзей, вечарам таго ж дня па Празароках пранесліся чуткі, што за мястэчкам капаюць вялікую яму. Яшчэ большую трывогу выклікаў загад з наступленнем цемнаты разысціся па хатах, зачыніць аканіцы і ноччу не выходзіць. Людзі разумелі, што рыхтуецца нешта жудаснае, але наўрад ці маглі разумець маштабы будучай трагедыі.
Відавочца ліквідацыі гета, С. Б. Плавінскі ўспамінаў, што раніца 6 снежня выдалася сонечнай, але падвор’і быццам вымерлі. У той дзень яму давялося апошні раз убачыць сваіх аднавяскоўцаў-яўрэяў. Сцяпан Баляслававіч сведчыў: “… праз шчыліну ў сцяне добра праглядалася чарада яўрэйскіх жанчын і дзяцей. Іх канваіравалі немцы. Калі журботнае шэсце стала зварочваць на вуліцу, што вяла да царквы, збоку Марусінскага лесу ўдарыў вінтовачны залп. Яшчэ праз некалькі секунд данёсся поўны адчаю і жаху крык – відаць зразумелі, што жыць ім заставалася нядоўга. Тым часам на вуліцы з’явілася яшчэ адна калона; і зноў ішлі толькі жанчыны і дзеці. Мы тады яшчэ не ведалі, што мужчын і падлеткаў, якія сабраліся ў школе, выводзілі полем у абход мястэчка пад узмоцненым канвоем. Яны ляглі ў яму першымі. Я глядзеў праз акно на тых, хто ішоў на смерць. Мне было пакутліва страшна, не давала спакою пытанне – што рабіць, калі чарга дойдзе да нас? Калі павядуць на расстрэл – будзе ўжо позна.”
Яшчэ адзін сведка трагедыі Франак Ігнатовіч згадваў, што ахвяр падводзілі да ямы групамі па чатыры чалавекі. Яны былі вымушаны раздзявацца, знімаць абутак і станавіліся на край ямы спіной да салдат. Гучала каманда, раздаваўся залп, і да ямы падганялі чарговую групу яўрэяў.
Некалькі маладых людзей паспрабавалі збегчы. Жыхарка Празарокаў Валянціна Францаўна Пірог распавядала, што яе сусед – 13-гадовы Мулька Палячок – ірвануў ад ямы да лесу. У яго стралялі, але не патрапілі, тым не менш у ачапленні знайшоўся малады, шпаркі паліцай, які дагнаў хлопчыка і вярнуў да месца расстрэлу. Найлепшую магчымасць на выратаванне меў 18-гадовы Тэўка Шапіра, якому ўдалося адарвацца ад праследавання. Аднак і яго праз некалькі гадзін нагналі і прывезлі назад.
Апошнімі ахвярамі карнікаў пры ліквідацыі гета сталі дзве сястры Якерсон, якія перажылі гібель роднай абшчыны на адзін дзень. Важна адзначыць, што 6 снежня 1941 года лёс празароцкіх яўрэяў падзялілі каля 60 яўрэяў з вёскі Зябкі і шэсць яўрэйскіх сем’яў з вёскі Язна (зараз – аграгарадок у Мёрскім раёне).
6-7 снежня 1941 года ва ўрочышчы Марусіна гітлераўцамі было знішчана каля 420 мірных жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці, што стала, верагодна, найбольш крывавай і чорнай старонкай у шматвекавой гісторыі Празарокаў.
У пасляваенныя гады на брацкай магіле быў усталяваны першы сціплы помнік, які ў пачатку 2000-х замяніў высокі валун з мемарыяльнай дошкай. А ў чэрвені пазамінулага года стараннем Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын, а таксама фонду імя Саймана Марка Лазаруса на магіле з’явіўся новы мармуровы помнік. Гэта падзея заслугоўвае найвялікшай павагі, бо наколькі горкай не была б памяць – яе варта захоўваць, калі справа датычыцца бязвінных ахвяр вайны. Магчыма, гэта дапаможа пазбегнуць іх у будучым.
І.Фёдараў, навуковы супрацоўнік Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнааг музея. Фота аўтара.