Майстар-рацыяналізатар з Жабінкі

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

На трасе, не даязджаючы да паварота на Азярцы, мы ўбачылі незвычайную тэхніку: матаблок, які, дзякуючы тэхнічным “наваротам”,  ператварыўся ў міні-трактар  з кабінай і прычэпам. За рулём гэтага цуда-транспартнага сродку сядзеў  такі ж цікавы і арыгінальны, як тварэнне яго рук, гаспадар, жыхар вёскі Жабінка Анатоль Гаўрыловіч.  Ахвотна і з гумарком ён расказаў пра свайго чатырохколавага памочніка, якога, як у той песні, зляпіў з таго, што было пад рукамі.

Кабіна  трактара  з бакоў і ззаду захінае  вадзіцеля  ад ветру і снегу. Лабавога шкла няма, але ж  гаспадар не ў ралі ўдзельнічае,  дзе галоўнае – хуткасць, а ездзіць па справах, на якія ў пенсіянера хапае часу. Спераду мотаблока прыварана металічная дуга, як у джыпа,  за ёй — тры вірлавокія фары. На раме, што злучае мотаблок з кабінай і прычэпам – “бардачок”.  Трактар —  двухмесны. Руль аўтамабільны. На кабіне ўстаноўлены светаадлюстравальныя  элементы, “мігалка”, як у спецтэхніцы, люстэркі бакавога віду. Нават таблічка з папярэджаннем, што вядзецца відэаназіранне ў кабіне ёсць. Прычэп з “нарошчанымі” бартамі, даволі ўмяшчальны для перавозкі грузаў.  Паглядзіш і ўбачыш, што ў ход ішло ўсё: дэталі ад даўнейшых жалезных ложкаў,  пральнай машыны, кавалкі бляхі і гумы, старой праводкі, шкло, веласіпедныя катафоты…І дзівішся, і захапляешся, і смяешся – на такіх працавітых дзіваках-вынаходніках свет трымаецца!

І гэта не адзіны экзэмпляр інжынерна-тэхнічнай творчасці Анатоля Анатольевіча. У гэтым мы пераканаліся, пабываўшы ў яго ў гасцях. Ён мае  адзін дамскі веласіпед з… аўтамабільным рулём, другі – з прываранай металічнай  сядушкай, на якую  падкладай падушачку і вазі ўнукаў-пасажыраў. З  металічнага каркаса дзіцячай каляскі,  чатырох колаў, два з якіх веласіпедныя, і з  кавалка  трубы зрабіў трымер. Коціш гэтую канструкцыю перад сабой, а ззаду – скошаная дарожка травы сцелецца. Самаробная лаўка ў двары, арэлі “пад дахам”, альтанка, дэкаратыўныя падстаўкі пад вулічныя кветкі – усё сам змайстраваў, прымодзіў.

Цікавым аб’ектам з’яўляецца “хатка-чытальня”, пабудаваная на прыясядзібным участку. Тут кнігі, карта Глыбокага, як карціна, у рамцы, старыя пласцінкі на… столі, бытавыя  даўнейшыя рэчы  — бязмен, вагі, лямпы,  “пазалочаны” тэлефон з гадзіннікам на адной падстаўцы… Пад застрэшкам – каромысел: гаспадар лоўка падчаплдяе  на яго два вядры і ідзе за вадой да калодзежа, упрыгожанага ажурнымі каванымі ўзорамі.

У хаце нас чакаў яшчэ адзін сюрпрыз: багаты архіў газетных публікацый “Весніка Глыбоччыны”, падпісчыкам якога Анатоль Гаўрыловіч з’яўляецца больш за сорак гадоў. Яны сабраны і пасартыраваны па раздзелах: сельская гаспадарка,  медыцына, міліцыя,  перадавікі вытворчасці, аўтатранспартнікі, народныя  ўмельцы раёна, святочныя мерапрыемствы, семінары, фестывалі, спаборніцтвы. Усё гэта гаворыць пра непадробны інтарэс  мужчыны да жыцця ў раёне,  у якім прайшло яго дзяцінства, юнацтва, да падзей у  калектывах прадпрыемстваў і арганіазцый, дзе некалі працаваў сам.

Анатоль Анатольевіч родам з Гваздова. Скончыў аж чатыры школы: пачатковую ў  Гваздове, васьмігодку – у Забеллі, 9 класаў у Мамаях, атэстат атрымаў у Азярэцкай СШ. Пасля яе заканчэння паехаў у Латвію. Паступіў у Рыжскі Чырвонасцяжны інстытут інжынераў грамадзянскай авіяцыі. Мог стаць  дыпламаваным спецыялістам па рамонце і абслугоўванні авіяцыйных рухавікоў, але не вытрымаў: сабраў лахі пад пахі і вярнуўся на бацькаўшчыну. Скончыў вадзіцельскія курсы ад ваенкамата ў СПТВ-168.  Служыў  вадзіцелем  у  ракетных войсках стратэгічнага прызначээння ў літоўскім Таўраге. Падчас тактычных вучэнняў зенітчыкаў  пабываў  на паліноге  Капусцін Яр у Астраханскай вобласці, да якога ад Гваздова больш за дзве тысячы кіламетраў. Мог застацца ў арміи, але малая радзіма, прыцягвала, як магнітам. Круціў баранку  ГАЗ-93, ЗІЛа з прычэпам, ГАЗ-53, вазіў галоўнага інжынера  Уладзіміра Галяка. Каля года  працаваў на прыгарадных рэйсах у аўтакалоне 2439 (цяпер АТП-16). Пяць гадоў быў вадзіцелем школьнага аўтобуса. Вазіў дзяцей на экскурсіі па ўсёй Беларусі.

Паўчвэрці стагоддзя Анатоль Гаўрыловіч адпрацаваў вадзіцелем-экспедытарам у Глыбоцкай райбальніцы. А калі ў  адзін год з жонкай Ядзвігай Антонаўнай выйшлі на заслужаны адпачынак, зразумеў, што спакойнае пенсіянерскае жыццё пасля столькіх гадоў раз’ездаў і паходаў,  не для яго. Таму, як і раней, садзіць соткі, майструе, будуе, рамантуе, чытае,  экперыментуе… Яго жыцёвы дэвіз – без работы – ні дня, ні хвіліны. І не важна, дзе чалавек жыве: у вялікім горадзе ці на хутары,  хто ён па прафесіі —  вадзіцель  ці інжынер,  якога ўзросту — малады ці пенсіянер – галоўнае,  што інтарэс да жыцця не патухае і  кожны дзень для яго –  новае адкрыццё сваіх магчымасцей.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2025

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru