Юрый Баброўскі: «Творчасць адганяе прэч балючыя думкі пра здароўе, займае час, напаўняе душу святлом і надзеяй»

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Юрый Баброўскі родам з Лаўцоў, цяпер жыве ў Дзеркаўшчыне. Нягледзячы на другую групу інваліднасці, звязаную з праблемамі апорна-рухальнага апарата, мужчына штодня ў пастаянным руху. Яго ўмелыя рукі дадуць рады любому спадручнаму матэрыялу. Пенапласт, бляха, папера, дрот, драўніна – нічога не прападзе: усё ператворыцца ў прыгожыя вырабы. Творчасць адганяе прэч балючыя думкі пра здароўе, займае час, напаўняе душу святлом і надзеяй.

Пасля школы Юрый хацеў вывучыцца на механіка, а стаў кінамеханікам. Выпускныя экзамены ў вучылішчы здаваў экстэрнам, бо прыйшла павестка ў армію. Служыў у Германіі. “Круціў” фільмы для салдат і афіцэраў, сам пераглядзеў усе навінкі, якія толькі-толькі выходзілі на экраны. Ужывую бачыў будучых зорак эстрады – тую ж Алу Пугачову, якая прыязджала з канцэртам у воінскую часць.

Пасля арміі скончыў Гарадоцкі тэхнікум, атрымаў спецыяльнасць электрыка. Працаваў у калгасе “17 Верасня”, Глыбоцкай сельгастэхніцы, на свінакомплексе “Маліноўшчына”. Вечарамі падпрацоўваў кінамеханікам.

Праз нейкі час пасля жаніцьбы Юрыю Браніслававічу і яго жонцы, настаўніцы Галіне Іванаўне, далі ад гаспадаркі дом у Дзеркаўшчыне. Закасаўшы рукавы, абое ўзяліся за рамонт і добраўпарадкаванне. А яшчэ трымалі гаспадарку, мелі каля трох гектараў зямлі, сваю тэхніку для яе апрацоўкі. Гадавалі дзвюх дачок і сына, дачакаліся траіх унукаў, дзялілі ціхае сямейнае шчасце на ўсіх пароўну. І раптам бяда – гаспадара напаткала хвароба.

Праблемы з суставамі ў Юрыя Браніслававіча пачаліся ў 2008 годзе. Спачатку была адна аперацыя, потым – паўторная, вынікам якой стала трэцяя, рабочая, група інваліднасці. Мужчына, не зважаючы на гэта, рабіў у доме рамонт, займаўся соткамі, быў упэўнены, што сучасныя медыцынскія тэхналогіі, прафесіяналізм урачоў і яго жаданне быць здаровым дапамогуць вылечыцца.

– Самым цяжкім для мяне быў 2019 год: за восем месяцаў мне зрабілі шэсць аперацый. А тут пачаўся COVID-19: бальнічныя сцены мяняў на дамашнія і наадварот. З цяжкасцю прыняў заключэнне медкамісіі, па выніках якой я стаў інвалідам другой групы. Але восенню яшчэ агароды парадкаваў. Прылаўчыўся, і ў кабіну трактара сам так-сяк залазіў. Цяжэй зімой: слізка, на мыліцах нікуды не выйсці, дзеці раз’ехаліся, унукі далёка, жонка на працы ў школе. Каб не завыць ваўком ад беспрацоўя і адзіноты, браўся за любую работу: шыў, рамантаваў, плёў кошыкі, вырабляў сувеніры са спадручнага матэрыялу. Падгледжу ў інтэрнэце што цікавае, шукаю матэрыял і раблю.

Прыгожы храм і дэкаратыўнае велікоднае яйка Юрый Браніслававіч зрабіў… з макаронаў-ражкоў і ракавінак. Далікатную ружу для жонкі выразаў з кавалкаў бляхі. У справу ішлі выкарыстаныя сістэмы ад кропельніц. З тонкага пенапласту атрымліваліся розныя звяркі пад навагоднюю ёлку. Рабіў качалкі для цеста, аўтаручкі, дзіцячыя цацкі “Ванька-ўстанька”, навагоднія кампазіцыі. Усё гэта дарыў, і зноў садзіўся за працу.

Трэба сказаць, што жонка падтрымлівае мужа ва ўсіх яго творчых пачынаннях, падкідвае яму цікавыя ідэі і шчыра верыць, што хутка хвароба назаўсёды пакіне іх дом. А калі яна пячэ хлеб па рэцэптах матулі Сцепаніды Лупач, сустракае гасцей з далёкіх гарадоў, якія едуць да яе “па навуку”, ахвоты і пазітыву ёй паддае муж.

– Разам у каханні і згодзе можна і горы звярнуць, – лічаць муж і жонка, якія 17 лістапада адзначылі трыццаць тры гады сумеснага жыцця.

– У мяне ўжо сорак гадоў працоўнага стажу, але я ў свае шэсцьдзесят працаваў бы да пенсіі, што даюць па дасягненні ўзросту. На жаль, пакуль не магу. Жыць з інваліднасцю няпроста, але галоўнае верыць, што хвароба – не назаўсёды, з аптымізмам сустракаць кожны новы дзень, дзякаваць Богу за родных людзей, іх дапамогу, за магчымасць знаходзіць радасць у творчасці, якая з’яўляецца даволі дзейснымі лекамі для душы, – сказаў на развітанне Юрый Браніслававіч.

Фота Галіны СУТУЛЫ.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru