Пяць мільёнаў вёрст любімай прафесіі глыбачаніна Віктара Арлоўскага

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Каб выказаць сваю любоў і вернасць абранай прафесіі, вадзіцелю АТП-16 філіяла ААТ “Віцебскаблаўтатранс” Віктару Арлоўскаму словы не патрэбны. Аб гэтым красамоўна гавораць лічбы: сорак пяць працоўных безаварыйных гадоў за рулём, пяць мільёнаў кіламетраў дарог, якія засталіся за плячыма, тысячы дастаўленых да месца прызначэння пасажыраў. Нягледзячы на такія салідныя доказы, дарога лёсу Віктара Герасімавіча доўжыцца і сёння: кожнае ранне ён выводзіць на гарадскую лінію аўтобус і з прыемнай усмешкай, вітаючы новы дзень і сваіх пасажыраў, пачынае рабочую змену.

Віктар Арлоўскі.

Хлопец, які нарадзіўся ў Круляўшчызне, лічыце, на чыгуначных пуцях, пасля школы падаўся ў Мінск: хацеў вывучыцца на мышыніста паравоза. Але дакументы там не прынялі па прычыне хуткага прызыву ў армію. Лічаных месяцаў хапіла, каб толькі скончыць вадзіцельскія курсы пры Докшыцкім ДТСААФ. Віктар праходзіў вучэбку ў 72-м гвардзейскім аб’яднаным вучэбным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых сяржантаў, там жа і служыў.

– У Печах служылі танкісты, лётчыкі, сувязісты, а мяне, паколькі ўжо меў вадзіцельскае пасведчанне, адправілі ў роту вучэбных машын аўтамабільнага батальёна (аўтабата). Спачатку вучыўся сам, як вадзіць аўтакалоны. Здаў на другую класнасць. Затым быў у ролі настаўніка, вучыў іншых. Пазней вазіў начальнікаў штаба і аўтабата. Калясіў па гарадах і ваенных гарадках. Спідометр накручваў кіламетры, я назапашваў практычны вопыт. У дарогах прачынаўся “апетыт” да паездак, да якіх цягнула, як магнітам. Пра прафесію чыгуначніка пад канец службы ўжо і не ўспамінаў, – расказвае Віктар Герасімавіч. – Мая працоўная біяграфія пачалася ў 1976 годзе ў Глыбоцкім аўтапарку №16, куды мы прыйшлі разам з земляком Віктарам Шарабайкам. Вадзіцелямі аўтобуса нас не ўзялі, бо патрэбна было вадзіцельскае пасведчанне асобнай катэгорыі і стаж работы. На той час у аўтапарку было шэсць таксі “Волга”, і мы пачалі таксаваць, а вечарамі і па выхадных вучыліся ў аўташколе. У горадзе тады было ўсяго два маршруты, прыгарадныя аўтобусы не ўсюды хадзілі, таму таксі “лётала” без спачыну па ўсім раёне. Заказаў хапала, працавалі ў дзве змены, кожны дзень у гушчы падзей – радыё з тэлевізарам не патрэбны былі: усё ведалі ад людзей.

Калі я здаў на першую класнасць, то ўжо мог ездзіць і на легкавым, і на грузавым транспарце, і на велікагрузных машынах з прычэпамі, і на аўтобусах. Праз паўтара года таксі забралі ў Віцебск. Нам з Віцем прапанавалі адрамантаваць ПАЗік, які невядома колькі часу стаяў на тэрыторыі, а ўзамен абяцалі даць новы ЛАЗ. Мы згадзіліся.

Абодва Віктары былі хлопцы рукастыя, тэхніку любілі і нядрэнна ў ёй разбіраліся – зрабілі аўтобус, яшчэ больш прыцёрліся, здружыліся, і калі Віктар Арлоўскі прыгнаў са Львова новы аўтобус, сталі працаваць на ім дружным малад з ё ж н а — к а м с а м о л ь с к і м экіпажам. Спачатку абслугоўвалі прыгарадныя маршруты, затым не адзін год працавалі на міжгародніх. Ездзілі на Мінск і Віцебск. Адпраўляліся ў заказныя камерцыйныя рэйсы ў Вільнюс. Вазілі школьныя экскурсіі па гарадах Беларусі. Перавозілі гасцей падчас правядзення рэспубліканскага свята беларускага пісьменства, юбілею горада, “Вішнёвых фестываляў”.

Пасажыр хоча камфортна ехаць, своечасова прыбываць у пункт прызначэння, а каб у дарозе не здараліся аварыі і ўсялякія непрадбачныя сітуацыі, вадзіцелі і механікі перад адпраўкай у рэйс павінны працаваць з максімальнай адказнасцю.

– Аўтобус у дарозе – гэта і твой сябар, і твой памочнік. Калі ў ім дзе што пачынае скрыпець ці стукаць, ці выходзіць са строю аўтаматыка, мне балюча, нібы нажом па сэрцы. Гатоў у выхадны дзень займацца рамонтам. Падкручу, падмажу, праверу і на душы спакайней, бо калі тэхніка дагледжаная і адладжаная, як гадзіннік, тады паездка будзе бяспечнай, у радасць самому і пасажырам, якія спяшаюцца на працу, у паліклініку, у школы і садкі, – кажа Віктар Герасімавіч. – Я ездзіў на ЛАЗах, на гродзенскім “Нёмане”, цяпер – на МАЗах, якія вырабляюць на Мінскім аўтамабільным заводзе. На іх стаяць нямецкія маторы з мільённым рэсурсам, таму пры належнай тэхнічнай падтрымцы гарантавана выхадзяць яго па глыбоцкіх дарогах. Кожны раз заваджу матор, чую яго знаёмы “голас”, вырульваю на дарогу і рад таму, што магу займацца любімай справай, прыносіць карысць людзям.

Віктар Герасімавіч адзначае, што за гады яго работы на Глыбоччыне шмат што змянілася. У 90-х гадах хадзілі перапоўненыя прыгарадныя і міжгароднія аўтобусы, а цяпер пасажырапаток у сельскай мясцовасці значна зменшыўся. Раней па горадзе былі два-тры маршруты – цяпер дзесяць. У многіх уласны транспарт, але ёсць і тыя, хто па-ранейшаму карыстаецца грамадскім, а значыць, аўтапарк будзе аказваць паслугі па перавозках. Віктар Арлоўскі – ветэран працы, мае дыпломы і граматы, у тым ліку за безаварыйную работу. Старанны і адказны ў рабоце, рамантык і аптыміст па жыцці, які не хоча і не можа выседзіць без працы ні гадзіны. Трэба – падменіць напарніка ў свой выхадны; трэба – і пасля работы знойдзе час для рамонту свайго “чатырохколавага сябра”.

Віктар Арлоўскі – адзін з заслужаных работнікаў аўтапарку, у ліку якіх таксама Іван Бука, Віктар Грыгаровіч, Валерый Арэхва, Васіль Пракапенка, Аляксандр Долгі, Валерый Габранскі… Усе яны сваёй працай пісалі, а некаторыя да цяперашняга пішуць летапіс аўтатранспартнага прадпрыемства, якое на днях адзначае 70-гадовы юбілей.

– Мае паважаныя калегі, здароўя вам і даўгалецця. Будзьце віртуозамі сваёй справы! Безаварыйных вам дарог і шчаслівых жыццёвых вёрстаў! – пажадаў Віктар Герасімавіч.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru