“Кулінарная спадчына нашага краю”

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (3 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Такую назву мае зборнік былога майстра вытворчага навучання Глыбоцкага дзяржаўнага каледжа, ветэрана працы Таццяны Кургузавай. Па-сутнасці, гэта даследчая работа, якую кіраўнік групы 10п разам са сваімі навучэнцамі праводзіла на працягу некалькіх гадоў.

Прыгатаванне страў цесна звязана з застольнымі традыцыямі, вырабам посуду, культурай сервіроўкі стала і моўнай народнай творчасцю. Таму Таццяна Афанасьеўна з будучымі поварамі збіралі па раёне не толькі рэцэпты даўнейшых страў, але і звярталі ўвагу на драўляны, шкляны, керамічны посуд, які захаваўся ў вёсках, на драўляныя дзежкі, пляцёныя кошыкі і сявенькі, у якіх гаспадыні захоўвалі прадукты.

У зборніку два раздзелы: “Рэцэпты” і “Прымаўкі і прыказкі”. У першым сабраны 33 рэцэпты прыгатавання страў і напояў. Поліўка грыбная, жур, локшыны (лапша), зацірка, каўбасы вантрабянка, крывяная, ліверная, сялянская, бульбяная са шкваркамі, хвораст бульбяны, дранікі са шкваркамі, кулеш, куцця, хлеб, бульбянікі (перапечкі), раскатанікі, запяканка з бульбы і проса, крухмалоўка, бабка (драчона)… Рэцэптамі гэтых страў дзяліліся жыхары вёсак Ясевічы, Слабада і Залессе.

У другім раздзеле трапныя народныя выказванні, такія, як “хлеб у доме – гаспадар, на працы – сябар, у дарозе – таварыш”, “дзе каша і аладка, там будзе і грамадка”, “чалавек галодны ні на што не годны”, “хто жыве без запасу, той згіне без часу”, “смачна было ды блізка дно”, “жывот – злодзей: старога дабра не памятае”, “каля лесу жыць – галоднаму не быць” і іншыя.

Прэзентацыя зборніка адбылася ў раённай бібліятэцы ў рамках праграмы Бібліяночы. Пра аўтара Таццяну Афанасьеўну, яе прафесіяналізм, зацікаўленасць кулінарнай справай, пра практычныя заняткі з навучэнцамі і падрыхтоўку зборніка расказала былы дырэктар Глыбоцкага дзяржліцэя Валянціна Шынкевіч.

Зборнік “Кулінарная спадчына нашага краю” ёсць у раённай бібліятэцы, даступны для чытачоў, і любая гаспадыня зможа прыгатаваць дамашняе застолле па прапанаваных рэцэптах. Гэта добрая метадычка для тых, хто выбірае прафесію повара і вучыцца ў каледжы, а яшчэ – памяць пра аўтарку, якая, на жаль, нядаўна пайшла з жыцця.

Фота Галіны СУТУЛЫ.

Подписывайтесь на наш Telegram-канал. Будьте в курсе самых главных новостей!

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2024

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru