1 кастрычніка — Дзень пажылых людзей. Дзяржава, мясцовая улада, грамадскія арганізацыі, як пастаянна, так і з нагоды гэтай даты ўдзяляюць максімум увагі і клопату ветэранам працы, інвалідам, адзінокім састарэлым. Мудрым, працавітым, таленавітым людзям аказваюць дапамогу, уручаюць падарункі, запрашаюць на мерапрыемствы, рыхтуюць канцэртныя праграмы-віншаванні. Вельмі важна, каб чалавек, нягледзячы на тое, што ён знаходзіцца на заслужаным адпачынку, ведаў, што яго не забываюць у родным калектыве, што для моладзі важныя яго ўспаміны і погляд на жыццё, што ён можа разлічваць на падтрымку ў складаных сітуацыях. Размову па тэме працягваем з загадчыцай аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Марынай Уладзіміраўнай МОРХАТ.
—Вы кожны дзень працуеце з пажылымі людзьмі. Ці лёгка знаходзіць з імі агульную мову і якая, часцей за ўсё, дапамога ім патрэбна?
— У большасці пажылыя людзі рады прыходу сацыяльных работнікаў, адносяцца да іх, як да родных дзяцей, дзеляцца з імі самым патаемным, душэўным, удзячны за тую дапамогу, якую ім аказваюць. Галоўнае – быць з гэтымі людзьмі шчырымі і адкрытымі, не скупіцца на добрыя словы, бо многім маральная падтрымка патрэбна больш, чым дапамога па дому.
Выйшаўшы на пенсію, многія адчуваюць сябе на ўзбочыне дарогі: здароўе не радуе, магчымасці не такія, як у маладосці, кола сяброў і знаёмых пакрысе звужаецца, а маўклівыя сцены настрою не дадаюць. Таму вельмі важна не абмяжоўваць сябе толькі хатнімі абавязкамі. Пакуль дазваляюць сілы і ходзяць ногі, трэба жыць актыўна, наведваць аб’яднанні па інтарэсах, у кампаніях з сябрамі ладзіць прагулкі і хоць невялікія паездкі, бываць на экскурсіях, назапашваць пазітыўныя эмоцыі і ўражанні, якія мацуюць здароўе. Калі фізічны стан не дазваляе выходзіць далей дома, і там можна займацца любімай справай: вязаць, вышываць, маляваць, слухаць любімую музыку…
Мы ўсё разумеем і стараемся не толькі аказваць патрэбныя паслугі. Сацыяльныя работнікі чытаюць ім “раёнку”, расказваюць гарадскія навіны, віншуюць з днём нараджэння і з юбілеямі. І так прыемна, калі на тварах людзей свеціцца ўсмешка: яны, здаецца, маладзеюць і здаравеюць на вачах.
—Каму вы аказваеце сацыяльныя паслугі?
—Большасць людзей, нягледзячы на тое, што ў іх ёсць родныя, сустракаюць старасць дома. Калі адзінока пражываючыя і адзінокія, інваліды I і II груп не могуць самастойна сябе абслугоўваць, мы бяром на сябе абавязкі па аказанні догляду і прафесійнай дапамогі. У раёне нашымі паслугамі карыстаюцца больш за 800 грамадзян пажылога ўзросту і, дзякуючы гэтаму, забяспечана іх максімальнае прыбыванне ў прызвычаеных дамашніх умовах.
—Якія віды паслуг аказваюць сацыяльныя работнікі?
—Яны купляюць лекі, прадукты харчавання, тавары першай неабходнасці, газеты і часопісы, адпраўляюць пісьмовую карэспандэнцыю, аплачваюць камунальныя паслугі. Прыносяць ваду з калодзежа, дровы ў хату, выносяць смецце і бытавыя адходы, прыбіраюць у хаце. У дадатак да стандартнага набора штотыднёвых паслуг мы прапаноўваем разавыя платныя. Сацыяльныя работнікі могуць дапамагчы пасадзіць агарод, папалоць яго, спарадкаваць восенню, унесці брыкет ці дровы ў паветку, пафарбаваць, падклеіць, пабяліць.
Грамадзянам, якія не ўстаюць з ложка, прадстаўляем паслугі сядзелкі, якая даглядае хворага, дае лекі, мяняе падгузнікі, нацельную бялізну, корміць. Больш падрабязную інфармацыю па відах сацыяльных паслуг можна атрымаць па тэлефоне 3-08-70. Жадаю нашым паважаным падапечным, людзям прыгожага ўзросту з прыгожай душой, здаровага даўгалецця, увагі блізкіх і родных людзей, радасці ў кожным дні і ўпэўненасці ў тым, што вас заўсёды пачуюць і дапамогуць.
Подписывайтесь на наш Telegram-канал. Будьте в курсе самых главных новостей!