Як школьная мара прывяла Марыну Дземідовіч у прафесію

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Марына Дземідовіч – следчы Глыбоцкага РАСК, старшы лейтэнант юстыцыі, а яшчэ яна – шчаслівы чалавек, бо змагла ажыццявіць школьную мару.

А некалі Марына хадзіла ў Шунеўскую школу, затым – у трэцюю гарадскую. Яе мары мяняліся ў залежнасці ад узросту: у пачатковых класах хацела вывучыцца на цырульніка, у сярэднім школьным узросце цікавілася прафесіяй сцюардэсы, а бліжэй да выпускнога канчаткова вырашыла стаць следчым. Магчыма, гэта была юнацкая рамантыка. Магчыма, на яе выбар паўплывалі дэтэктыўныя фільмы і кнігі. А можа прыцягвала ўвагу прыгожая форма? Як бы там ні было, дзяўчына скончыла юрыдычны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і дыпламаваным спецыялістам вярнулася ў свой раён.

Першы практычны вопыт атрымлівала, працуючы юрыстам у сельгаспрадпрыемстве “Азярцы”, але адчувала, што гэта не зусім тое, аб чым яна марыла. Паспрабаваць сябе ў іншым юрыдычным накірунку не давялося: карэктыву ў яе жыццё ўнеслі каханне, замужжа і нараджэнне дзяцей.

– Пакуль я была дома з дзецьмі, быў створаны райаддзел Следчага камітэта, і Сяргей Калмук, які на той час яго ўзначальваў, прыняў мяне на работу, праўда, на час замены дэкрэтнага водпуску супрацоўніцы. Я была рада такой магчымасці, з галавой акунулася ў працу і адчувала, што яна мне падабаецца. Выязджала і аглядала месцы злачынстваў, апытвала сведкаў здарэнняў, працавала з дакументамі, распрацоўвала версіі, выбудоўвала доказную базу. У рабоце спатрэбіліся пільнасць, лагічнае мысленне, камунікабельнасць, дапамагалі дзелавыя кантакты з калегамі з райаддзела міліцыі, – расказвае Марына Аляксандраўна. – Яшчэ два з паловай гады я працавала па спецыяльнасці ў ПК-13, а ў лістападзе 2021 года зноў, ужо на пастаянна і атэставаным спецыялістам, перайшла ў раённы аддзел Следчага камітэта.

Часцей за ўсё Марына Дземідовіч выязджала на крадзяжы, грабяжы, летась, падчас дзяжурства якраз у Дзень Маці, – на забойства. У 30% выпадкаў, – са слоў спецыяліста, – злачынствы раскрываюцца па “гарачых слядах”.

– За час работы ў райаддзеле я расследавала больш за шэсцьдзесят крымінальных спраў. Раскрываючы іх, прайшла выдатную практычную школу. Але ў нашай прафесіі ўдасканальвацца трэба пастаянна, таму ў вольны час чытаю кнігі па псіхалогіі, якія дапамагаюць у рабоце, – кажа Марына Дземідовіч.

А яшчэ яна шмат вольнага часу прысвячае дзецям. Любіць гатаваць. Умее шыць, вязаць, вырабляць прыгожыя рэчы сваімі рукамі. Кажа, што сям’я і творчасць дае ёй сілы для работы, а любімая справа – шчасце і жаданне дзяліцца ім з роднымі людзьмі.

– Я задаволена сваім жыццём: спазнала каханне, адчула шчасце мацярынства, маю любімую работу – чаго яшчэ хацець і жадаць? – у гэтым пытанні адчуваецца пачуццё меры і ўпэўненасць жанчыны ў заўтрашнім дні.

Фота Галіны СУТУЛЫ.

Подписывайтесь на наш Telegram-канал. Будьте в курсе самых главных новостей!

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru