Дванаццаць гадоў назад быў створаны Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь. Асноўныя задачы, якія стаяць перад яго супрацоўнікамі, – аб’ектыўнае і аператыўнае расследаванне злачынстваў, выяўленне парушэнняў закона, прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць іх здзяйсненню, прыняцце мер па іх прадухіленні, абарона законных правоў грамадзян, арганізацый і грамадскіх інтарэсаў.
Трыадзінства мэт: закон, мараль і права
Ужо дванаццаць гадоў пішуць сваю гісторыю супрацоўнікі Глыбоцкага раённага аддзела Следчага камітэта (РАСК). З першых дзён работы аддзел узначальваў падпалкоўнік юстыцыі Сяргей Калмук, затым – Уладзімір Рабіза, пазней – Сяргей Плікат. З 30 ліпеня гэтага года ў калектыве, дзе працуюць дзевяць спецыялістаў, новы кіраўнік – падпалкоўнік юстыцыі Сяргей Жданько.
Сяргей Віктаравіч родам з Докшыц. Выпускнік факультэта міліцыі Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Першае месца работы – следчы Докшыцкага РАУС. З 2012 года займаў розныя пасады ў Докшыцкім аддзеле Следчага камітэта.
– Сёлета спецыялісты больш за трыста разоў выязджалі на месцы злачынстваў. Узбудзілі 105 крымінальных спраў. Па шасцідзесяці з іх расследаванне закончылі. Прыняты меры па кампенсацыі нанесеных страт на суму каля 24 тысяч рублёў, – падае інфармацыю Сяргей Віктаравіч. – У нас працуюць граматныя, адказныя спецыялісты, улюблёныя ў сваю прафесію. Яны – калегі Феміды, якія ўвасабляюць сабой правасуддзе, добрасумленна служаць закону, маралі і праву, даражаць гонарам мундзіра, садзейнічаюць навядзенню дысцыпліны і парадку ў грамадстве. З нагоды прафесійнай даты віншую нашых паважаных ветэранаў Сяргея Леанідавіча Калмука і Юрыя Яўгенавіча Судніка, дзякую ім за шматгадовую, плённую працу. Найлепшыя словы пажаданняў адрасую цяперашнім супрацоўнікам, маім калегам: будзьце настойлівымі, расціце прафесійна, дасягайце пастаўленых мэт, працуйце на вынік, умацоўвайце імідж службы і ўласны аўтарытэт. Здароўя вам, ладу, разумення і ўзаемападтрымкі ў сем’ях, шчасця, зямных выгод і даброт.
Фота Галіны СУТУЛЫ.
Подписывайтесь на наш Telegram-канал. Будьте в курсе самых главных новостей!