Жніво, як сказаў на нядаўняй селектарнай нарадзе Прэзідэнт краіны, – харчовы фронт. А на вайне перамагае той, хто лепш падрыхтаваны. Гэтую мудрую аксіёму добра засвоіў адзін з лепшых маладых хлебаробаў нашага раёна, камбайнер дзяржпрадпрыемства “Ломашы-Агра” Васіль Арлоў.
З выдатным настроем працуе ён у гэтыя дні на жніўнай ніве. З самага пачатку ўборкі зерневых нацэлены на дасягненне высокага выніку. Невыпадкова на мосціку яго камбайна горда развіваецца чырвоны сцяг.
– Наш абавязак – хутка і беражліва сабраць вырашчаны ўраджай, – кажа Васіль. – Добрую абкатку камбайн прайшоў падчас уборкі рапсу. Як ні мяркуй, сёмы сезон ужо служыць. Выявілі са сваім памочнікам Іванам Цюкала такія-сякія шурпатасці-хібы – падрамантавалі, падрэгулявалі – цяпер толькі наперад!
Хлеб заўсёды ў напружанай працы здабываецца. Усе нашы хлопцы – выдатныя камбайнеры. Будзем старацца.
– Калі за справу бяруцца такія майстры жніва, як наш Васіль Арлоў, толк будзе, – гаворыць галоўны аграном гаспадаркі Марына Свірко. – Гэтага камбайнера многія ведаюць у нас на Глыбоччыне. Кожны год намалочвае больш за тысячу тон зерня. Леташняе жніво таксама было не выключэннем. Васіль Арлоў быў уганараваны на абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкі”, які праводзіўся ў Глыбокім. Сёлета, як і ў мінулагоднюю ўборачную, у яго ў памочніках Іван Віктаравіч Цюкала. Ён работнік участка ЖКГ, пастаянна прыходзіць на дапамогу хлебаробам гаспадаркі.
Не першы год побач з Васілём Арловым шчыруюць нашы выдатныя камбайнеры Руслан Партноў і браты Васілій і Аляксей Грыбоўскія. А ў працоўнай біяграфіі механізатара Ігара Шынелькі сёлетняе жніво асаблівае: першае на зернеўборачным камбайне, прытым на абсалютна новенькім, які літаральна перад самай уборачнай атрымала гаспадарка з ААТ “Гомсельмаш”.
Вельмі патрэбная і своечасовая падтрымка нам аказана, за што дзякуем кіраўніцтву раёна, упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. Кіраўніцтва дзяржпрадпрыемства вырашыла перадаць камбайн аднаму з самых старанных і тэхнічна спрактыкаваных маладых механізатараў. Ігар Шынелька ў дзяржпрадпрыемстве “Ломашы-Агра” з 2009 года. Працуе на “Амкадоры”, а як надыходзіць пара нарыхтоўкі кармоў, перасядае на КВК. Ён родам з нашых мясцін. Жонка працуе галоўным ветэрынарным урачом у гаспадарцы. Дружная, працавітая сям’я Шынелькаў, у якой падрастаюць двое дзетак, жыве ў Ломашах.
– Першы ўборачны сезон. Безумоўна, хвалююся, – прызнаецца Ігар. – Айчынны камбайн новага пакалення яшчэ больш удасканалены. Працаваць на ім – адно задавальненне. Дзякуй, хлопцам, падказваюць, дапамагаюць адаптавацца да новай работы.
…З кожным днём нарастаюць тэмпы ўборачных работ. Стрымліваючым фактарам жніўнага канвеера, як гэта не банальна гучыць, зноў становіцца надвор’е. Часта дажджыцца. Камбайнерам даводзіцца літаральна выкройваць пагодлівыя гадзіны, а то і хвіліны, каб выехаць на жніўныя палеткі ды весці абмалот.
У дзяржпрадпрыемстве “Ломашы-Агра” ў гэтыя дні абмалочваюць азімую пшаніцу – айчынны сорт “Ядвіся”. На тых участках, якія ўбралі, вынік, мяркуючы па сёлетняму неспрыяльнаму сухому году, абнадзейваючы. Ураджайнасць пакуль складае – 26,8 цэнтнера з гектара. І гэта ўлічваючы, што высявалі насенне першай рэпрадукцыі. Ёсць віды і на трыцікале.
– Да ўборачнай падрыхтаваліся як след, – гаворыць галоўны тэхнолаг палёў Марына Адольфаўна. – Зерневыя і зернебабовыя трэба ўбраць на агульнай плошчы 1300 гектараў: азімай пшаніцы 325 гектараў і 257 яравой будзе, 303 – трыцікале, 207 – жыта, 69 – аўса. Усе арганізацыйныя пытанні правядзення ўборачных работ знаходзяцца пад пастаянным кантролем дырэктара дзяржпрадпрыемства Івана Васільевіча Пустыннікава.
Асноўныя нашы сілы, задзейнічаныя на жніве, – пяць уборачных экіпажаў. На адвозцы зерня – таксама нашы шчырыя працаўнікі – мінулагоднія лідары раённага спаборніцтва на жніве вадзіцелі Аляксандр Духовіч і Аляксандр Падбярозка. Яны і сёлета імкнуцца дасягнуць высокіх вынікаў.
Зернесушыльная гаспадарка таксама ў поўнай гатоўнасці. Дакладна арганізуе ўсю работу на гэтым адказным участку Пётр Тумчонак.
Значны ўклад у паспяховае правядзенне ўборачнай кампаніі ўносяць работнікі сталовай гаспадаркі Марыя Катушонак, Юлія Чарняўская і іх юная памочніца, выпускніца школы Алеся Барысёнак. Механізатары, усе ўдзельнікі жніва задаволены, аднагалосна заяўляюць: “Дзякуй за смачныя абеды ды палуднікі. То беляшамі, то дранікамі, клёцкамі з душамі і яшчэ рознымі прысмакамі нас песцяць. Пры такім стале ды пры добрым надвор’і тыдні за тры ўправімся”.
Поспехаў вам, паважаныя хлебаробы, моцнага здароўя, новых сіл ды бадзёрасці!
Фота Анатоля ЗІНКЕВІЧА.
Подписывайтесь на наш Telegram-канал. Будьте в курсе самых главных новостей!