14 ліпеня ў раённым аддзеле Дэпартамента аховы прайшла ўрачыстасць, на якой ушаноўвалі камандзіра ўзвода міліцыі капітана Аляксандра Хайноўскага. Дваццаць пяць гадоў выслугі ў органах унутраных спраў далі Аляксандру Анатольевічу права выйсці на заслужаны адпачынак і пачаць новую старонку жыцця, але ўжо без формы, пагонаў і зброі.
На мерапрыемстве, арганізаваным з гэтай нагоды, прысутнічалі першы намеснік старшыні райвыканкама-начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксей Абрамчык, калегі, жонка Аляксандра Анатольевіча, а таксама салісты народнай студыі “Архіў” Глыбоцкага ДК. На працоўным рахунку Аляксандра Хайноўскага – трыццаць два гады, з іх чвэрць стагоддзя ён адслужыў у райаддзеле Дэпартамента аховы. Змоладу пра службу ў міліцыі не думаў, працоўныя будні пачынаў у райспажыўтаварыстве, куды вярнуўся і пасля службы ў арміі.
– На работу ў райаддзел “Аховы” мяне прымаў Антон Пятровіч Ждановіч. Я расказаў пра сябе, свае жыццёвыя прынцыпы і мэты, здаў нарматыў па фізічнай падрыхтоўцы і быў залічаны на службу. Пачалася яна з паўгадавой стажыроўкі ў вучэбным цэнтры Міністэрства ўнутраных спраў у Мінску. Гэта быў, бадай, самы цяжкі час для мяне, бо прыйшлося пакідаць сям’ю і ехаць у сталіцу. Маленькі сын, якога жонка Лена яшчэ вазіла ў калясцы, у кожным работніку міліцыі бачыў тату. Сапраўдны ж тата, як і яго жонка, мужна прайшлі выпрабаванне службай, захавалі любоў і вернасць на доўгія гады.
Аляксандр пачынаў службу стралком ваенізаванай аховы. Праз год стаў міліцыянерам узвода міліцыі, затым узначаліў аддзяленне ўзвода. Быў памочнікам дзяжурнага службы ваенізаванай і вартавой аховы, міліцыянерам-кінолагам, памочнікам камандзіра ўзвода міліцыі і вось ужо дваццаць гадоў ён – камандзір узвода міліцыі. Пакуль працаваў, завочна скончыў факультэт правазнаўства Баранавіцкага каледжа Міністэрства ўнутраных спраў. Тэарэтычныя веды, атрыманыя падчас вучобы, дапамагалі ў рабоце, якую ён вывучыў назубок. Адказны, старанны, добрасумленны Аляксандр Анатольевіч у 2018 годзе быў узнагароджаны медалём “За бездакорную службу ” III ступені.
– Здаецца, калі было: памятаю першае дзяжурства, а сёння ўжо развітваюся з калектывам. Гады праляцелі, але не ў пустую: спадзяюся, што ва ўмацаванні іміджа службы Дэпартамента аховы ёсць кропелька і маёй працоўнай заслугі. Сыны Ілья і Мацвей выраслі, абралі прафесію, працуюць і вучацца. Побач са мной – любімы чалавек, жонка, якая, можна сказаць, служыла разам са мной: займалася выхаваннем дзяцей, хатнімі справамі, вырашэннем розных пытанняў і праблем, пакуль я быў на рабоце. Удзячны калектыву, у якім служыў: тут працуюць выдатныя, добразычлівыя людзі, сябры і паплечнікі, гатовыя прыйсці на дапамогу. Давялося служыць пры пяці начальніках: усе яны – людзі розныя, але адказныя, зацікаўленыя ва ўмацаванні іміджу службы, у граматных кадрах, у захаванні лепшых традыцый, закладзеных нашымі папярэднікамі, у стварэнні выдатных, камфортных умоў працы, атмасферы еднасці, арганізаванасці, узаемаразумення і ўзаемадапамогі, – гаварыў Аляксандр Анатольевіч.
Словы падзякі за шматгадовую і бездакорную службу ў органах унутраных спраў, прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў адрасаваў Аляксандру Хайноўскаму Аляксей Абрамчык, які ўручыў яму Ганаровую грамату райвыканкама.
Начальнік райаддзела Дэпартамента Сяргей Аляшкевіч павіншаваў Аляксандра Анатольевіча ад імя калектыву, уручыў яму Ганаровую грамату Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь і насценны гадзіннік, які будзе адлічваць шчаслівыя гады жыцця на грамадзянцы.
Фота Галіны СУТУЛЫ.
Подписывайтесь на наш Telegram-канал. Будьте в курсе самых главных новостей!