У дзяржпрадпрыемстве “Азярцы” завяршаюць уборку азімага ячменю

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Рады першай падчас сёлетняга жніва працоўнай перамозе камбайнеры Ігар Шынкевіч, Сяргей Кавалёнак і галоўны аграном гаспадаркі Алег Мядзведзеў.

Ігар Шынкевіч, Сяргей Кавалёнак і Алег Мядзведзеў.

Пад гэтай перспектыўнай сельгаспадарчай культурай было занята 280 гектараў – адна з самых вялікіх плошчаў у раёне. Пры такім засушлівым годзе вынік работы хлебаробаў Азярэччыны нядрэнны: ужо намалочана больш за 514 тон зерня пры ўраджайнасці 21,2 цэнтнера з гектара.

На фінішы ўборкі гэтай сельгаскультуры разам з дырэктарам гаспадаркі Сяргеем Мушкатам і галоўным аграномам Алегам Мядзведзевым пабывалі на ячменных палетках у ваколіцах вёскі Кухты, дзе разгортваліся асноўныя ўборачныя падзеі летняга працоўнага дня. З галоўнымі героямі жніва і адбылася невялікая размова.

– Настрой выдатны, – дзяліліся сваімі ўражаннямі, а то і сыпалі жартамі камбайнеры Сяргей Кавалёнак і Ігар Шынкевіч. – Азімы ячмень неўзабаве будзе ўбраны. Кароткі перадых – і зноў за штурвал камбайнаў. Вось-вось пачнецца масавая ўборка зерневых.

Ім, вопытным механізатарам, спрактыкаваным майстрам хлебных ніў, не прывыкаць – гатовы да пераадолення любых цяжкасцей жніва. У Сяргея Аляксеевіча гэта ўжо дзевятнаццатая ўборачная кампанія, а ў Ігара Васільевіча – дванаццатая. Камбайны “КЗС-12.18” атрымалі ў 2020 годзе, таму, можна сказаць, яшчэ амаль новыя. Стараліся, падрыхтавалі як след іх да ўборачнага сезону. Настроены на работу па-баявому.

– Другі год, як вырошчваем на нашых палях азімы ячмень, – гавораць перадавыя камбайнеры гаспадаркі. – На жаль, надвор’е сёлета не спрыяла развіццю гэтай культуры. Што датычыцца працэсу самой яе ўборкі, то ёсць такія-сякія асаблівасці. Сёлета, бачыце, які гэты ячмень нізенькі, таму, жнучы яго, нам трэба ўвесь час быць нагатове.

Пагаварылі яшчэ з адным выдатным працаўніком, хлебаробам-ветэранам Васіліем Пашковічам, які адразу за камбайнамі рулоніць салому.

Васілій Пашковіч.

– Працоўная біяграфія тыповая: скончыў школу, адслужыў у арміі і вярнуўся ў родныя мясціны, дзе і працую на зямлі. Верны калектыву гаспадаркі: у “Азярцах” працую больш за 40 гадоў, – расказваў Васілій Васільевіч. – Удзельнічаю ва ўсіх галоўных сельскагаспадарчых кампаніях года. Ужо ці не дзясяты сезон падчас жніва займаюся ўборкай саломы з палёў. А раней працаваў на камбайне. Канешне, цяперашнія машыны ні ў якое параўнанне не ідуць з тымі, на якіх я ўбіраў хлеб. Але ж і мы стараліся. Быў час, калі на сваім “Доне” за ўборку да 500 тон зерня намалочваў.

– Як бачыце, на ўборцы азімага ячменю задзейнічаны вопытныя механізатары гаспадаркі, леташнія “ камбайнеры-тысячнікі” Сяргей Кавалёнак і Ігар Шынкевіч, а яшчэ камбайнер Глыбоцкага аграпрамаб’яднання Васілій Мушкат. Дарэчы, усяго на сёлетнім жніве будуць працаваць пяць экіпажаў камбайнераў.

На прасаванні саломы шчыруе Васілій Пашковіч, на адвозцы зерня – Павел Кухта на “Беларусу-892” з МАЗаўскім прычэпам. Дапамога ў адвозцы зерня нам яшчэ аказваецца і з боку ААТ “Глыбоцкі аграсэрвіс”, – гаворыць галоўны аграном гаспадаркі Алег Мядзведзеў. – Летась было пасеяна 50 гектараў азімага ячменю. Вынік першага года работы быў сціплым – сабралі на круг дзесьці каля 22 цэнтнераў з гектара. Нарыхтавалі свайго пасяўнога матэрыялу (азімы ячмень сорту “Тэрэза”), дакупілі насенне сорту “Ізацэл” і пасеялі. І вось, нягледзячы на сёлетнія неспрыяльныя засушлівыя ўмовы надвор’я, намалот застаецца на мінулагоднім узроўні.

Павелічэнне пасеваў азімага ячменю дазваляе нам “разгрузіць” уборачную. Ячмень саспеў першым. Спакойна пачалі ўбіраць, абкатваць камбайны. Неўзабаве прыступім да масавага жніва астатніх азімых культур, а пасля – і яравых.

– Пераконваюся, – уступае ў размову дырэктар УП “Азярцы” Сяргей Мушкат. – Азімы ячмень самая што ні ёсць наша сельгаскультура. Яна лепш за іншыя пераносіць засуху, бо паспявае схапіць вясеннюю вільгаць. Да таго ж, ранні старт уборкі дае магчымасць якасна падрыхтаваць вызваленыя палі пад пасеў наступных культур.

Плюс да ўсяго – гэта хуткаспелая зерневая культура. Яе вырошчванне дазваляе атрымоўваць самую раннюю таварную прадукцыю з зерневых для патрэб жывёлагадоўлі. Невыпадкова кіраўніком нашай дзяржавы ставілася і ставіцца задача па пашырэнні пасеваў азімага ячменю. І наша практыка пацвярджае, што яго вырошчванню трэба ўдзяляць належную ўвагу. Надалей будзем старацца больш карпатліва займацца вырошчваннем гэтай культуры.

Подписывайтесь на наш Telegram-канал. Будьте в курсе самых главных новостей!

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2025

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru