Сакрэты прафесійнага майстэрства настаўніка фізкультуры Пліскай СШ Сяргея Качана

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Працоўны стаж настаўніка фізічнай культуры і здароўя Сяргея Нікандравіча Качана складае крыху больш за 30 гадоў, восем з якіх ён апантана шчыруе на педагагічнай ніве ў Пліскай сярэдняй школе. Дзясяткі перамог, дзясяткі высокіх спартыўных дасягненняў на рахунку яго вучняў. Толькі ў гэтым навучальным годзе пліскія школьнікі ўдзельнічалі ў 38 спаборніцтвах і турнірах раённага і абласнога ўзроўняў. Сёлета 12 яго выхаванцаў абаранялі гонар Глыбоччыны ў абласных спаборніцтвах школьнікаў. Пераможцамі і прызёрамі неаднойчы станавіліся юныя спартсмены Ганна Марціновіч, Аляксандр Фядотаў, Ульяна Адамовіч і Аляксандр Амосенка.

– Люблю працаваць менавіта з сельскімі дзецьмі, – кажа Сяргей Нікандравіч. – Можа таму, што сам вясковец. Нягледзячы на адсутнасць абсталяваных у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі спартыўных залаў, пляцовак і стадыёнаў, многія сельскія хлопчыкі і дзяўчынкі дасягаюць нядрэнных вынікаў у спорце. Вось і ў маіх родных Пратасах, і ў Парэччаўскай васьмігодцы, дзе калісьці вучыўся, ніякіх спартыўных збудаванняў не было. І тым не менш, мы – вясковыя дзеці – выходзілі на пожаньку, “ставілі” вароты і “ганялі ў футбол”. Зімой расчышчалі на возеры лядовую пляцоўку, коўзаліся, гулялі ў хакей, каталіся з гары на санках, на лыжах. Мы жылі спортам, цікавіліся выступленнем беларускіх спартсменаў на міжнароднай арэне. Менавіта тады, у школьныя гады, і з’явілася ў мяне мара стаць настаўнікам фізічнай культуры ў сельскай школе.

Сяргей Нікандравіч Качан скончыў Віцебскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці фізічнае выхаванне. Па размеркаванні вярнуўся на сваю родную Глыбоччыну. На працягу 15 гадоў настаўнічаў у Шуневіцкай школе. Пасля яе закрыцця прадоўжыў педагагічную працу ў Суклінскай. А праз 8 гадоў прыйшоў у Пліскую сярэднюю школу.

– Працаваць у школе, у якой сам вучыўся, лічу за шчасце. Кажу шчыра, я фанат сваёй прафесіі, – прызнаецца Сяргей Нікандравіч. – Усе намаганні скіроўваю на тое, каб прывіць дзецям любоў да фізічнай культуры. Пераканаць іх, што фізічная загартоўка толькі на карысць здароўю. Для мяне важна выхаваць здаровага грамадзяніна, патрыёта сваёй Радзімы, для якога спартыўная перамога на міжнароднай арэне і гучанне Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь вышэй усіх тытулаў і ўзнагарод. Прытым, ніколі не стаўлю перад сваімі вучнямі задачы: перамагчы, чаго б гэта не каштавала. Настройваю, канешне, на добрае выступленне, але без фанатызму.

З любімых відаў спорту аддаю перавагу футболу. З гадамі пераключыўся на гіравы від спорту, лыжы. Зрэшты, настаўнік фізічнай культуры павінен усё ўмець: і на турніку падцягнуцца колькі трэба, і ў футбольным матчы праявіць сябе, і ў настольным тэнісе прадэманстраваць хуткасць і лоўкасць…

– І гэта сапраўды так, – пацвярджае вучань 8 класа Аляксандр Амосенка. – Сяргей Нікандравіч – наш любімы настаўнік. Ён заўсёды раскажа і пакажа, як выконваць тое ці іншае практыкаванне. Урокі фізкультуры заўсёды чакаю з нецярпеннем. Любімыя віды спорту, дзе я чагосьці ўжо дасягнуў, – гэта настольны тэніс, лыжны спорт, лёгкая атлетыка, футбол.

– А яшчэ, – дадае вучаніца 11 класа Ганна Марціновіч, – Сяргей Нікандравіч добры, спагадлівы. З ім можна параіцца і атрымаць карысную параду. На яго ўроках мы акунаемся ў атмасферу выдатнага настрою і добразычлівасці.

Нямала спартыўных зорачак “запаліў” Сяргей Нікандравіч Качан. Сярод іх пераможца рэспубліканскіх спаборніцтваў па зімнім і летнім шматбор’і “Здароўе”, удзельніца рэспубліканскіх спаборніцтваў “Снежны снайпер”, мінулагодняя выпускніца школы Паліна Сіняўская. Яна зараз вучыцца ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава. Пасля заканчэння ВНУ атрымае спецыяльнасць трэнера па лёгкай атлетыцы. На факультэце фізічнай культуры ў Полацкім дзяржуніверсітэце імя Еўфрасінні Полацкай вучыцца Любоў Арцёмава. Ці ўзяць выпускніка школы Уладзіслава Сіняўскага, а яшчэ Ульяну Булах, якія станавіліся пераможцамі абласнога першынства па шматбор’і “Здароўе”. Аляксандр Амосенка – сёння адзін з самых перспектыўных юных спартсменаў, абараняе гонар школы і раёна на многіх прадстаўнічых спаборніцтвах.

У Пліскай школе пануе дух спартыўнага сяброўства. Тут закладзены добрыя традыцыі: на школьных лінейках ушаноўваюцца вучні, якія дасягнулі пэўных вышынь у спорце. Яны ўзнагароджваюцца граматамі. Сяргей Нікандравіч ад сябе асабіста ўручае ім прызы. Вясной і ўвосень праводзіцца дзень здароўя на беразе возера Вялікая Пліса, у цудоўнай па прыгажосці мясцінцы, якая называецца Казкай. Арганізоўваюцца гульні, конкурсы, праводзяцца таварыскія сустрэчы па піянерболе паміж вучнямі і іх бацькамі, спаборніцтвы па дартсе, стральбе паміж камандамі пад дэвізам: “Тата, мама, я – дружная сям’я”.

Падчас размовы з Сяргеем Нікандравічам азнаёміўся са зместам аформленага ім партфоліа “Мае спартыўныя перамогі”. У ім шмат ганаровых грамат і дыпломаў ад галіновага прафсаюза, аддзела па адукацыі райвыканкама, абласнога ўпраўлення па адукацыі, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Глыбоцкага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў. Гэтымі шматлікімі ўзнагародамі адзначана добрасумленная плённая праца настаўніка, яго поспехі, дасягнутыя ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення, развіцці здольнасцей адораных дзяцей, а таксама важкі асабісты ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту, прапаганду здаровага ладу жыцця. А яшчэ Сяргей Нікандравіч вядзе спецыяльны журнал, у якім размяшчае інфармацыю, дзе спаборнічалі вучні Пліскай школы і якія вынікі паказвалі. Такія каштоўныя звесткі дазваляюць прааналізаваць узровень фізічнай падрыхтаванасці вучняў, каб весці іх да новых спартыўных перамог.

Фота аўтара.

Подписывайтесь на наш Telegram-канал. Будьте в курсе самых главных новостей!

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2025

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru