Судовыя эксперты краіны адзначылі юбілейную дату – дзесяцігоддзе з дня ўтварэння прафесійнага ведамства. Стартам для пачатку яго дзейнасці стаў Указ кіраўніка краіны №202 “Аб утварэнні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь” ад 22 красавіка 2013 года, а прызнаннем працоўных заслуг яго спецыялістаў — святочная дата ў беларускім календары, гістарычна замацаваная ў 2018 годзе.
Новая структура была створана на базе дзяржаўнай службы медыцынскіх судовых экспертыз, экспертных падраздзяленняў органаў унутраных спраў, па надзвычайных сітуацыях, Міністэрства абароны і Міністэрства юстыцыі краіны з мэтай удасканалення судова-экспертнай дзейнасці, узмацнення абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян, арганізацый у крымінальным, адміністрацыйным, грамадзянскім і гаспадарчым працэсах.
Сярод асноўных задач, пастаўленых кіраўніком дзяржавы, перад работнікамі ведамства, — рэалізацыя адзінай дзяржаўнай палітыкі ў сферы судова-экспертнай дзейнасці, судова-экспертная дзейнасць, укараненне ў практыку дасягненняў навукі, дадатнага вопыту, прагрэсіўных форм і метадаў арганізацыі і правядзення экспертных даследванняў, кадравая падрыхтоўка і навучанне спецыялістаў.
Дзесяць працоўных гадоў, якія прайшлі пад дэвізам “Аб’ектыўнасць. Гонар. Айчына”, паказалі, што пастаўленыя задачы паспяхова выконваюцца, з кожным годам маштаб і аб’ёмы работ павялічваюцца, спрэчныя жыццёвыя сітуацыі аператыўна і граматна вырашаюцца ў рамках прававога поля. Гэты час для работнікаў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз сталі выдатнай практычнай школай, перыядам выпрабавання на прафесійную кампетэнтнасць, настойлівасць, псіхалагічную вытрымку, уменне і жаданне прыйсці на дапамогу. Гэты час даў магчымасць супрацоўнікам судова-экспертнага ведамства пацвердзіць званне спецыялістаў, дабіцца вынікаў, якія ўмацавалі яго імідж і прэстыж.
Агульныя працоўныя дасягненні па праву раздзяляе і невялікі па колькасці, але адказны і надзейны, калектыў Глыбоцкага міжраённага аддзела судовых экспертыз пад кіраўніцтвам Аляксандра Абрамчыка.
—Пад юрысдыкцыяй аддзела — Глыбоцкі і Докшыцкі раёны. Прыярытэтныя накірункі работы — правядзенне медыцынскіх і крыміналістычных экспертыз. За апошнія пяць гадоў іх праведзена больш за 3 500. Эксперты-крыміналісты і судовыя эксперты аддзела больш за дзве тысячы разоў выязджалі на месцы здарэнняў, рабілі іх агляд і выконвалі неабходныя следчыя дзеянні. Праведзена больш за 500 ідэнтэфікацыйных экспертыз, якія дапамаглі ўстанавіць падазроных асоб, што здзейснілі злачынствы, і прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасці, — расказвае аб азах прафесіі Аляксандр Іванавіч. — Акрамя гэтага, мы працуем са зваротамі грамадзян, індывідуальных прадпрымальнікаў, юрыдычных асоб, на платнай аснове праводзім почырказнаўчыя, балістычныя, дактыласкапічныя, трасалагічныя, тэхніка-крыміналістычныя экспертызы дакументаў, а таксама халоднай зброі.
Галоўнае ў нашай рабоце – дакапаццы да ісціны і ўстанавіць справядлівась. Гэта прыгожыя словы, а за імі тоіцца складаная, напружаная, шматдзённая чарнавая работа, на якую, бывае, не хапае сутак. Згодны з тым, што яна цікавая, што ў ёй ёсць сюжэты, вартыя пяра празаікаў і кінасцэнарыстаў, але мы ў працэсе думаем не пра гэта. Страемся быць максімальна ўважлівымі, акуратнымі ў рабоце з фактурай, прапрацоўваем усемагчымыя лагічныя хады з адной мэтай – якасна і граматна выканаць пастаўленыя перад намі заданні.
Сказанае кіраўніком красамоўна пацвярджаюць факты: на працягу дзесяці гадоў Глыбоцкі міжраённы аддзел судовых экспертыз займае лідарскія пазіцыі ў абласнога рэйтынгу па стабільна высокіх паказчыках службовай дзейнасці. Так, па выніках работы ўпраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці за 2017 год лепшым на Віцебшчыне было прызнага экспертна-крыміналістычнае падраздзяленне аддзела, а ў 2019-м за выдатныя дасягненні сярод аддзелаў III катэгорыі — Глыбоцкі міжраённы аддзел.
—Словы падзякі за шматгадовую плённую працу выказваю ветэранам службы,былому судоваму эксперту, падпалкоўніку юстыцыі ў запасе Віктару Генадзьевічу Протасу, лабаранту Яніне Сцяпанаўне Шыкуць, вадзіцелю Івану Сяргеевічу Нікіфаровічу, агульны стаж якіх у сістэме судовай медыцыны і крыміналістыкі сто дзесяць гадоў на траіх. Бязмерна ўдзячны маім цяперашнім калегам: начальніку сектара судова-медыцынскіх экспертыз Аляксандру Драбовічу, старшаму эксперту Дзмітрыю Варгану, эксперту Ігару Лісіцы, лабарантам Жанне Патарочынай і Людміле Заяц, медрэгістратару Людміле Шорах, санітарам Ганне Галкінай і Але Прымшэц, вадзіцелю Алегу Пярэдні, а таксама экспертам Аляксандру Мяцеліцы і Аляксандру Шчэрбе, якія нядаўна пакінулі калектыў. Усе нашы здабыткі – гэта сумарны вынік сумеснай стараннай і добрасумленнай працы, а таму ўпэўнены, што скарбонка нашых узнагарод будзе папаўняцца і ў далейшым, — з упэўнасцю кажа малады кіраўнік.
Да слова, Аляксандр Іванавіч – выпускнік Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў. Атрымаўшы адказную пасаду, разумеў, што тэарэтычныя веды – моцная аснова ў рабоце, але не менш важна і практычныя навыкі. Набываў іх пад кіраўніцтвам самага строгага і патрабавальнага настаўніка па імені Жыццё. Можна сказаць, што экзамен на прафесійную сталасць вытрымаў з годнасцю і мае заслужаныя ўзнагароды: медалі “За бездакорную службу” II і III ступеняў. 19 красавіка Аляксандр Іванавіч прысутнічаў на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным юбілейнай даце, якое прайшло ў Віцебскай філармоніі. Прысутныя атрымалі пазітыў ад сустрэч з калегамі, ад віншаванняў і пажаданняў. —У сваю чаргу я шчыра віншую з юбілейнай датай супрацоўнікаў нашага аддзела, зычу ім здароўя, цярпення, прафесійнага ўдасканалення, разумення і падтрымкі, згоды і ладу ў сем’ях, кахання, радасці ў дзецях і ўнуках, дабрабыту і шчасця, — пажадаў Аляксандр Абрамчык.
Подписывайтесь на наш Telegram-канал. Будьте в курсе самых главных новостей!