На наступным тыдні Радуніца – дзень памінання памерлых і могільнікі будуць стракацець ад сотняў штучных кветак. Яркая, бясшкодная на першы погляд, прыгажосць на самой справе прыносіць непапраўны ўрон жывой прыродзе і праблемы для здароўя чалавека.
— Гэтыя кветкі вырабляюць са штучных матэрыялаў: напрыклад, пялёсткі – з сінтэтычнай тканіны, такой, як поліэстр, латекс, арганза, якія затым для пластычнасці і трываласці апрацоўваюць рознымі хімічнымі саставамі. Для іх афарбоўкі выкарыстоўваюць даволі таксічныя анілінавыя фарбы, якія аказваюць негатыўнае ўздзеянне на здароўе чалавека: выклікаюць галавакружэнне, галаўны боль і слабасць.
Сцябло, бутоны і іншыя дэкаратыўныя элементы кветак у большасці выпадкаў робяць са шкоднага пластыка, часцей за ўсё з ПВХ, асяродак кветак і мелкі дэкор — з пенапласта, які пры сонечным награванні выдзяляе канцэрагеннае рэчыва стырол, — расказвае галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Артур Гапанёнак. — Век штучных кветак нядоўгі: яны выгараюць і іх тонамі выкідваюць на сметнікі. У другасную перапрацоўку яны не ідуць. Тэрмін іх раскладу займае ад 100 да 500 гадоў. Уявіце, колькі мільёнаў былой штучнай прыгажосці стагоддзямі будзе займаць месца на палігонах цвёрдых камунальных адходаў?! У месцах іх захавання выдзяляюцца таксічныя рэчывы, якія, трапіўшы ў глебу, забруджваюць і яе, і грунтовыя воды. Паліць штучныя кветкі таксама нельга, бо пры іх згаранні ў навакольнае асяроддзе трапляюць цяжкія металы і дзіаксіны, асабліва шкодныя для здароўя дзяцей.
Спецыялісты інспекцыі просяць жыхароў раёна не ўпрыгожваць магілы штучнымі кветкамі, а замяніць іх жывымі, выкарыстоўваць свечкі і стужкі з тканіны.
-Такімі дзеяннямі вы праявіце павагу не толькі да памяці памерлых, але і да саміх сябе і нашчадкаў. Разумныя і дальнабачныя дзеянні стануць вашым асабістым укладам у ахову прыроднага асяроддзя. І не забывайцеся, што самым дзейсным праяўленнем павагі да памерлых з’яўляецца малітва, а не букет штучных кветак, — заключыў Артур Уладзіміравіч.
Подписывайтесь на наш Telegram-канал. Будьте в курсе самых главных новостей!