Дзе, як і па якім кошце жыхары Глыбоччыны могуць набыць паліва?

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Пра цяперашнюю сітуацыю з забеспячэннем абанентаў палівам расказаў дырэктар Глыбоцкага філіяла “Віцебскаблпаліва” Леанід Яўстаф’евіч БЕЛЫ.

– Колькі абанентаў карыстаюцца вашымі паслугамі?

– Мы забяспечваем палівам жыхароў Глыбоцкага і нядаўна далучанага да нас Докшыцкага раёна – усяго 5  592-х абанентаў. У Глыбоцкім раёне іх 3  770: з іх 2  713 – сельскія жыхары, 1 057 – гараджане. У Докшыцкім раёне 1 822 спажыўцы, з якіх у райцэнтры пражываюць 149, а 1 643 – у сельскай мясцовасці.

– Якія нормы адгрузкі паліва?

– Паліва мы адпускаем у адпаведнасці з нормамі, устаноўленымі на адно домаўладанне ў каляндарным годзе: 4,9 кубаметра дроў ці 3,5 тоны торфабрыкету, альбо 3 тоны торфабрыкету і 1,2 кубаметра дроў па фіксаваных цэнах, зацверджаных рашэннем Віцебскага аблвыканкама №741 ад 29 снежня 2020 года. Гэта значыць, што ўжо два гады дзякуючы дзяржаўнай датацыі, якая выдзяляецца кожны год на змяншэнне расходаў, цэны на паліва для насельніцтва не павялічваюцца: 8,94 рубля каштуе кубаметр дроў і 25,06 рубля – тона торфабрыкету.

– Якая сума датацыі выдзелена на гэты год?

– Агульная сума дзяржаўнай датацыі на 2023 год складае 1 мільён 597 тысяч рублёў, з іх на Докшыцкі раён выдзелены 512 тысяч, на Глыбоцкі – 1 мільён 85 тысяч.

– Хто мае права на атрыманне паліва са скідкай на 50%?

– У адпаведнасці з артыкулам 16 Закона Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 года №239-З “Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян” паліва з такой скідкай мы адпускаем інвалідам і ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, асобам, прыраўняным да ўдзельнікаў вайны, інвалідам I і II груп агульнага захворвання, грамадзянам, якія пражываюць з непрацаздольнымі і пенсіянерамі па ўзросце.

– Ці можа купіць паліва гараджанін, які правёў у дом газ, ці вясковец, які падключыў электраабагрэў?

– Адзін раз у год кожны домаўладальнік, які пастаянна пражывае ў краіне і зарэгістраваны па месцы жыхарства ў доме, дзе ёсць пячное ацяпленне, не падключанае да цэнтральнага, мае права на атрыманне паліва па фіксаваных рознічных цэнах. Гэта значыць, што грамадзяніну, які ацяпляе дом газам ці электрычнасцю, але мае рэзервовы цвёрдапаліўны кацёл ці печку, раз у год норму дроў ці брыкету мы прывязём.

– Летась, каб атрымаць сваю норму паліва, трэба было пачакаць месяц-другі, а якая сітуацыя цяпер?

– Летась у пачатку ацяпляльнага сезона ў чарзе на атрыманне паліва было каля 700 чалавек, але мы да новага года задаволілі ўсе заяўкі. Цяпер забяспечваем грамадзян палівам па меры паступлення заявак: і брыкет, і дровы прывозім на працягу тыдня.

– Што трэба для таго, каб купіць паліва?

– Домаўладальнікі, якія пражываюць у горадзе ці ў гарадскім пасёлку, павінны звярнуцца ў разліковы цэнтр жыллёва-камунальнага ўчастка і ўзяць даведку пра займаемае памяшканне і склад сям’і. Затым з ёй і пашпартам звярнуцца ў наш філіял. Вяскоўцам трэба стаць на ўлік у сельскім савеце, які затым перадае спісы тых, хто мае патрэбу ў паліве, нам. На падставе даведкі, пашпарта і спісаў сельсаветаў выпісваем паліўныя кніжкі тым, хто іх пакуль не мае. Па іх ва ўказаны тэрмін дастаўляем паліва выключна па адрасе рэгістрацыі пакупніка.

– Што можаце сказаць пра якасць торфабрыкету?

– Яго якасць павінна адпавядаць умовам СТБ 1919- 2008: доля дробязі (тарфяной шумы) памерам менш за 25 міліметраў не павінна перавышаць 7% ад агульнага аб’ёму. Па тэхнічных умовах СТБ 1510-2012 на дровах павярховая вонкавая гніль не дапускаецца, а ядровая не павінна займаць больш за 65% плошчы тарца і не больш за 20% аб’ёма прывазной партыі. Якасць дроў у большасці выпадкаў залежыць ад пастаўшчыкоў. Калі паліва не якаснае, яно належыць абмену ў колькасці, якая перавышае дапушчальныя нормы. На працягу дзесяці дзён з моманту дастаўкі паліва камісія філіяла з удзелам домаўладальніка састаўляе акт абследавання і робіцца замена. Паліва – гэта тавар, за яго спажыўцы плоцяць грошы, а таму маюць права на якасны брыкет і дровы. Мы гэта разумеем і зацікаўлены ў тым, каб спрэчных сітуацый не ўзнікала, а таму з вытворцамі ў абавязковым парадку гаворым пра якасць. Сёлета, напрыклад, возім торфабрыкет з завода “Усяж” Смалявіцкага раёна, з Дзітвы і Ліды Гродзенскай вобласці. Якасцю паліва задаволены нават самыя патрабавальныя спажыўцы.

– Якія паслугі аказвае філіял насельніцтву і па якім кошце?

– Мы аказваем паслугі па пагрузцы, дастаўцы і раздзелцы дроў – пілуем іх і шчапаем. Сярэдні кошт пагрузкі паліўных двухметровых дроў, цурак і шчапаных – 5 рублёў 66 капеек за адзін кубаметр, торфабрыкету – 5,52 рубля за тону. Распілоўка дроў каштуе 16,56 за адзін кубаметр, пашчапаць – 13 рублёў 27 капеек. Кошт 1 кіламетра дастаўкі паліва – 3 рублі 58 капеек. На канкрэтным прыкладзе гэта выглядае так: кошт дастаўкі машыны двухметровых дроў на адлегласць пяці кіламетраў – каля ста рублёў, дроў цуркамі – 159, шчапаных – 280 рублёў. Дастаўка машыны торфабрыкету на адлегласць 5 кіламетраў абыдзецца ў 120 рублёў. Заяўкі на пакупку паліва можна перадаваць асабіста, праз давераных асоб ці па тэлефонах 5-01-48 ці 3-09-36.

Подписывайтесь на наш Telegram-канал. Будьте в курсе самых главных новостей!

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru