Як і дзе жыхары Глыбоцкага раёна могуць прайсці дыспансерызацыю

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 1,00 из 5)
Загрузка...

1 студзеня гэтага года ўступіла ў сілу пастанова Міністэрства аховы здароўя №83 ад 9 жніўня 2022 года “Аб парадку правядзення дыспансерызацыі дарослага і дзіцячага насельніцтва”. Аб гэтым гаворым з загадчыцай Глыбоцкай паліклінікі Веранікай Тадэвушаўнай СЯМЧОНАК.

– Якія мэты правядзення дыспансерызацыі?

– Выяўленне на ранняй стадыі неінфекцыйных хранічных захворванняў, якія могуць стаць асноўнай прычынай інваліднасці і заўчаснай смерці, захаванне і ўмацаванне здароўя людзей і працягласці іх жыцця.

– Каму і калі трэба праходзіць дыспансерызацыю?

– Пад дыспансерызацыю падпадаюць здаровыя і з фактамі рызыкі развіцця захворвання грамадзяне. Жыхары Глыбоччыны, якія маюць захворванні і знаходзяцца пад медыцынскім наглядам, у гэту катэгорыю не ўваходзяць.

Ёсць чатыры групы дыспансернага назірання: дзве дарослыя – ад 18 да 39 гадоў і ад 40 і старэйшыя, дзве дзіцячыя – ад нараджэння да года і ад года да сямнаццацігадовага ўзросту. Грамадзяне з 18 да 39 гадоў праходзяць дыспансерызацыю раз у тры гады; тыя, каму сорак і больш – раз у год; дзеці ва ўзросце да года – у адпаведнасці са схемай дыспансерызацыі; ад года да сямнаццаці – кожны год у месяц свайго нараджэння.

– Як праводзіцца дыспансерызацыя?

– У два этапы. На першым медработнікі аналізуюць медыцынскія дакументы пацыента, праводзяць анкетаванне з мэтай выяўлення фактараў рызыкі развіцця і прыкмет неінфекцыйных захворванняў. Ацэньваюць стан здароўя шляхам медагляду: праводзяць антрапаметрыю, флюараграфію, мамаграфію, лабараторнае абследаванне, вымяраюць артэрыяльны і ўнутрывочны ціск. На другім этапе, калі захворванняў не выяўлена, медработнікі кансультуюць пацыента па пытаннях медыцынскай прафілактыкі і прапаганды здаровага ладу жыцця. Калі па выніках абследавання ўзнікае трывога за стан здароўя пацыента, яго накіроўваюць да ўчастковага ўрача агульнай практыкі ці да спецыяліста, якія прызначаюць дадатковую дыягностыку, у тым ліку мерапрыемствы, накіраваныя на выяўленне нядобраякасных новаўтварэнняў.

– Дзе жыхары раёна могуць прайсці дыспансерызацыю?

– Для гэтых мэт з 1 студзеня 2023 года на другім паверсе раённай паліклінікі працуе кабінет дыспансерызацыі №216. Памочнік урача вядзе прыём кожны дзень, акрамя суботы і нядзелі, з 8.00 да 16.00 (перапынак з 12.00 да 12.30). Гэта зручна для наведвальнікаў, бо ў адным кабінеце і ціск вымяраюць, і аналізы бяруць, і анкетаванне праводзяць. Толькі флюараграфія і агляд гінеколага знаходзяцца ў іншых кабінетах. Глыбачане могуць запісацца на прыём некалькімі шляхамі: пры асабістым звароце ў рэгістратуру з 8.00 да 20.00 ці па тэлефонах 5-01-44, 5-02-15; з 8.00 да 16.00 па тэлефоне кабінета прафілактыкі 2-56-98; праз афіцыйны сайт УАЗ “Глыбоцкая ЦРБ” і пры асабістым звароце ў кабінет дыспансерызацыі №216.

Жыхары сельскай мясцовасці пры жаданні таксама могуць праходзіць дыспансерызацыю ў глыбоцкай паліклініцы, але для іх ёсць і іншыя, больш прымальныя варыянты. У раёне працуюць Падсвільская бальніца, 25 фельчарскаакушэрскіх пунктаў, дзве бальніцы сястрынскага догляду ў Бабічах і Празароках, шэсць урачэбных амбулаторый агульнай практыкі і рухомы медыцынскі комплекс. Дыспансерызацыю можна прайсці ва ўсіх пералічаных установах аховы здароўя.

Ваша здароўе – у вашых руках, таму прайдзіце дыспансерызацыю сёння, каб быць здаровымі заўтра.



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2025

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru