Украінская сям’я знайшла прытулак на Глыбоччыне

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Ірына Прыхно і Дзяніс Быкадораў з горада Дэбальцава Данецкай вобласці, дзе шчасліва жылі да 2014 года. Муж і жонка дапускалі магчымасць змен у іх жыцці, але нават не думалі, што яны будуць такімі максімальна-крытычнымі. Уцякаючы з малым дзіцём з-пад бамбёжак, думалі, што пагасцяць у Глыбокім пару месяцаў. Але з таго часу прайшло восем гадоў, якія пацвердзілі словы мудраца: няма нічога больш пастаяннага, чым часовае. Дзякуючы людской дабрыні, спагадзе і падтрымцы, Дзяніс і Ірына абжыліся ў Глыбокім, знайшлі работу і сяброў, сталі шматдзетнымі бацькамі, атрымалі кватэру, беларускае грамадзянства і разам з ім льготы, гарантаваныя дзяржавай.

Шчасце з мясцовай прыпіскай

– Да падзей 2014 года ў Дэбальцава пражывала больш за сорак тысяч чалавек. Горад быў буйным чыгуначным вузлом краіны, мяжой паміж Данецкай і Луганскай абласцямі. Як у песні, у нас стэп ды стэп вакол, лясоў няма. Ад мая да верасня тэмпература каля сарака градусаў, дажджлівае і пахмурнае надвор’е бывае рэдка, – расказвае Ірына. – У Дэбальцава жылі мае бацькі. Мама працавала настаўніцай, тата – на чыгунцы. Ён памёр як мне было ўсяго дзевяць гадоў і не мог ведаць, што я прадоўжыла яго справу: скончыла Харкаўскі дзяржаўны ўніверсітэт чыгуначнага транспарту.

З Дзянісам мы пазнаёміліся на вяселлі маёй сястры. Ён не быў ні сватам, ні госцем, проста адпачываў з сябрамі ў кафэ. Свае пачуцці мы правяралі даволі доўга – пажаніліся толькі праз сем гадоў пасля знаёмства. Здаецца, гэта было як учора, а на самой справе летась ужо адзначылі дзесяцігадовы юбілей сумеснага жыцця. Я шукала для жыцця надзейнага чалавека, які стаў бы добрым бацькам дзецям і верным мужам, памочнікам і дарадцам, з якім мы былі б разам у горы і ў радасці. Мне пашчасціла: Дзяніс аказаўся добрым, чулым, працавітым, пазітыўным чалавекам, які ўмее спакойна “разруліць” любую жыццёвую сітуацыю. Ён любіць гармонію ва ўсім: у адносінах паміж людзьмі і ў сям’і. Ён, нават калі мы, бывае, спрачаемся, успрымае супрацьлеглую пазіцыю спакойна, не крыўдзіцца, гатовы ўступіць, пайсці на кампраміс. Лад і згода ў сям’і для яго вельмі важныя. У мужа залатыя рукі, ён старанны і працавіты, яго цанілі на працы і ва Украіне, і ў Глыбокім.

Першынец, дачушка Варвара, нарадзілася ў 2013 годзе і зрабіла Ірыну і Дзяніса шчаслівымі бацькамі, якія хацелі доўга і шчасліва жыць на сваёй зямлі пад мірным небам.

“Шляхі Госпада неспазнаныя”

– Праз год у наша жыццё ўварвалася бяда. Жыць з дзіцём пад абстрэламі, хавацца ў падвале, глядзець, як рушыцца на вачах тое, што стваралася гадамі працы, было балюча да немагчымасці. Падзеі, якія адбываліся, былі падобны на страшны сон, на трагічны фільм, а не на рэальнасць. Не верылася, што ўсё гэта надоўга, таму мы прынялі запрашэнне стрыечнай сястры і ўчацвярых: я, Іра з Варварай і цешча, прыехалі ў Глыбокае, дзе ніколі не былі, – працягвае аповед Дзяніс Віктаравіч. – Хоць мы знаходзіліся амаль за паўтары тысячы кіламетраў ад дому, сачылі за сітуацыяй ва Украіне і разумелі, што зваротнай дарогі, відаць, не будзе. Знялі ў Глыбокім кватэру, атрымалі спецдазвол на пражыванне і ў верасні 2014 года ўжо пайшлі на працу: Іра – бухгалтарам, я – зваршчыкам на камбікормавы завод. Прыехалі сюды ў жніўні, з адным чамаданам, у летнім адзенні, з невялікім запасам грошай, а тут восень, дождж, халады. У няпростай сітуацыі, якую перажывалі, пераканаліся, наколькі душэўныя, спагадлівыя, гатовыя падзяліцца тым, што маюць, глыбачане. Мы ўдзячны калегам па рабоце, суседзям па дому, малазнаёмым людзям, якія дапамагалі і рублём, і неабходнымі рэчамі, падтрымлівалі маральна.

Атрыманы ў 2016 годзе від на жыхарства ў Беларусі стаў кропкай незвароту: муж і жонка вырашылі, што ў Дэбальцава больш не вернуцца. Іх рашэнне падмацавалася ў 2016 годзе нараджэннем дачушкі Сафіі, у 2018-м і 2020- м – сыночкаў Аляксея і Арсенія. Бацькі, стаўшы шматдзетнымі, узялі за найпершы абавязак – захінуць дзяцей ад страху і смерці і падарыць ім спакойнае жыццё.

Жыццё, нібы мёд упрыкуску з гарчыцай

2021 год для Дзяніса і Ірыны стаў неверагодна шчаслівым. Дзякуючы Указу №515 “Аб прыёме ў грамадзянства Рэспублікі Беларусь”, яны, у ліку 1234 сем’яў з Данеччыны і Луганшчыны, па спрошчанай сістэме атрымалі беларускае грамадзянства, а з ім розныя льготы і віды дзяржаўнай падтрымкі. Не менш радаснай падзеяй было і наваселле ў новай двухпакаёвай кватэры з выгодамі, якую пабудавалі пры дапамозе льготнага дзяржаўнага крэдытавання. Але знойдзеныя на чужыне дом і сямейнае шчасце ў тым жа годзе перакрэслілі чорным колерам новыя беды. Чарговыя выпрабаванні яшчэ больш зблізілі маладых людзей, далі моцы змагацца за сваё здароўе, загартавалі маральна, навучылі жыць адным днём і радавацца таму, што маюць.

– Громам з яснага неба стаў для нас дыягназ, пастаўлены мужу пасля перанесенай прастуды. Каб пацвердзіць яго, трэба было легчы ў абласную бальніцу, а мы яшчэ не мелі грамадзянства, таму для нас, як для замежных грамадзян, медыцынскія паслугі былі платныя. Суткі знаходжання ў бальніцы каштавалі 70 рублёў, немалыя былі сумы і за абследаванне. І зноў глыбачане не пакінулі нас. Малітвамі і матэрыяльна дапамагалі айцец Сергій і ўвесь прыход Сабора Ражджаства Прэсвятой Багародзіцы, калегі з камбікормавага завода і многія нераўнадушныя людзі… Усім ім мы ўдзячны за аказаную дапамогу.

Калі мужу прыпісалі непад’ёмныя для нас па кошце курсы хіміятэрапіі, я звярнулася ў Міністэрства аховы здароўя Беларусі і да Прэзідэнта краіны з просьбай аб паратунку. Адказам на яе быў дазвол на праходжанне Дзянісам бясплатнага курса лячэння. Цяпер муж мае нерабочую групу інваліднасці, дапамагае мне з дзецьмі і па дому. Мы разам, і верым, што Бог літасцівы і ўсё будзе добра, – з упэўненасцю кажа жанчына.

Балючай стратай 2021 года была для Ірыны смерць яе маці. Зоя Атараўна, якая вярнулася ў Дэбальцава, а затым зноў прыехала ў Глыбокае, каб дапамагчы дачцы даглядаць дзяцей, захварэла на ковід, і ў лістападзе яе пахавалі. А ў кастрычніку мінулага года памерла мама Дзяніса Алена Васільеўна.

– Пакуль жывыя бацькі, мы адносімся да іх, як спажыўцы. Просім: “Мама, пабудзь нянькай, прыгатуй есці, забяры дзяцей з сада… І мамы ніколі не адмовяцца. А яны ж самі стомленыя, ім самім хочацца адчуць нашу ўвагу і клопат. На жаль, разумеем гэта мы тады, калі ўжо позна. Таму беражыце бацькоў, паважайце іх гады, цаніце іх мудрыя парады, любіце і шануйце дарагіх вам людзей, якія падарылі вам жыццё і стараліся рабіць яго лягчэйшым і шчаслівейшым, – са слязьмі на вачах заклікала Ірына Віктараўна. – Родных бабуляў і дзядуляў мы тут не маем, але іх нам замянілі цудоўныя людзі, былыя суседзі Браніслаў Браніслававіч і Галіна Іосіфаўна Грамакоўскія. Калі якая форс-мажорная сітуацыя, то яны заўсёды выручаюць: бяруць пад нагляд нашу “армію” і выдатна спраўляюцца з ёй.

Галоўнае ў жыцці – вера, сям’я і “надвор’е” ў доме

Так лічаць Ірына і Дзяніс, і ў гэтым адзінстве думак – пацвярджэнне таго, што яны – дзве маленькія палавінкі аднаго цэлага, якія знайшліся ў вялікім свеце. Абое з радасцю расказваюць пра дзяцей, іх інтарэсы і захапленні, параўноўваюць дом з вуллем, дзе пастаянны звон і гул, жартуюць, што асабліва любяць дзяцей, калі тыя спяць.

Калі ж сур’ёзна, то Варвара і Сафія – дружныя сястрычкі і таленавітыя дзяўчынкі. Вучацца ў нядзельнай школе пры Саборы Ражджаства Прэсвятой Багародзіцы. Займаюцца ў музычнай школе, спяваюць, танцуюць, выступаюць. Паколькі генеральныя рэпетыцыі ў іх заўсёды праходзяць дома, таму канцэртаў тут хапае. А вось як падрастуць Аляксей і Арсеній, бацькі па парадзе хроснага Віталя Мацкевіча, трэнера дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, хочуць запісаць іх у секцыю грэка-рымскай барацьбы.

– Дзеці – гэта радасць і бясконцы клопат. Яны – эксперыментатары і вынаходнікі, артысты і жартаўнікі, пастаянна заахвочваюць да актыўных дзеянняў, не даюць сумаваць і апускаць рукі, – гавораць Дзяніс і Ірына. – У Беларусі прыгожая прырода, лясы, азёры, шмат цікавых месц, пра якія мы чыталі і куды пастараемся даехаць усёй сям’ёй. Галоўнае, каб сонечна і спакойна было ў краіне, дружна і без дажджоў – у нашых дамах, светла, цёпла і з Богам — у душах.



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru