У Ядзвігі быў добры музычны слых, прыгожы голас і вялікае, насупраць волі бацькі, жаданне стаць гарманістам. Схаваўшыся ў адрыне, яна знаходзіла сабе ўтульнае мястэчка, абкладвала схованку сенам, каб прыглушыць голас баяна, і … іграла. Дзіцячае захапленне прайшло з ёй праз усё жыццё – музыка была і застаецца сяброўкай, якой жанчына давярае самае патаемнае.
Ядзвіга Вільгельмаўна – дзіця вайны, нарадзілася ў шматдзетнай сям’і, дзе гадаваліся васьмёра дзяцей.
– Мы жылі ў вёсцы Маскалішкі на Пастаўшчыне, непадалёк ад літоўскай мяжы. Пасля вайны было голадна, елі тое, што на зямлі вырасцілі. Пазней у магазіны пачалі завозіць такія-сякія тавары, але яны былі па талонах. Да таго ж, у Маскалішках магазіна не было, і за хлебам мы хадзілі за дваццаць кіламетраў у Паставы. Восенню ішлі па бездарожжы, палявымі дарогамі каля ўзлескаў, поцемкамі, бо дзень жа кароткі. Зімой дарогу, дзякуючы марозу, напрасткі пракладвалі. Купіш хлеба і назад – з нялёгкай ношай. А дома кожны дзень цепліла рускую печ, цяжкія катлы з бульбай цягала – трэба ж было і самім есці, і жывёлу карміць. Падарвалася, ляжала ў бальніцы, – успамінае Ядзвіга Вільгельмаўна. – У Маскалішках была пачатковая школа, скончыла я яе і адразу пайшла ў калгас працаваць. Каласкі пасля жніва падбірала, кукурузу і лён палола. Вучобу працягвала спачатку ў вячэрняй Курапольскай сямігодцы, затым – у Целякоўскай дзесяцігодцы. Як памёр тата, мне было сямнаццаць гадоў. Уся сялянская праца, якую рабіў ён, лягла на мае плечы: я і арала, і касіла, і сена вазіла. Іншы раз ад работы аж горка, але не плакала: брала ў рукі татаў баян і іграла. Музыка лячыла душэўны боль, дапамагала забыцца пра жыццёвыя нягоды, настройвала на аптымізм. Акрыленая і натхнёная, я зноў бралася за працу – жыццё працягвалася на пазітыве, які давала мне музыка.
Любоў да яе перадалася Ядзі ад бацькоў. Яе маці Ядзвіга Іосіфаўна прыгожа спявала. Бацька Вільгельм Адольфавіч быў майстрам-самавучкам, заядлым баяністам. Рамантаваў баяны, акардэоны, гітары, балалайкі, настройваў іх. Не адмаўляўся, даваў прыватныя ўрокі хлопцам з вакольных вёсак, з Ігналіны, і з суседніх літоўскіх.
– Іншы раз я сваё рабіла, і чула, як яны скрыпалі на баяне, як у іх нічога не атрымлівалася, па некалькі разоў адзін і той жа напеў ігралі. Я музыку на ляту запамінала, магла прайграць адразу, але тата быў катэгарычна супраць таго, каб я вучылася іграць. Тлумачыў тым, што была ў вёсцы ўжо адна дзеўка-гарманістка, якой на вяселлях плацілі чаркай, і тая трапіла, як кажуць, у бутэльку. Тата мне такога лёсу не жадаў, таму і забараняў, а вось да спеваў заахвочваў. Больш таго, разам з сястрой Жэняй прымушаў нас спяваць на два галасы, трэніраваў і сам нам падыгрываў, – расказвае жанчына. – Але, бачачы маю настойлівасць і схільнасць да музыкі, здаўся, самаручна зрабіў мне баян, які я захоўваю ў сваёй калекцыі да цяперашняга. Гэты інструмент дарагі мне, бо ён памятае цяпло татавых рук.
Песня, без перабольшвання, дапамагала Ядзі жыць святлей, весялей і цікавей. Больш таго, баян перавёў яе з паляводства ў сферу культуры. Дзяўчына працавала загадчыцай клуба, затым – у Целякоўскай бібліятэцы. Выступала на ўсіх святах: спявала, акампаніятарам была, вяселлі іграла. Але была рэалісткай: не думала, што музыка пракорміць, таму паступіла на заатэхніка ў сельгастэхнікум у Швянчоніс. Але быць студэнткай ёй не давялося.
– Старшыня Пастаўскага райвыканкама Валянціна Клачкова сказала мне: “Ты актывістка, камсамолка, у прафсаюзе была старшынёй, з людзьмі ўмееш ладзіць, ведаеш іх – месца табе ў сельвыканкаме”. Так і сталася: амаль дзесяць гадоў я адпрацавала сакратаром Казлоўшчынскага сельвыканкама. Там і з мужам будучым пазнаёмілася. Сцяпан якраз адслужыў у арміі, прыйшоў станавіцца на ўлік. Наша першая сустрэча была рабочая. Другая адбылася ў рыбгасе “Навінкі”, дзе я выступала з канцэртам. Пасля ён запрасіў мяне на танец. Праз восем месяцаў сяброўства мы пажаніліся. І было гэта так: аднойчы ён вёз мяне на веласіпедзе на танцы ў Асінаў Гарадок. Спыніўся раптоўна, дастаў каляндар, паказаў дзень, абведзены кружочкам, і кажа: “13 верасня будзе наша вяселле”. Не пытаўся, ці згодна я, ці кахаю яго, не раіўся, як і што будзем рабіць – сказаў, як адрэзаў: так і атрымалася, – згадвае далёкія падзеі Ядзвіга Вільгельмаўна. – Вяселле наша 13 чысла 1969 года мне да цяперашняга помніцца. Восень была, бездарожжа. Мы ехалі на грузавой машыне. Забуксавалі, да стала дабраліся да двух ночы. Стаміліся так, што ні ў маладых, ні ў сватоў сілы не было есці і весяліцца…
Вось ужо сорак шэсць гадоў, як Ядзвіга Вільгельмаўна жыве на Глыбоччыне. Пераехала сюды з мужам і дачушкамі Аняй і Таняй. Спачатку працавалі ў саўгасе “Энгельса”, пазней – у саўгасе “Прагрэс”: яна была памочніцай брыгадзіра на ферме, ён – брыгадзірам. У 90-х гадах Ядзвіга Вільгельмаўна стала жонкай фермера.
– Узялі трыццаць гектараў зямлі. Тэхнікай абзавяліся. Сеялі збожжавыя, бульбу садзілі, сена нарыхтоўвалі, бо дзесяць кароў мелі. Малако здавалі. Я была і за даярку, і за даглядчыцу на гаспадарцы, і памочнікам мужа-прараба, бо ўжо тады дом у Жабінцы будавалі, і бухгалтарам. Калі трэба, то і за руль садзілася, бо правы мела, у маладосці на матацыклах ездзіла, і на грузавіках, – працягвае аповяд мая суразмоўца. – А як якая нагода, юбілеі, вяселлі, народзіны, брала ў рукі татаў баян. Спачатку на вяселлі ездзіла адна, а як муж стаў касіцца, брала яго з сабой. Я іграю, спяваю, сватоў забаўляю, а ён з дзяўчатамі-гасцямі вытанцоўвае… Гады прайшлі, я пасталела, а разам са мной і музыка, але па-ранейшаму яна – часцінка маёй душы. Я не ведаю ніводнай ноты, не вучылася ў музычнай школе, але калі іграю – ажываю і, здаецца, скідваю з жыццёвых рахункаў гадоў дваццаць.
У 2018 годзе Ядзвіга Вільгельмаўна адзначыла 75-годдзе з дня нараджэння. Да гэтай даты былая настаўніца Кіраўскай СШ, аўтар паэтычных зборнікаў Алена Пажога напісала верш для жанчыны і пра яе любоў да музыкі. Паколькі Ядзвіга Вярцінская музыку не піша, песню, прысвечаную ёй, спявае на матыў вядомай “Деревеньки моей”. А ў ёй такія радкі:
“Я родилась в деревне, там, где Мяделка-речка.
Подружилось с гармошкой моё с детства сердечко.
За моё увлеченье папа часто бранил,
Хоть был сам музыкантом и гармошку любил.
Я с гармошкой на свадьбах и на проводах пела,
А когда вышла замуж жизнь, как прежде, летела…
Поиграю немножко – с песней радостней жить.
И с любимой гармошкой продолжаю дружить”.
Вось ужо тры гады Ядзвіга Вільгельмаўна жыве адна: муж, з якім разам адлічылі золата пяцідзесяцігадовага веку, памёр. Яе ўцеха цяпер – дочкі, унукі і праўнукі. Ранейшая актывістка дапамагае вяскоўцам у вырашэнні іх пытанняў, бо да цяперашняга яна – старэйшына вёскі Жабінка. У вольны час займаецца рукадзеллем, вяжа яркія дыванкі. Любіць пагартаць старыя фотаальбомы, а затым бярэ ў рукі баян і плыве на музычных хвалях у далёкую шчаслівую маладосць.
Подписывайтесь на наш Telegram-канал. Будьте в курсе самых главных новостей!