Радасная святочная атмасфера пануе ў гэтыя дні ў калектыве раённага Дома рамёстваў. Дзень работнікаў культуры метадысты, народныя майстры сустракаюць у поўнасцю абноўленым будынку. Цяпер яны захоплены прыемнымі клопатамі навасёлаў, абжываюцца ў светлых пакоях і майстэрнях.
– Шмат прыемных для нас падзей адбылося ў гэтым годзе, – расказвае загадчыца Дома рамёстваў Таццяна Карнеева. – У рамках падрыхтоўкі да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкі-2022” зроблены рамонт будынка нашай установы, праведзены вадаправодная і каналізацыйная сістэмы, абнавіўся інтэр’ер усіх памяшканняў. Ад імя ўсяго калектыву шчыра дзякую кіраўніцтву раёна за аказаную ўсебаковую дапамогу ў правядзенні такога маштабнага рамонту. У нас створаны камфортныя ўмовы для працы метадыстаў, для заняткаў з дзецьмі.
На сённяшні дзень у штаце Дома рамёстваў 13 чалавек. Усе, можна сказаць, апантаныя творцы, захопленыя любімай справай. Метадысты карпатліва вывучаюць асаблівасці традыцыйных рамёстваў нашага краю і на іх аснове ствараюць свае арыгінальныя і непаўторныя вырабы – сапраўдныя шэдэўры мастацтва. Аб чым сведчаць шматлікія перамогі і ўзнагароды ў прэстыжных і прадстаўнічых конкурсах і выставах. Вось і ў гэтым годзе творчая работа калектыву Глыбоцкага дома рамёстваў была адзначана Дыпломам І ступені на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы народнай творчасці “Вясновы букет“. За ўдзел у абласным адкрытым конкурсе “Сцяжкі майстэрства-2022”, які ладзіўся ў рамках ХХХІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, народныя майстры Глыбоччыны ўдастоены Дыплома ІІ ступені. На гэтым жа фестывалі метадыст Алена Міхайлоўская стала дыпламанткай міжнароднага конкурсу майстроў ткацтва “Палатняныя пераплёты-2022” у намінацыі “Лепшая хатняя калекцыя”, а Арцём Фамін быў узнагароджаны Дыпломам І ступені на міжнародным пленэры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Гліна спявае”, які праводзіўся ў г.п. Копысь Аршанскага раёна.
Творчасць таленавітых глыбоцкіх майстроў атрымала шырокае народнае прызнанне і высокую ацэнку спецыялістаў не толькі ў нашым Прыдзвінні, у Беларусі, але і за межамі краіны. Складаемыя поспеху – высокі прафесіяналізм і адметны творчы почырк кожнага асобна ўзятага метадыста, народнага майстра.
З нядаўняга часу ўзначальвае калектыў установы Таццяна Карнеева. У Доме рамёстваў працуе з 1999 года. Сама дасканала валодае некалькімі відамі традыцыйных народных рамёстваў, вывучае і аднаўляе народны касцюм нашага рэгіёна, робіць усё для таго, каб творчы агеньчык разгараўся з новай сілай, зачароўваў усіх і саграваў.
Імя народнага майстра Беларусі, майстра роспісу на палатне Святланы Скавыркі вядома шырокаму колу спецыялістаў і ўсіх прыхільнікаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Святлана Анатольеўна ў сваіх работах выкарыстоўвае элемент традыцыйнага мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я”, якому нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Яна ўдзельніца і лаўрэат многіх конкурсаў і выстаў, якія праводзіліся ў розных гарадах Беларусі, а таксама ў Расіі і Польшчы. Свой багаты творчы вопыт перадае ўдзельнікам курсаў павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў устаноў культуры, працавала ў складзе журы на міжнародным конкурсе майстроў традыцыйнага сучаснага мастацкага роспісу «Фарбы нябёсаў» (2020 г.). Падчас «Славянскага базару ў Віцебску» ў 2020 годзе ў рамках арт-праекта «Партрэт майстра» была арганізавана яе персанальная выстава «Чароўны свет маляванкі».
Метадыст па ганчарстве і ручной лепцы з гліны Арцём Фамін даследуе і вывучае асаблівасці глыбоцкай керамікі. Ён з’яўляецца лаўрэатам раённай прэміі «Лепшы майстар традыцыйных рамёстваў» (2016 г.). Неаднаразовы ўдзельнік рэспубліканскага свята «Вясновы букет» і дыпламант міжнароднага плэнера па ганчарстве ў г.п. Копысь Аршанскага раёна. З 2020 года – сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, праводзіць майстар-класы падчас міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».
Майстар разьбы па дрэве Віктар Дудкевіч цікавіцца гісторыяй народнай дзіцячай драўлянай цацкі. Ён стварыў макеты старадаўніх прылад для апрацоўкі дрэва, калекцыю драўляных цацак. Станавіўся лаўрэатам конкурсу майстроў разьбы па дрэве «Дрэва жыцця», які праводзіцца падчас міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».
Валянціна Логвін працуе метадыстам па вышыўцы і карункапляценні. Майстар валодае рознымі тэхнікамі вышыўкі і прыёмамі вязання, займаецца рэканструкцыяй адзення, дыпламант міжнароднага конкурсу лапікавага шыцця «Полацк-квілт», лаўрэат абласной выставы-конкурсу «Ручнік як лёс», дыпламант многіх іншых конкурсаў. Навуковы супрацоўнік Юлія Арэхава займаецца выцінанкай і саломапляценнем. Яна член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, дыпламант шэрагу прэстыжных выстаў і конкурсаў. З чэрвеня 2022 года Юлія Іванаўна займае пасаду навуковага супрацоўніка.
Метадыст па ткацтве Алена Міхайлоўская авалодала многімі відамі ткацтва. Удзельніца і ўладальніца дыпломаў шэрагу раённых, абласных і рэспубліканскіх выстаў і конкурсаў. І яе цёзка Алена Дабравольская, метадыст па ткацтве паясоў, – высокакласны спецыяліст і надзвычай творчы чалавек. У ліпені гэтага года ўдзельнічала ў міжнародным конкурсе майстроў ткацтва ”Палатняныя пераплёты-2022“ і была ўзнагароджана дыпломам. Такая ж актыўная ўдзельніца ўсіх святаў і фестываляў метадыст па вырабе беларускай лялькі Марына Дземяшкевіч. Майстар стварае калекцыі паясоў, абрадавых і дэкаратыўных лялек, асвойвае тэхніку лапікавага шыцця.
Стае мэтанакіраванасці Таццяне Фаміной. Яна валодае некалькімі відамі народнай творчасці, на дадзены момант займаецца валяннем з воўны. На яе персанальнай выставе “Обретая мастерство” выстаўляліся лялькі, зробленныя па ўласнай аўтарскай тэхналогіі.
Кацярына Кісель – аўтар персанальнай выставы «Дзівосы чараўніцы воўны» і ўладальніца “Гран-пры” абласной выставы цацак і лялек «Кірмаш цудаў» – зараз знаходзіцца ў сацыяльным адпачынку па доглядзе дзіцяці. Яе з нецярпеннем чакаюць у калектыве.
Значны ўклад у агульную справу па адраджэнні народных рамёстваў уносяць метадысты філіяла Дома рамёстваў у г. п. Падсвілле. Працуюць там надзвычай працавітыя і таленавітыя майстры Валерый і Алена Мацюшонкі, Наталля Васілеўская. Працуюць творча, натхнёна. Яны пастаянныя ўдзельнікі і дыпламанты многіх конкурсаў і фестываляў.
І, канешне ж, надзеі ўскладаюць у калектыве Дома рамёстваў на Антона Пузікава, які зусім нядаўна стаў працаваць метадыстам па лепцы з гліны.
Прасторы творчасці неабсяжныя. Няхай жа спорыцца праца народных майстроў. Павіншуем работнікаў і ветэранаў раённага Дома рамёстваў з прафесійным святам, пажадаем ім моцнага здароўя і новых здабыткаў.
Даведка. Снежань 1989 года. У Глыбокім пачаў працаваць Дом рамёстваў. На той час гэта была адна з першых такіх устаноў культуры на Віцебшчыне. Вялікая заслуга ў яе адкрыцці належыць кіраўніцтву раёна і, у прыватнасці, былому загадчыку аддзела культуры райвыканкама Марыі Канстанцінаўне Паляк. Закладвала аснову матэрыяльнай базы, фарміравала калектыў першы дырэктар Дома рамёстваў Галіна Юльянаўна Батвінёнак. Сярод тых, хто першым браўся за справу па адраджэнні традыцыйных рамёстваў нашага краю, – Вера Васільеўна Байкова (ткацтва), Марыя Вячаславаўна Ермаловіч (саломапляценне), Раіса Васільеўна Іўчык (ганчарства). Вера Байкова і Марыя Ермаловіч першымі з нашых землякоў былі ўдастоены ганаровага звання ”Народны майстар Беларусі“.