“Восеньская рапсодыя” – гэта другая персанальная выстава майстра народнага клуба народных майстроў “Крыніца” Галіны Машковай у родным горадзе, на якой прадстаўлены каля двух дзясяткаў гравюр, а таксама кампазіцыі з кветак і стабілізаванага моху.

— Шмат чым захапляюся. Люблю жывапіс, манументальны жывапіс – распісваю сцены. А яшчэ мне падабаецца аэраграфія – распісваю машыны, таксама малюю на тканіне, бывае, шыю мяккія цацкі. А з самых любімых – канешне ж, графіка і кветкавыя кампазіцыі, – расказвае Галіна Аляксандраўна.

Галіна Машкова нарадзілася ў Глыбокім. Скончыла Віцебскі каледж мастацтваў. Затым вучоба ў Маскоўскай сацыяльнай акадэміі была звязана з кафедрамі рэкламы, ландшафтнага мастацтва і дызайна. У дадатак яна скончыла яшчэ і школу аэраграфіі ў Санкт-Пецярбурзе.

Працуе Галіна ў магазіне “Кветкі”, таму шмат часу ўдзяляе стварэнню самых разнастайных кампазіцый. Вось і зараз ствараючы выставу, вырашыла сумясціць розныя жанры прыкладнога мастацтва. Каля паўтара дзясятка гравюр размешчаных на выставе аздоблены кампазіцыямі са стабілізаванага мху і стабілізаваных раслін.
У шчырай сяброўскай атмасферы адкрывалася выстава Галіны Машковай “Восеньская рапсодыя”. Былі кветкі ад арганізатараў выставы, прыхільнікаў яе творчасці, гучалі самыя цёплыя пажаданні поспехаў, новых творчых захапленняў. Асобна выдзяляліся ў гэтым шматгалоссі словы кіраўніка народнага клуба народных майстроў “Крыніца” Святланы Кавальчук і народнага майстра Беларусі Святланы Скавырка: “Здорава! Шыкоўна! Так трымаць, Галіначка!”.

І ўпэнены, кожны гэта скажа, наведаўшы выставу, якая будзе працаваць да сярэдзіны кастрычніка.