З кожным днём усё выяўней адчуваецца набліжэнне вялікага свята, назва якому – фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі-2022”. Глыбокае прыгажэе нават не па днях, а па гадзінах.
Адзін за адным здаюцца аб’екты, дзе праводзіліся маштабныя рамонтныя работы. З пышным, важкім караваем будуць сустракаць жыхары Глыбоччыны шматлікіх гасцей з усяго Прыдзвінскага краю.
Безумоўна, адным з цэнтраў прыцягнення падчас правядзення ўрачыстасцей стануць установы культуры горада. І тут трэба сказаць, што будынкі гэтых устаноў за час падрыхтоўкі да “Дажынак” непазнавальна папрыгажэлі, свецяцца свежымі, яркімі фарбамі. У гэтыя дні рамонтныя работы завершаны альбо знаходзяцца на завяршальнай стадыі.
Узяць, напрыклад, будынак Дома рамёстваў, дзе рамонтныя работы праводзіць таварыства з абмежаванай адказнасцю “Рэгул-Інвест”. Завершаны рамонт фасада і цокаля будынка, устаноўлена агароджа. На цяперашні час будаўнікі поўным ходам займаюцца аддзелкай сцен, столі і падлогі, як на першым, так і на другім паверхах будынка. А спецыяльны праект па мадэрнізацыі часткі будынка Дома рамёстваў, якім прадугледжвалася перапланіроўка існуючага памяшкання пад санітарны пакой, ужо рэалізаваны рабочымі філіяла “Докшыцыводаканал”.
Заіграў пад промнямі сонца, стаў сапраўдным упрыгожаннем цэнтральнай часткі горада будынак Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці. Варта зазначыць, што гэты будынак з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і знаходзіцца пад аховай дзяржавы, таму работы, прадугледжаныя бягучым рамонтам (афарбоўка фасада, рамонт ганка, замена вонкавых дзвярных блокаў) вяліся ў адпаведнасці з распрацаванай праграмай і пад строгім наглядам спецыяліста. Падрадчыкам на гэтым аб’екце выступаў калектыў ТАА “СМР-буд”.
Значны аб’ём рамонтных работ быў запланаваны і ў гарадскім Доме культуры. І ўжо частка гэтых работ завершана, а частка знаходзіцца на завяршальнай стадыі. Унутры будынка фактычна абноўлены ўсе памяшканні, апроч рабочых адміністрацыйных кабінетаў. Канешне ж, не абышлося і без вонкавага рамонту – пасвяжэў, папрыгажэў фасад. Падрадчыкам па правядзенні рамонтных работ тут з’яўляецца прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “ВАСЛЕС”.
І, мабыць, самы вялікі аб’ём работ па бягучым рамонце будынка дзіцячай школы мастацтваў. Праводзіцца ён у тры этапы. На першым этапе была заменена электраправодка, зроблены рамонт столі, сцен і падлогі. На гэтым этапе падрадчыкам выступала ТАА “Навітэл”. На другім этапе бягучым рамонтам фасада, адмосткаў і ганка займаюцца будаўнікі ТАА “СМР-буд”. Пэўны аб’ём работ прадугледжаны і на заключным, трэцім, этапе рамонту.