Прадпрыемства «Аута» заўсёды на вышыні

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Па-першае  таму, што  профіль яго работы  звязаны з рамонтам дахаў,  а там, як кажуць, зямля нізка, воблакі блізка. А па-другое, прыватнае прадпрыемства,   створанае Віктарам Лабунько з нуля чвэрць стагоддзя назад, сёння, дзякуючы адказнасці, з якой тут адносяцца да справы,  і якасці выканання работ,  добра вядомае на рынку будаўнічых паслуг як  на Глыбоччыне, так і за яе межамі.

Аляксей Пратасевіч, Андрэй Варанёнак, дырэктар прадпрыемства Віктра Лабунько, Віктар Генеральчык, Аляксандр Калчак, Аляксандр Пратасевіч.

Так атрымалася, што ўраджэнец вёскі Чэрасы Міёрскага раёна, выпускнік Латвійскай ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі, які плённа працаваў аграномам калгаса “Пушкіна” Рэзекненскага раёна Латвійскай СССР,  у 1997 годзе рэзка змяніў сферу дзейнасці і заснаваў таварыства з абмежаванай адказнасцю “Вытворча-камерцыйнае прадпрыемства “Аута”.

“Аута”, таму што рэчка з такой назвай працякае ў Чарневічах, куды Віктар Лабунько пераехаў жыць з сям’ёй у пачатку 90-ых гадоў,  а   замест агранаміі будаўніцтва таму, што   яно запатрабавана ў любы час, пры любых зменах у грамадстве. Прынятае рашэнне было  правільным: з выбарам сферы дзейнасці з  такой   вузкапрофільнай спецыялізацыяй, як рамонт дахаў, Віктар Мечыслававіч не прагадаў.

Напачатку ў “Ауце” было дзесяць работнікаў і такі-сякі інструмент. Аўтавышку і патрэбны транспарт арандавалі, бо свайго не мелі. Першым заказчыкам  “Ауты” была кандытарская фабрыка “Віцьба” з  Віцебска.  Работы выкананыя якасна і ў адведзеныя тэрміны сталі  добрай  рэкламай  прадпрыемству-пачаткоўцу. Паціху-памалу заказы пачалі паступаць з розных раёнаў. “Аута” працавала ў школах, дзіцячых садках, рамантавала жылыя шматкватэрныя дамы, удзельнічала ў рэканструкцыі Глыбоцкага МКК і мясакамбіната…

Праз дзесяць гадоў  калектыў  прырос яшчэ двацццацю работнікамі, а цяпер у “Ауце” – пяцьдзесят чалавек. Купілі  сваю  аўтавышку, два грузавыя аўтамабілі, чатыры мікрааўтобусы для перавозкі людзей – работа ж звязана з камандзіроўкамі.

—Наш дэвіз: працаваць, каб жыць,  прафесійны брэнд — рабіць так, каб не было сорамна за вынік, агульная  мэта – нягледзячы на складанасці, верыць у сябе, расці і развівацца, — кажа Віктар Мечыслававіч.

Наколькі гэта ўдаецца “Ауце”, красамоўна гавораць лічбы і факты.  Прадпрыемства ніколі не было даўжніком, своечасова і ў поўным памеры  робіць адлічэнні ў  раённы бюджэт і  ў фонд сацыяльнай абароны. У  2009 і 2013 гадах “Аута”  была занесена на раённую Дошку гонару па выніках працы, у 2012-ым, —  як  “лепшы падаткаплацельшчык”.

—Мы толькі закончылі рамонт даха шматкватэрнага дома па вуліцы Леніна ў Глыбокім і па вуліцы Энергетыкаў ў Новалукомлі. Цяпер рамантуем адміністрацыйны будынак ДРБУ-145. Як субпадрадная арганізацыя  робім бягучы рамонт дзіцячага садка №3 у Глыбокім, займаемся капітальным рамонтам жылога дома №30 па вуліцы Касманаўтаў у Паставах і перакрываем дах  інтэрната Пастаўскага дзяржаўнага коледжа і прапановы на рамонт новых аб’ектаў паступаюць, — кажа Віктар Мечыслававіч.  – Ёсць заказы – ёсць работа –будуць заробкі, а значыць, і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, — гаворыць дырэктар “Ауты”.

За дваццаць пяць гадоў працы на прадпрыемстве склалаліся свае добрыя традыцыі,  і адна з іх – мацаваць кадравы патэнцыял. Не першы год   працуюць страхарамі Аляксей Пратасевіч і яго брат Аляксандр. Святаслаў Астрэшкін прывёў на прадпрыемства сына Дзяніса: цяпер на аб’ектах працуюць бацька-настаўнік і вучань-сын.  З першага дня ў “Ауце” галоўным бухгалтарам працуе Марына Гінтофт, а яе муж Леанід Мар’янавіч –  вадзіцелем…

—Раман Федарэнка, Аляксандр Белавус, Віктар Васільеў, Уладзімір Худэнка… Тыя,  каго назвалі, і тыя, каго не ўспомнілі, рабочыя на аб’ектах і офісныя спецыялісты, вартыя  павагі, пашаны і найлепшых слоў удзячнасці, — сказаў Віктар Мечыслававіч.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru