Будынак цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці, які размяшчаецца па вуліцы Леніна, 40, – гісторыка-культурная каштоўнасць, а таму рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы праходзяць тут пад кантролем спецыялістаў Міністэрства культуры. Перад будаўнікамі пастаўлена задача “амаладзіць” будынак, пры гэтым захаваўшы архітэктурны стыль і дэкор, які адпавядаў бы часу яго пабудовы.
Тэндар на правядзенне работ выйграла прыватнае будаўнічае прадпрыемства “СМР-Буд” з Глыбокага.
– Мы прыступілі да работы адразу пасля “Вішнёвага фестывалю” і пастараемся выканаць даведзеныя аб’ёмы да сярэдзіны жніўня. Штодня на аб’екце працуюць сем чалавек. Асноўныя віды работ – вонкавая рэстаўрацыя, афарбоўка, замена некаторых вокнаў і дзвярэй. Сюды не падыйдуць сучасныя шклопакеты, патрэбны драўляныя рамы і дзверы, а сталяроў, якія іх зрабілі б, цяпер знайсці цяжка, – кажа кіраўнік прадпрыемства Аляксандр Сталетаў. – Цяпер тынкуем сцены і фундамет. Фарбаваць будзем пад цагляны колер, а элементы архітэктурнага дэкору – бэжавым. На правядзенне работ з бюджэту выдзелены больш за сто тысяч рублёў.
– Апошні раз фасад будынка абнаўлялі ў 2012 годзе, напярэдадні правядзення ў Глыбокім рэспубліканскага свята пісьменства. Летась у лістападзе будаўнікі замянілі аварыйныя балкі на гарышчы, зрабілі адлівы, устанавілі на даху снегаўтрымальнікі, і гэта зіма была больш бяспечнай: мы не баяліся, што “шапкі” снегу ці ледзяшы зваляцца на пешаходаў. Пасля цяперашняга рамонту наш будынак, які знаходзіцца ў самым цэнтры горада, набудзе прывабны эстэтычны выгляд, і мы з радасцю будзем сустракаць на нашых мерапрыемствах гасцей абласнога свята, – сказала дырэктар цэнтра Аксана Гуменнік.