Глыбокае – наш дом і мы, яго жыхары, хочам, каб у ім было ўтульна, зручна, камфортна, прыгожа, каб мы з гонарам паказвалі гасцям зробленае і дасягнутае.
Я жыву тут 53 гады. Горад стаў маёй другой радзімай. Я люблю Глыбокае і радуюся пазітыўным зменам, якія пастаянна адбываюцца. У канцы мая даведалася з раённай газеты, што ў перыяд па[дрыхтоўкі да абласных “Дажынак” у горадзе будзе адрамантавана больш за сто аб’ектаў і адразу не паверыла, што такое магчыма. Прайшоў месяц, і я бачу, што памылілася. Кожны дзень, нягледзячы на надвор’е, у кожным куточку, а не толькі ў цэнтры горада, кіпіць работа. Не абыдзены ўвагай ніводзін жылы мікрараён, сацыяльныя аб’екты, дарожная інфраструктура, месцы адпачынку…
Уяўляю, як прыемна будзе жыць у абноўленых дамах жыхарам мікрараёнаў МКК, Беразвечча, Камуністычнай. А з якім задавальненнем ездзяць цяпер па вуліцах Палявой, Школьнай, Шпітальнай, Камсамольскай, Энгельса, Маскоўскай, Леніна, Чырвонаармейскай вадзіцелі. Раней тут была яма на яме, асфальтавае пакрыццё знасілася ад часу, а цяпер – хоць каціся. Намнога бяспечна стала пешаходам, бо ў горадзе пракладзены дзясяткі метраў тратуара. І зноў жа, гэта зроблена не па цэнтральных, а перыферыйных вуліцах: па Інтэрнацыянальнай, Піянерскай, Калініна, Міра, Палявой… Я жыву ў шматкватэрным доме па вуліцы Міру, і там першы раз за 53 гады заасфальтавалі дваровыя заезды да пад’ездаў, пракладваюць тратуар ад магазіна “Дамавы” ў бок вуліцы Камсамольскай. Як жа тут не радавацца?!
Ва ўсім, што робіцца ў горадзе, адчуваецца пільнае вока і гаспадарчы падыход да справы старшыні райвыканкама Аляксандра Шубскага. Ён разам са спецыялістамі прымае актыўны ўдзел у планаванні работ, у іх каардынацыі, прыслухоўваецца да глыбачан, падтрымлівае любую добруюініцыятыву, скіраваную на карысць горада, ідзе насустрач пажаданням людзей. Яго зацікаўленасць і нераўнадушша імпануе нам. З пачуццём павагі мы жадаем кіраўніку раёна, каб усё задуманае абавязкова збылося!



Л. ШЧЭБЕТ, ветэран працы г. Глыбокае. Фота Г. СУТУЛА і А. ПАНКРАТА.