Азярэцкая школа – адна з нямногіх устаноў адукацыі, у якой вучні вывучаюць французскую мову. Гэты вучэбны прадмет быў адным з любімых і ў сёлетніх выпускнікоў. Таму пацвярджэнне – толькі выдатныя адзнакі на выпускным экзамене па французскай мове: чатыры “дзясяткі” і дзве “дзявяткі”.
А пасля экзамену юнакоў і дзяўчат чакаў прыемны сюрпрыз. Іх з заканчэннем школы павіншаваў даўні сябра, папулярны спявак з Рэспублікі Кот-д’Івуар Жан Клод Аоку Амані (творчае імя JС Pluriel). Ён паімённа звяртаўся да кожнага з адзінаццацікласнікаў, Вікторыі Волкавай, Елізаветы Жырновай, Яўгенія Гір’ятовіча, Паўла Завацкага, Ільі Гіля, Аляксея Сярова, а таксама шчыра вітаў дырэктара школы Людмілу Лукашэвіч і настаўніка Часлава Берніковіча, якія выкладаюць французскую мову. У прыватнасці, Жан Клод (JС Pluriel) зазначыў: “Я вельмі ўдзячны маім сябрам з Азярэцкай школы. Дзякуючы вам я адкрыў для сябе новую, далёкую і такую прыгожую краіну Беларусь. З вялікім задавальненнем хацеў бы наведаць яе”.
Уся справа ў тым, што знаёмства з чалавекам з далёкага кантыненту пачалося чатыры гады таму назад, калі выпускнікі гэтага года былі яшчэ сямікласнікамі. У сеціве інтэрнэт яны пачулі прыгожую лірычную песню на французскай мове пра маці “Me‑res d’ici et d’ailleurs”, аўтарам і выканаўцам якой з’яўляецца Жан Клод Аоку Амані (JС Pluriel). Азярэцкія школьнікі праз сацыяльныя сеткі пазнаёміліся са спеваком з гэтай заходне-афрыканскай краіны. Яны вывучылі і сталі спяваць яго песню на французскай мове, а затым знялі некалькі відэаролікаў са сваім выступленнем і даслалі далёкаму сябру. Так завязалася перапіска і дружба з артыстам. Вучні расказвалі яму пра свае школьныя справы. Ад Жана Клода Аоку Амані даведваліся пра Рэспубліку Кот-д’Івуар, пра культуру і звычаі людзей, што насяляюць гэту краіну, пра яе галоўны эканамічны і культурны цэнтр горад Абіджан, у якім жыве і працуе Жан Клод (JС Pluriel).
Сёння, пакідаючы родную школу, выпускнікі Азярэцкай дзіцячы сад-сярэдняй школы шчыра дзякуюць сваім настаўнікам, якія далі ім глыбокія веды, дапамаглі на належным узроўні авалодаць замежнай мовай, адкрылі шырокі шлях у вялікі свет.