Раённы этап сямейнага фестываю па масавым футболе “Тата, мама, я – футбольная сям’я” – адно з самых любімых спартыўных мерапрыемстваў глыбачан.
Сёлета ў ім удзельнічала 55 маладых глыбоцкіх сем’яў.
Раённы этап фестывалю праводзіўся пры партнёрстве ЮНІСЕФ і пры падтрымцы Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”, а таксама Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта і сектара спорту і турызму райвыканкама. Па добрай традыцыі на тэрыторыі стадыёна, на алеі “70 гадоў Перамогі + спорт”, адзін з лепшых спартсменаў ДЮСШ, прызёр першынства Рэспублікі Беларусь, член юнацкай зборнай краіны па валейболе Максім Янковіч разам з ганаровымі гасцямі свята пасадзіў маладзенькі клён.
А на футбольным полі гарадскога стадыёна, можна сказаць, яблыку не было дзе ўпасці. Масавасць сёлетняга мерапрыемства можна патлумачыць яшчэ і тым, што у гэты дзень і ў гэтым месцы ладзілася яшчэ раённага свята для дзяцей і з удзелам дзяцей.
А таму ў сектарах стадыёна і на бегавых дарожках размяшчаліся розныя выставачныя, спартыўныя і забаўляльныя пляцоўкі. Асабліва прываблівалі дзяцей і іх бацькоў інтэрактыўная пляцоўка Глыбоцкага раённанага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
На спартыўных пляцоўках сваё спартыўнае майстэрства дэманстравалі юныя цяжкаатлеты (трэнер С. Сімановіч), выхаванцы аддзялення грэка-рымскай барацьбы Глыбоцкай ДЮСШ. Прыцягвалі ўвагу выстава дзіцячых кніг, арганізаваная супрацоўнікамі цэнтральнай раённай бібліятэкі, выстава творчых работ гурткоўцаў Цэнтра дзяцей і моладзі.
А яшчэ многіх юных глыбачан захапіў, літаральна запалоніў фестываль-шоў фарбаў “Холі” з Віцебска.
Выпацкаўшыся сухімі рассыпнымі фарбамі дзеці ад душы весяліліся, спявалі і танчылі.
Вяршыла святочны дзень цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў і пераможцаў футбольнага фестывалю “Тата, мама, я – футбольная сям’я” і цікавая летняя канцэртная праграма, падрыхтаваная самадзейнымі артыстамі гарадскога Дома культуры і юнымі таленавітымі глыбачанамі, гурткоўцамі Цэнтра дзяцей і моладзі.
А выдатны тэмп спартыўнаму святу задалі паважаныя ветэраны пастаянныя ўдзельніцы раённых святаў, сяброўкі клуба “Эдэльвейс”. Яны з самага ранку запрасілі ўсіх жадаючых на агульнагарадскую зарадку.
Футбольны фестываль і свята дзяцінства адкрыла намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Тарасевіч. Яна павіншавала дзяцей і дарослых з выдатным спартыўным святам, пажадала летняга цёплага настрою, самых пазітыўных эмоцый і яркіх перамог у футбольных матчах. Таццяна Леанідаўна ўручыла Ганаровыя граматы і прызы лепшым работнікам фізічнай культуры і спартсменам раёна.
З найлепшымі пажаданнямі да ўдзельнікаў свята звярталася і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Лазаронак і ўручыла пасведчанні і значкі заўзятым аматарам фізічнай культуры і спорту, якія выканалі нарматывы, прадугледжаныя Дзяржаўным фізкультурна-аздараўленчым комплексам Рэспублікі Беларусь. Праграма свята вялікая, насычная заняла без малога гадзін пяць. Свята – стала сапраўдным падарункам для маладых сем’яў.
Кожная сям’я-ўдзельніца футбольнага фестывалю атрымала ў якасці памятных сувеніраў футболкі і футбольны мяч. Прызёрам і пераможцам каманд сярод татаў, мамаў і дзяцей у чатырох узроставых групах былі ўручаны памятныя медалі. Сем’і-пераможцы ўзнагароджаны кубкамі ад Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”. Самым юным ўдзельнікам Макару Плюта і Дзіяне Грак, а таксама вопытнаму спартсмену-аматару Лявонцію Часлававічу Кавальскаму ў якасці падарункаў арганізатары фестывалю ўручылі рукзакі.
У завяршэнні мерапрыемства былі названы тры мацнейшыя футбольныя сям’і, якія паедуць абараняць гонар нашага раёна на рэспубліканскі этап футбольнага фестывалю “Тата, мама, я – футбольная сям’я”. Трэцяе месца заняла сям’я Сасноўскіх – Васілій Часлававіч, Зоя Канстанцінаўна і іх дзеці Іван, Павел і Эвеліна. Другое месца ў сям’і Цыркіных Аляксандра Аляксандравіча, Людмілы Віктараўны і іх дзяцей Вячаслава і Вадзіма. Пераможцамі раённага этапу сямейнага фестывалю па масавым футболе стала сям’я Корсакаў – Сяргей Віктаравіч, Валянціна Сяргееўнаі іх дзеці Арцём, Кірыл, Максім і Сергей.