Тата, мама + пяць дзіцячых «я» = шматдзетная сям’я

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Сям’я – гэта галінка радаводу, якая моцна трымаецца за родную зямлю з дапамогай яго карэння; гэта каманда, здольная генерыраваць ідэі і акумуліраваць энергію, патрэбную для іх рэалізацыі; гэта аўтарскі калектыў, які вядзе летапіс сямейнай славы і папаўняе архіў лёсаў і радаводаў беларускай дзяржавы. Свае старонкі ў ім піша і дружная працавітая шматдзетная сям’я Эдуарда і Маі Міхнаўцоў, якая жыве ў вёсцы Дабрэзіна і з якой мы сустрэліся напярэдадні Дня сям’і.

У адрозненне ад большасці маладых сем’яў, якім патрэбны гарадскія выгоды і камфорт, Эдуард і Мая выбралі вясковае прыволле, свежае паветра, экалагічна чыстае харчаванне, сельскі размераны стыль жыцця і ўласную справу, якую развіваюць разам. Не было б дзіва, каб муж і жонка працягвалі на зямлі справу бацькоў, але яны – карэнныя гараджане, якія, як кажуць, выраслі на асфальце і аднойчы прынялі неардынарнае рашэнне.

Эдуард ураджэнец Салігорска. Скончыў Мінскі політэхнічны каледж, затым – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Мая родам з Барысава. Жыла з бацькамі ў прыватным доме непадалёк ад рэчкі, змалку любіла прыроду і яе хараство. Дарога лёсу прывяла яе ў той самы Мінскі політэхнічны каледж, у якім вучыўся Эдуард. Навучальная ўстанова стала месцам іхняга знаёмства і стартам да большых, чым сяброўскія, узаемаадносін. У 2005 годзе яны завяршыліся вясельным маршам Мендэльсона і абменам заручальнымі пярсцёнкамі. У тым жа годзе Эдуард і Мая сталі бацькамі. У шумным, людным, мітуслівым Салігорску, дзе яны гадавалі маленькага Мікітку, не хапала прыроднага раздолля, натуральных прадуктаў, і бацькі дзеля здароўя дзіцяці вырашылі пераехаць у вёску.

– У пошуках месца, якое б ляжала да душы, аб’ездзілі ўсю Беларусь, але варыянта, які б задаволіў абодвух, не знайшлі. Дапамог Інтэрнэт: прачыталі пра аграсядзібу “Утрына” на Глыбоччыне і прыехалі на агледзіны ваколіц. У параўнанні са стотысячным Салігорскам, тут ціш, побач – лес, недалёка азёры Вялікая Пліса, Белае, Баброва, Крывое. Улюбіліся ў гэтыя мясціны, купілі старую хату ў Дабрэзіна і ўзяліся за работу, – расказвае Эдуард.

У яго, гараджаніна, раптам “прачнуліся” гены дзядоў-сялян: невядома адкуль узяліся навыкі цесляра, сталяра, печніка, пазней – аратага і земляроба. Эдуард зрабіў рамонт у хаце і патрэбную драўляную мэблю. У прыбудове абсталяваў кухню і сталовую. У вёсцы, якая знаходзіцца ў тупіковай зоне Падсвільшчыны, няма водаправода, але мужчына з дапамогай помпы падвёў у хату ваду і абсталяваў душавы пакой. Сам без праблем справіўся з электраправодкай, падключэннем бойлера, пасудамыйнай і пральнай машынак…

У 2013 годзе сям’я Міхнавец перажыла ў Дабрэзіна першую зіму, вытрымала выпрабаванне холадам і сялянскай працай, адаптавалася да сялянскага побыту і ўжо дзевяць гадоў жыве ў вёсцы. За гэты час Мая, выпускніца Інстытута парламентарызма і прадпрымальніцтва, набыла новую «прафесію» – стала шматдзетнай матуляй, разам з мужам выхоўвае пяцёра дзяцей.

Мікіта вучыцца ў дзясятым класе Падсвільскай школы. Удзельнік алімпіяд па фізіцы і матэматыцы, занесены на школьную Дошку гонару. Цікавіцца кіберспортам і хіміяй, дома праводзіць вопытна-доследную работу. Удзельнічаў у віртуальным праекце па распрацоўцы дызайна інтэр’ера. Мікіта дапамагае бацьку ў будаўніцтве, на ферме, нарыхтоўваць дровы на зіму. І з роляй няні для малодшых сястрычкі і браціка нядрэнна спраўляецца. Любіць гатаваць, здзіўляць дамашніх стравамі, зробленымі па ўласных рэцэптах.

Услада – татава любіміца. Так атрымалася, што ён першы ўзяў яе на рукі, бо роды праходзілі дома – давезці жонку да бальніцы часу не было. Мужчына прызнаецца, што ў той момант адчуў такую асалоду, што і імя дачцэ выбраў, абапіраючыся на гэтае пачуццё.

Услада заканчвае другі клас. Яна дапытлівая, актыўная і таленавітая дзяўчынка: прыдумвае дызайн адзення для лялек, удзельнічае ў конкурсах малюнкаў, займаецца ў музычнай школе па класе фартэпіяна, здымае відэа і хоча весці свой інтэрнэт-канал. Па выніках мінулага года Услада прызнана самай актыўнай чытачкай бібліятэкі. А яшчэ яна выдатны рэжысёр-пастаноўшчык, які экспромтам рыхтуе і ставіць спектаклі для малодшай аўдыторыі.

У верасні гэтага года пойдзе ў першы клас Цімур, энергічны баявы хлопчык, які любіць хатніх жывёл, цікавіцца тэхнікай і ахвотна дапамагае бацьку яе рамантаваць. А ў вольны час Цімур са сваёй камандай, сястрычкай Эльмірай і брацікам Мішам, забяспечваюць маме пастаянную занятасць.

І хоць у Маі Валер’еўны спраў хапае, яна яшчэ паспявае варыць сыры з казінага і каровінага малака, а муж развозіць гатовую прадукцыю па заказчыках, якія жывуць і ў раёне, і ў Полацку, і ў Мінску. Жанчына ўдзячна Сяргею і Марыі Ткачовым, гаспадарам аграсядзібы “Майстэравыя” з Бабруйшчыны за ідэю.

Асноўны занятак Эдуарда – чатыры гектары арандаванай зямлі, рабочая сельгастэхніка і яе рамонт, ферма, на якой гадуе карову і козачак. Дзеці з задавальненнем кормяць і даглядаюць козачак-зефірак, названых так па прычыне іх белага колеру, а яшчэ выгульваюць поні па імені “Пончык”. Купіўшы яго, Эдуард ажыццявіў самую запаветную мару Услады.

Калі выдаецца вольная хвіліна, гаспадар без справы не сядзіць: хапае работы па добраўпарадкаванні прыдамавой тэрыторыі і ў старым садзе. Па-суседску выручае вяскоўцаў: рамантуе сапсаваныя тэлевізары, радыёпрыёмнікі, бытавую тэхніку, а калі трэба, то інжынеррадыёэлектроншчык і дровы ім пашчапае, і градкі ўскапае, бо амаль усе жыхары Дабрэзіна – людзі сталага веку.

Была ў Эдуарда задумка добраўпарадкаваць вёску, высечы хмызняк, які “наступае” на двары і хаты, але адна пара рук з такой работай не справіцца. Запрасілі ў госці, а затым папрасілі дапамагчы гарадскіх сяброў і знаёмых. Каб ім было дзе спыніцца, купілі, падрамантавалі і абсталявалі пад жыллё невялікі домік. У ім адна сям’я паспрабавала жыць, але зіма прагнала іх, далікатных гарадскіх жыхароў, назад у горад. Затое летам домік не пустуе. Сябры на сезон становяцца валанцёрамі і дапамагаюць Эдуарду наводзіць парадак у Дабрэзіна.

Летам сям’я дружна адпраўляецца ў лес па грыбы і ягады альбо ў веласіпедныя прагулкі па азёрным кальцы.

– Мы шчаслівыя, што знайшлі гэта месца, што разам займаемся справай, якая ляжыць да душы, што падрастаюць дзеткі, што мы кахаем адзін аднаго і беражліва захоўваем гэтае юнацкае пачуццё. Мы – самі сабе гаспадары, маем тое, што заробім, а таму не лянуемся. Некаторых глуш пужае, а мы прывыклі. Для мяне, напрыклад, выбрацца ў горад за пакупкамі – стрэс. Дзяцей у школу возіць школьны аўтобус, ходзіць тут і рэйсавы “Глыбокае-Дабрэзіна”. У вёсцы два разы на тыдзень бывае аўталаўка. Калі нешта трэба дакупіць – ёсць свой аўтамабіль. Нядаўна з дапамогай сельвыканкама вырашылі пытанне з вывазам бытавых адходаў: да нас цяпер прыходзіць смеццезборнік, – гаворыць Эдуард Аляксандравіч.

Летась падчас свята “Падсвільскі світанак” Мая Валер’еўна была ўзнагароджана ордэнам Маці. Сям’я Міхнавец аформіла мацярынскі капітал, атрымала права мець кватэру з выгодамі, пабудаваную за дзяржаўны кошт, і ўсе ільготы, якімі карыстаюцца шматдзетныя сем’і. Але пераязджаць у горад муж і жонка не збіраюцца. На іх думку галоўнае ў жыцці, каб у сям’і панавалі лад і згода, каб сэрцы двух чалавек былі заўсёды закаханымі, каб дзеці раслі здаровымі, каб у доме было шчасце. А яно, як вядома, не зважае на ўзрост, сацыяльны статус і на вясковую прыпіску

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2024

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru