Новаўвядзенні для не занятых у эканоміцы ўвялі ў Беларусі

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

У красавіку пад кіраўніцтвам старшыні Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Веры Цяліцы прайшло чарговае пасяджэнне пастаянна дзеючай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва.

Вера Міхайлаўна праінфармавала прысутных аб змяненнях у дзеючым заканадаўстве, якія датычаць занятасці насельніцтва.

Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 166, якая ўступіла ў сілу з 1 сакавіка 2022 года, пашырыла круг асоб, якія будуць аплачваць паслугі ЖКГ з поўнай кампенсацыяй затрат. Сюды ўваходзяць эмігранты працаздольнага ўзросту, не занятыя ў эканоміцы, якія маюць ва ўласнасці жыллё, а таксама члены іх сем’яў, у якіх няма работы ў Беларусі. Раней не занятыя ў эканоміцы грамадзяне аплочвалі камунальныя паслугі па поўным кошце толькі пры ўмове, калі яны не працавалі і не плацілі падаткі 183 дні ў годзе. У адпаведнасці з унесенымі змяненнямі, калі гэтыя грамадзяне выехалі за межы краіны да 1 сакавіка і больш чым на 30 дзён, у красавіку атрымаюць пераразлічаныя сумы па аплаце камунальных паслуг са стопрацэнтнай кампенсацыяй затрат на іх аказанне.

Выключэннямі, якія даюць права не аплачваць камунальныя паслугі па поўным кошце, з’яўляецца выезд беларусаў за мяжу на лячэнне пры дакументальным пацверджанні гэтага факта, знаходжанне грамадзян Беларусі на дыпламатычнай службе ў замежных прадстаўніцтвах і консульствах альбо работа ў краінах Еўразійскага Саюза – у Расіі, Казахстане, Кыргызстане, Арменіі.

Ёсць яшчэ акалічнасці, якія павінны ведаць грамадзяне, працуючыя за мяжой. Першае: раней дастаткова было прадставіць у перакладзеным варыянце працоўны дагавор з замежнай фірмай, цяпер патрэбна, каб гэты дагавор быў заключаны ў поўнай адпаведнасці з працоўным заканадаўствам. Другое: з базы дадзеных не занятых у эканоміцы выключаюцца грамадзяне, якія працуюць за мяжой, а робяць адлічэнні страхавых узносаў на будучую пенсію ў Фонд сацыяльнай абароны па месцы жыхарства ў Беларусі.

Ёсць змяненні і ў адносінах грамадзян, якія маюць прысядзібныя ўчасткі. Раней яны павінны былі прадставіць даведку толькі аб іх наяўнасці, цяпер, каб не трапіць у базу дадзеных як незанятыя ў эканоміцы, трэба будзе прадставіць даведку, што на прысядзібным участку сапраўды нешта расце, высаджваецца ці гадуецца.

– Пра ўсе змяненні мы інфармуем жыхароў Глыбоччыны і, у прыватнасці, тую катэгорыю грамадзян, з якой працуем па прычыне іхняй незанятасці. Скажу, што ў красавіку аддзел занятасці прапаноўвае беспрацоўным 276 вакансій. Ёсць выбар розных спецыяльнасцей, з рознымі заробкамі, трэба толькі хацець працаваць, мацаваць уласны дабрабыт і эканоміку сваёй краіны, – сказала Вера Міхайлаўна.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru