Спартыўны клуб “Рынг” установы “Віцебская абласная СДЮШАР прафсаюзаў па цяжкай атлетыцы і боксе “Спортальянс” мае слаўную 35-гадовую гісторыю. І вось ужо на працягу апошніх 22 гадоў ён базіруецца і развіваецца пад дахам аднаго з буйнейшых прамысловых прадпрыемстваў горада Глыбокае – мясакамбіната. Сёння ў зале боксу кожны дзень праводзяцца трэніроўкі, ладзяцца спаборніцтвы. Сюды, у будынак, што па вуліцы Маскоўскай, 81, спяшаюцца зусім яшчэ шчуплыя хлапчукі, ужо загартаваныя на трэніроўках падлеткі і ўзмужнелыя юнакі.
– Амаль палова нашых выхаванцаў – гэта дзеці работнікаў Глыбоцкага мясакамбіната, – расказвае заснавальнік спортклуба, старшы трэнер-выкладчык Віктар Мацвеевіч Каляга. – І вельмі прыемна, што кіраўніцтва прадпрыемства праяўляе ўвагу да развіцця фізічнай культуры і спорту, клапоціцца аб фізічным выхаванні падрастаючага пакалення, развіцці такога папулярнага віду спорту, як бокс.
Не так даўно ў памяшканні спартыўнай залы праведзены рамонт. Натуральна, палепшыліся ўмовы для трэніровачных заняткаў. На базе спортклуба пастаянна падчас школьных канікулаў працуе спартыўна-аздараўленчы лагер для дзяцей. Кіраўніцтва камбіната заўсёды ідзе нам насустрач, дапамагае ў арганізацыі харчавання дзяцей. За дапамогу, за ўвагу да нашых патрэб удзячны дырэктару і спецыялістам прадпрыемства. Заўсёды рады іх бачыць у нас на трэніроўках і падчас спаборніцтваў.

Аб тым, што кіраўніцтва Глыбоцкага мясакамбіната вельмі зацікаўлена ставіцца да выхаваўча-трэніровачнага працэсу, да патрэб юных аматараў боксу, сведчыць і нядаўняя невялічкая, але значная для калектыву спортклуба падзея. У спартыўна-аздараўленчым лагеры, які працаваў падчас вясенніх школьных канікулаў, зазірнулі дырэктар мясакамбіната Анатоль Андрэевіч Дук і старшыня прафкама прадпрыемства Наталля Пятроўна Макаранка.
Выхаванцы трэнераў-педагогаў Віктара Калягі і Аляксандра Шарабайкі дружным шматгалосым хорам віталі сваіх гасцей. Хлопчыкі і дзяўчынкі (сёлета ў спортклубе займаюцца пяцёра дзяўчынак) расказалі пра дасягнутыя поспехі, а затым некаторыя з іх прадэманстравалі сваё спартыўнае майстэрства, правялі паказальныя баі на рынгу.
Сустрэча атрымалася нязмушанай, поўнай душэўнай цеплыні. У яе завяршэнні ўсе з задавальненнем паўдзельнічалі ў фотасесіі.