На цэнтральнай плошчы 6 сакавіка працавала тэматычная пляцоўка “Адзіны дзень бяспекі”, у рабоце якой прынялі ўдзел спецыялісты і спецтэхніка ВУ ”Глыбокаегаз”, Глыбоцкіх электрычных сетак, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і райаддзела Дэпартамента аховы, таварыства выратавання на водах і раённай бальніцы.
Мерапрыемства адкрыў Цар-Блін, які і быў галоўнай дзеючай асобай свята. Ён удзельнічаў у тэатралізаваным выступленні, гукаў вясну, вёў спартыўныя спаборніцтвы, падчас якіх добраахвотнікі спрабавалі залезці на высокі слуп і дастаць смачныя падарункі, падводзіў вынікі і ўзнагароджваў пераможцаў конкурсаў на лепшую тантамарэску (стэнд для фатаграфавання) і “Масленіца ідзе – усім радасць нясе” на арыгінальнае прадстаўленне свайго Цара-Бліна.
Да слова, жадаючых атрымаць прызы было шмат, а вось дацягнуцца да іх удалося толькі двум шчасліўчыкам. Імі аказаліся глыбачанін, навучэнец Пастаўскага вучылішча Дзмітрый Карандзей і механізатар з сельгаспрадпрыемства “Мнюта” Аляксандр Крыкштуль.
Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прынялі ўстановы адукацыі горада, дзяржпрафліцэя, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, дзіцячая школа мастацтваў і дзіцячая мастацкая школа імя Я. Драздовіча, раённы Дом рамёстваў, цэнтр дзяцей і моладзі, прадпрымальнікі…
На працягу чатырох гадзін пад залацістымі промнямі сакавіцкага сонейка Глыбокае спявала, танцавала, частавалася блінамі і рознымі прысмакамі.
Фінальным акордам стала цырымонія ўзнагароджання. У конкурсе на лепшую тантамарэску першае месца занялі супрацоўнікі Глыбоцкага МКК, другое – Глыбоцкая дзіцячая школа мастацтваў, трэцяе раздзялілі калектывы дзіцячага сада №2 і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. У конкурсе на лепшае прадстаўленнне Цара-Бліна лідыравала Глыбоцкая дзіцячая школа мастацтваў. На другім месцы – СШ №2 і дзіцячы сад №1 “Вішнёвая казка”. Трэцяе раздзялілі Глыбоцкі МКК і дзіцячы сад №6. Пераможцы і ўдзельнікі ўзнагароджаны дыпломамі.