Дзяржаўная нерухомасць — старт для развіцця ўласнай справы

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Указ Прэзідэнта краіны ад 10 мая 2019 года №169 “Аб распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю” значна спрасціў працэдуру яе продажу і тым самым пасадзейнічаў актывізацыі пакупніцкага запыту на аб’екты дзяржаўнай нерухомасці і паспрыяў росту эканамічнай складаемай. Размову на ўзнятую тэму працягваем з намеснікам начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Таццянай Мікалаеўнай СУШКО.

– У чым заключаецца сутнасць спрашчэння працэдуры продажу нерухомасці, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці?

Парадак распараджэння дзяржаўнай маёмасцю пастаянна ўдасканальваецца.

Указ Прэзідэнта краіны ад 10 мая 2019 года №169 “Аб распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю” прыняты з мэтай актывізацыі працэсу ўцягнення ў гаспадарчы абарот нявыкарыстанай дзяржаўнай маёмасці. Указ таксама прадстаўляе магчымасць прадаваць аб’екты, вызначаныя для зносу, без перадачы пакупнікам зямельных участкаў у выпадку, калі пакупнік зацікаўлены ў выкарыстанні атрыманых у выніку зносу матэрыялаў. А яшчэ Указ урэгуляваў пытанні для продажу дзяржаўнай маёмасці фізічным асобам, якія займаюцца аграэкатурызмам і рамесленай дзейнасцю.

У залежнасці ад стану выкарыстоўваемага аб’екта, прапаноў балансаўтрымальніка райвыканкам прымае рашэнне аб продажы аб’екта з аўкцыёна, у тым ліку з устанаўленнем пачатковага кошту, роўнага адной базавай велічыні, якая са студзеня складае 32 рублі. З 2012 года аб’екты, акрамя тых, што знаходзяцца ў абласных цэнтрах і ў Мінску, можна адразу выстаўляць на продаж з пачатковым коштам у адну базавую велічыню. У адпаведнасці з заканадаўствам усе аўкцыённыя таргі праводзіць камітэт “Віцебскаблмаёмасць”.

– Для якіх мэтаў могуць набываць дзяржаўную маёмасць грамадзяне?

– Першае – для развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці. Напрыклад, гараджанін ці вясковец аформіўся індывідуальным прадпрымальнікам, яму патрэбна месца пад гараж для работы, пад склад для захавання тавараў, уласны магазін. Ён купляе за 32 рублі будынак былога магазіна ці школы ў непасрэднай блізасці да месца пражывання, робіць за свае сродкі рамонт, пераабсталёўвае, перабудоўвае і выкарыстоўвае па прызначэнні.

Другое – купленыя аб’екты дзяржнерухомасці можна перавесці ў жылыя памяшканні, адрамантаваць і жыць ці выкарыстаць набытую нерухомую маёмасць для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі.

Трэцяе – пусціць іх пад знос, выкарыстаўшы будаўнічы матэрыял для іншых уласных патрэб, для будаўніцтва дома ці гаража. А затым у абавязковым парадку трэба правесці рэкультывацыю зямельнага ўчастка, дзе яна знаходзілася.

– Продаж маёмасці – гэта адзін з варыянтаў вырашэння пытання, а якія ёсць яшчэ?

– Акрамя продажу аб’екты нерухомасці можна здаваць у арэнду і бязвыплатна перадаваць у прыватную ўласнасць суб’ектам гаспадарання з умовай стварэння імі рабочых месцаў і прыцягнення інвестыцый.

– Што часцей за ўсё выстаўляюць на аўкцыён па базавай велічыні?

– Будынкі былых дзіцячых садкоў, школ, бібліятэк, клубаў у сельскай мясцовасці і іншае.

– Якія аб’екты прададзены праз аўкцыён у раёне летась?

– Летась у гаспадарчы абарот вернуты чатыры аб’екты дзяржаўнай нерухомасці: былая панская канюшня ў Залессі, Ураджайнаўская і Гірстунская школы, шэсць аб’ектаў Зябкаўскай школы. Каналізацыйна-ачышчальныя збудаванні ў Падсвіллі на бязвыплатнай аснове перададзены ТАА “Фішмэн Пауэр” для рэалізацыі праекта “Лакальныя ачысныя збудаванні ТАА “Фішмэн Пауэр” у г.п. Падсвілле з умовай стварэння на вытворчасці з выкарыстаннем перададзенай нерухомай маёмасці не менш за 30 новых рабочых месцаў і прыцягнення інвестыцый у асноўны капітал.

– Што плануецца прадаць у гэтым годзе і да якіх аб’ектаў дзяржнерухомасці ўжо могуць прыглядацца прадпрымальныя жыхары Глыбоччыны?

– Аддзел па адукацыі райвыканкама выстаўляе на продаж 4 будынкі былых дзіцячых садкоў у Ломашах, Зябках, Гатаўшчыне, Галубічах і школы ў Лучайцы з магчымасцю зносу. Чатыры аб’екты выстаўлены за адну базавую велічыню, комплекс капітальных збудаванняў у Гатаўшчыне па вуліцы Маладзёжнай – за тры базавыя велічыні (за 96 рублёў).

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама прапануе на продаж за адну базавую велічыню будынак былога манастыра кармелітаў з падвалам у Глыбокім на плошчы 17 Верасня, 3а, былога ашчадбанка ў Верхнім, а з магчымасцю зносу 6 аб’ектаў: Зябкаўскі, Лучайскі і Пятроўшчынскі дамы культуры, заездны дом у Івесі, Залескі клуб, культурна-спартыўны цэнтр у Азярцах.

УП ЖКГ для бязвыплатнай перадачы ці для продажу з аўкцыёна з устанаўленнем пачатковага кошту, роўнага адной базавай велічыні, шукае інвестара на комплекс капітальных збудаванняў плошчай большай за 23 тысячы метраў квадратных (тэрыторыя былога льнозавода); ДП “Азярцы” – комплекс капітальных збудаванняў на былой тэрыторыі цагельнага завода плошчай 3 тысячы метраў квадратных, а ДП “Ломашы” – будынкі кандытарскага і малочнага цэхаў у Ломашах.

Акрамя гэтага, прапануем нявыкарыстаную маёмасць, перададзеную ва ўласнасць раёна ад Глыбоцкага райспажыўтаварыства, якая знаходзіцца цяпер на балансе райвыканкама.

Гэта комплекс капітальных збудаванняў з прахадной, станцыяй перапампоўвання, воданапорнай вежай, артсвідравінай, помпавай станцыяй па вуліцы Чыгуначнай, 24 у Глыбокім; будынак архіва і склад матэрыялаў па Чыгуначнай, 24/7, 24/8; павільён для шклатары, матэрыяльны склад па Чыгуначнай, 24/5, 24/6; комплекс капітальных збудаванняў, куды ўваходзяць адміністрацыйны будынак, кансервавы цэх, фрукта- і гароднінасховішча, магазін-склад другаснай сыравіны; механізаваны прыёмна-нарыхтоўчы пункт; навес, прахадная, артсвідравіна, закрытая трансфарматарная падстанцыя, кацельня, воданапорная вежа, воданапорная сетка, аўтадром па вуліцы Леніна, 131А ў Глыбокім (тэрыторыя былой нарыхтоўчай канторы).

– Якія аб’екты нерухомасці, што знаходзяцца на балансе сельвыканкамаў, могуць купіць для развіцця ўласнага бізнесу жыхары раёна?

– Прадпрымальных людзей, перш за ўсё на вёсцы, могуць зацікавіць будынкі былых магазінаў у аграгарадку Карабы-2, у вёсках Запаснікі, Залеські, Завараты, Старыя Шарабаі, Гірстуны, Скрабянец, Малыя Давыдкі, Шарагі, Сяменьчыкі, Карасі, Замхава, Празарокі, Юркава, Забор’е, Івесь, Узрэчча, Лучайка, Запруддзе, Каралевічы, Кісарэўшчына-1 і будынак кандытарскага цэха ў Падсвіллі па вуліцы Савецкай, 15Б. Нерухомасць знаходзіцца на тэрыторыях Удзелаўскага, Карабоўскага, Падсвільскага. Ломашаўскага, Празароцкага, Зябкаўскага, Пліскага, Узрэцкага, Залескага, Галубіцкага і Азярэцкага сельвыканкамаў.

Інфармацыя аб невыкарыстоўваемых аб’ектах нерухомасці размяшчаецца на сайце https://glubokoe. vitebsk-region.gov.by/ru/ neisp_obj райвыканкама. Калі ў грамадзян узнікнуць пытанні наконт удзелу ў аўкцыёнах альбо спатрэбіцца кансультацыя, яны могуць звяртацца ў аддзел эканомікі райвыканкама, (вул. Леніна, 42) кабінет 51 ці па тэлефоне +375 (2156) 2-58-40.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru