На ўчастку для галасавання №7, які размешчаны ў Азярэцкай СШ, за час датэрміновага галасавання сваё права выбару скарысталі 52% вяскоўцаў. 27 лютага мы разам з мабільнымі групамі пабывалі на выязным галасаванні ў вёсках Азярэцкага сельсавета.
Інжынер-электрык сельгаспрадпрыемства “Азярцы” Юрый Бурэнь і намеснік галоўнага бухгалтара гэтага прадпрыемства Рыта Сыраватка ў вёсцы Гваздова наведаліся да Мікалая Раманавіча Скурата, былога трактарыста і камбайнера, які адпрацаваў у сельскай гаспадарцы чатыры дзясяткі гадоў.
Разам з ім у той дзень за мір і стабільнасць у краіне прагаласавала і яго жонка Валянціна Мікалаеўна. За працэсам галасавання з цікавасцю назіраў, а затым дапамагаў бабулі Валі апусціць бюлетэнь унук Максім.
Жыхарка вёскі Гваздова, лабарантка Глыбоцкай занальнай ветэрынарнай лабараторыі Жанна Рубашка аддала свой голас за спакойнае неба над галавой і мірную працу, якая дапамагае людзям ажыццявіць іхнія жаданні. Жанна Іванаўна кажа, што яна багаты чалавек, бо ў яе жыве мама, якой 88 гадоў, што яна мае дзяцей, чацвёра ўнукаў і хоча, каб яе сям’я жыла шчасліва ў сваёй краіне.
Людміла Іосіфаўна Гінько памятае Вялікую Айчынную вайну. Ёй было сем гадоў, калі на яе малую радзіму прыйшлі немцы. Без бацькі сіротамі гаравалі, галадалі, бо зямлю, якую мелі, не было каму апрацоўваць. З 14 гадоў Людміла Гінько працавала спачатку паляводам, тады – даяркай. За выдатную працу была ўзнагароджана паездкай у Германію. Выгадавала двух сыноў, мае чацвёра ўнукаў. Пражыла нялёгкае жыццё, пахавала родных людзей, але і цяпер у свае 88 гадоў жанчына цікавіцца падзеямі ў свеце, радуецца прыезду ўнукаў і галасуе за тое, каб яны жылі на сваёй зямлі без вайны, гора і слёз.