Выхавальніца Азярэцкай дзіцячы сад-сярэдняй школы, старшыня прафсаюзнага камітэта навучальнай установы Наталля Жалткевіч галасуе за тое, каб адраджаліся вёскі, каб тут нараджалася больш дзетак, каб весела і галасіста было ў дзіцячым садку і ў школах.

Аляксандр Франкоўскі, які працуе вальшчыкам у Глыбоцкім лясніцтве, аддаў свой голас за стабільную працу і гарантаваную бяспеку на беларускай зямлі.

У асноўны дзень галасавання свой голас за мір, эканамічны і фінансавы дабрабыт і развіццё сяла аддаў былы намеснік дырэктара саўгаса “Азярцы” Сяргей Іванавіч Волкаў, які шмат гадоў быў старшынёй выбарчых камісій падчас правядзення электаральных кампаній.

Людміла і Міхаіл Каліцкія з Азярцоў прыйшлі галасаваць дружнай шматдзетнай сямёй, дзе падрастаюць трое дзетак. Людміла Леанідаўна па прафесіі выхавальніца, муж працуе ў Азярэцкай СШ. Муж і жонка жадаюць, каб дзеці не ведалі вайны, каб мелі права на атрыманне адукацыі, на працу, адпаведна прафесіі, каб працавалі дзеля шчаслівай будучыні сваёй краіны.
