Старшыня Празароцкага сельскага выканаўчага камітэта, сельскага Савета дэпутатаў Інеса Іванаўна МІХАЙЛОЎСКАЯ:
– Мне пашчасціла слухаць Пасланне Прэзідэнта народу і Парламенту, знаходзячыся непасрэдна ў Палацы Рэспублікі. Гэты форум стаў самай яркай падзеяй у маім жыцці.
У сувязі з правядзеннем рэферэндуму па змяненнях і дапаўненнях у Канстытуцыю краіны для мяне важна было расставіць акцэнты ў вызначэнні ролі Усебеларускага народнага сходу як новага суб’екта ў нашай палітычнай сістэме. З прыемнасцю ўсведамляю, што Усебеларускі народны сход будзе адлюстроўваць меркаванні самых розных слаёў насельніцтва. У яго рабоце будуць удзельнічаць людзі ад зямлі, рабочыя, прадстаўнікі працоўных калектываў, што яскрава гаворыць пра дэмакратычнасць гэтага органа.
ялікую цікавасць выклікаў сам фармат размовы Прэзідэнта з усімі жыхарамі Беларусі. Тры пытанні паставіў Кіраўнік дзяржавы беларускаму народу. Для сябе, як для старшыні сельвыканкама, лічу самым актуальным трэцяе пытанне. Прэзідэнт акцэнтаваў увагу грамадзян краіны на тым, што самы першы і галоўны шлях да павышэння ўласнага дабрабыту – гатоўнасць як мага больш і лепш працаваць. Гэты момант вельмі важны. Бо, на жаль, з боку некаторай часткі нашых людзей часам назіраецца пазіцыя ўтрыманства. А таму важна, што на дзяржаўным узроўні і ў фармаце вялікай размовы Прэзідэнта з народам гэтая праблема была агучана.
Асабліва актуалізуецца яна ў адносінах да некаторай часткі маладых людзей. Правільна сказаў Аляксандр Рыгоравіч, што сёння ў маладзёжным асяродку сустракаюцца і такія юнакі і дзяўчаты, якія нават не ўяўляюць, адкуль у нас бяруцца прадукты харчавання, розныя матэрыяльныя рэчы. Вяскоўцам трэба ахвотней і актыўней развіваць асабістыя падсобныя гаспадаркі, разглядаць любыя формы працоўнай занятасці, самазанятасці. Прэзідэнт гаварыў проста і даходліва: калі ласка, купляйце сёння домік у сельскай мясцовасці, будуйце сарайчыкі, бярыце зямельныя ўчасткі, вырошчвайце гародніну, садавіну, трымайце гаспадарку. Вось яны – шляхі для паляпшэння ўласнага дабрабыту.
Кіраўнік дзяржавы закрануў пытанне, якое датычыць развіцця сельскіх населеных пунктаў. Для нас, сельскіх жыхароў, важна было пачуць, што ў адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай “Дарогі Беларусі” будзе ўдзелена ўвага іменна будаўніцтву дарог мясцовага значэння, і што надалей прадоўжыцца сістэмная работа па развіцці аграгарадкоў. Ураду і мясцовым органам улады пастаўлена задача па стварэнні адпаведнай сацыяльнай інфраструктуры ў аграгарадках і адкрыцці ў сельскай мясцовасці новых рабочых месц.
І яшчэ, для мяне як жанчыны-маці самым галоўным было пачуць пазіцыю кіраўніцтва краіны па пытанні ўдзелу нашых ваеннаслужачых тэрміновай службы ў ваенных дзеяннях ці лакальных канфліктах. Сказана канкрэтна і зразумела, што нашы дзеці будуць удзельнічаць у ваенных дзеяннях толькі ў адным выпадку, калі ўзнікне неабходнасць абараняць сваю Айчыну. Чырвонай лініяй праз выступленне праходзіла: Беларусь – міралюбівая дзяржава, і перад намі адзіная задача – цвёрда стаяць на варце міру і бяспекі.