Хто і на якія тавары можа атрымаць скідку 10%?

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Для грамадзян, якія ўваходзяць у катэгорыю найменш абароненых у сацыяльным плане, у краіне быў распрацаваны праект, скіраваны на змяншэнне для іх кошту базавых харчовых тавараў на 10%. Размову на гэту тэму працягваем з галоўным спецыялістам аддзела эканомікі Глыбоцкага райвыканкама Наталіяй Васільеўнай ШУНЕВІЧ.

– Хто выступіў з такой ініцыятывай і хто яе падтрымаў?

– Ініцыятарам стала Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, якое такім чынам рашыла падтрымаць малазабяспечаных грамадзян краіны. Пагадненне рэалізавана пры падтрымцы буйных гандлёвых сетак.

– Калі пачало дзейнічаць пагадненне і хто можа разлічваць на 10% скідку пры пакупцы сацыяльна значымых тавараў?

– З 17 студзеня гэтага года пастаянна пражываючыя на тэрыторыі краіны непрацуючыя пенсіянеры, інваліды, шматдзетныя сем’і і малазабяспечаныя грамадзяне, якія атрымліваюць дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу ў выглядзе штомесячных сацыяльных выплат, у прадуктовых магазінах могуць атрымаць скідкі на пэўныя групы тавараў. Сума пакупак за месяц у канкрэтнага суб’екта гандлю з прадстаўленнем скідак не павінна перавышаць памер бюджэту пражытачнага мінімуму, які на сёння складае 288 рублёў 01 капейку. Гэта значыць, агульная сума скідкі на сацыяльна значымыя тавары складзе ў месяц 29 рублёў.

Фотаілюстрацыя.

– У якіх магазінах на тэрыторыі нашага раёна грамадзяне змогуць атрымаць гэту скідку?

– Скідку на сацыяльна значымыя тавары прадстаўляюць гандлёвыя аб’екты “Еўраопт”, “Санта”, “БелМаркет” і “Капеечка” ЗАТ ”Дабраном”.

– Якія тавары ўваходзяць у пералік сацыяльна значымых?

– У спісе 29 відаў тавараў, якія можна купіць з 10% скідкай. Мука пшанічная (вагавая ці фасаваная, вышэйшага, першага і другога гатункаў, без дабавак); хлоп’е аўсянае без смакавых і іншых дабавак (вагавае ці фасаванае); крупы ячныя, хлеб жытні і жытнёва-пшанічны, за выключэннем хлеба з зерневымі, фруктовымі і гароднінымі дабаўкамі, арэхамі, сухафруктамі, прыправамі, клейкавінай пшанічнай сухой, з алеем; хлеб, вырабы булачныя з мукі пшанічнай за выключэннем дабавак, пералічаных вышэй, а таксама за выключэннем малочных і яечных прадуктаў, хлеба для тостаў, хлябцоў (хрусткіх, зерневых, экструзійных і іншых), лаваша і іншага нацыянальнага хлеба, здобных булачных вырабаў; сухія макаронныя вырабы, якія не ўтрымліваюць мукі з цвёрдых гатункаў пшаніцы, за выключэннем макаронаў хуткага прыгатавання; ялавічына і свініна (акрамя бескасцёвага мяса); мяса курэй, у тым ліку куранят-бройлераў ахалоджанае ці замарожанае, у тушках; малако каровіна пастэрызаванае, за выключэннем топленага; кефір з малака кароў і смятана, за выключэннем той, дзе дабаўлены раслінныя тлушчы; тварог з каровіна малака любой тлустасці ў любой упакоўцы без смакаараматычных дабавак, за выключэннем тварожных дэсертаў, тварагу зярнёнага з дабаўленнем вяршкоў; сыр (цвёрды, паўцвёрды): сыры з малака кароў сычужныя (ферментныя) цвёрдыя, паўцвёрдыя вагавыя і фасаваныя, за выключэннем сыру звышцвёрдага, плаўленага, вэнджанага, з цвіллю, расольных, з дабаўкамі, сырных прадуктаў; яйкі курыныя свежыя дыетычныя ці сталовыя; масла сметанковае з малака кароў ці вяршкоў, за выключэннем масла дэсертнага, шакаладнага, фруктовага, топленага, з іншымі напаўняльнікамі; алей (сланечнікава-рапсавы) і рапсавы, за выключэннем купажыраванага (змешанага); свежыя яблыкі, капуста белакачанная, цыбуля рэпчатая, буракі і морква, бульба харчовая; цукар белы крысталічны, за выключэннем у мелкай фасоўкі па 20 грамаў і менш; кашы для дзіцячага харчавання сухія малочныя хуткарастваральныя, напіткі сухія малочныя, сумесі на крупяных адварах, прадукты з мукой, рысам, грэчкай, аўсом, дзіцячае малако і іншыя сухія прадукты; кансервы мясныя і мясараслінныя, фруктовыя, сухія малочныя сумесі для дзіцячага харчавання.

– Што трэба рабіць малазабяспечаным грамадзянам, каб атрымаць у магазіне скідку?

– Неабходна на касе паказаць арыгінал дакумента – пасведчанне пенсіянера ці інваліда, шматдзетнай сям’і альбо даведку аб прадстаўленні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай выплаты, пашпарт ці іншы дакумент, які пацвярджае, што грамадзянін адносіцца да адной з пералічаных катэгорый, – і запоўніць анкету.

– У кожнай гандлёвай сетцы свае асаблівасці прадстаўлення скідак і кожная з іх па-свойму стараецца ўпісаць новую сацыяльную акцыю ва ўжо існуючыя праграмы. Што гэта за асаблівасці?

– У магазіне “Санта” скідкай могуць карыстацца пенсіянеры, інваліды першай, другой і трэцяй груп, шматдзетныя сем’і, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікі баявых дзеянняў, малазабяспечаныя грамадзяне ў перыяд атрымання дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў выглядзе штомесячнай выплаты.

У магазінах “Капеечка” ЗАТ “Дабраном” дысконтная праграма “Мая карта” з 10% скідкай на сацыяльна значымыя тавары па пераліку прызначана для пенсіянераў, інвалідаў, шматдзетных сем’яў і атрымальнікаў дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі.

У магазіне “Еўраопт” (за выключэннем магазіна “ХІТ”) скідка прадстаўляецца пенсіянерам, шматдзетным сем’ям, інвалідам любой групы і бацькам дзяцей-інвалідаў, малазабяспечаным грамадзянам, якія атрымліваюць дзяржаўную штомесячную адрасную сацыяльную выплату.

Каб атрымаць скідку ў магазіне “БелМаркет”, да анкеты пенсіянеры павінны прыкласці копію пенсійнага пасведчання ці іншы дакумент, які пацвярджае факт прызначэння пенсіі, у тым ліку за межамі краіны; шматдзетныя сем’і – копіі пасведчання шматдзетнай сям’і і пашпарта, інваліды – копію пасведчання інваліда, а тыя, хто абмежаваны ў руху, рэалізоўваюць свае правы праз сваіх прадстаўнікоў па даверанасці. Асобы, якія выхоўваюць дзіця-інваліда да 18 гадоў, прад’яўляюць копіі пасведчання інваліда і дакумента, які пацвярджае факт здзяйснення функцыі яго законнага прадстаўніка (пашпарт у адносінах бацькоў, пасведчанне апекуна і іншыя дакументы): атрымальнікі дзяржаўнай дапамогі – копіі даведкі аб яе прадстаўленні і пашпарта.

– Малазабяспечаныя грамадзяне, якія жывуць у вёсках і карыстаюцца паслугамі аўтамагазінаў, могуць атрымаць 10% скідку?

– Не могуць. Аўтамагазіны спажывецкай кааперацыі не аснашчаны неабходным праграмным забеспячэннем, таму вяскоўцы могуць атрымаць тавары са скідкай толькі ў пералічаных магазінах у райцэнтры.

– Куды звяртацца грамадзянам, калі ўзнікнуць дадатковыя пытанні наконт атрымання скідкі?

– Непасрэдна да супрацоўнікаў (прадаўцоў) вышэй названых гандлёвых аб’ектаў.



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru