Глыбоцкія ратавальнікі заўседы на перадавой

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Калі здарыўся пажар ці праваліўся пад лёд чалавек, калі адбылося дарожнатранспартная аварыя і ў палоне металу аказаліся людзі, калі заблудзіўся ў лесе грыбнік ці прапаў чалавек – выклікаюць ратавальнікаў. Супрацоўнікі гэтай службы па першым званку, уключыўшы сірэну, якая апавяшчае пра бяду, у любое надвор’е, у любы час сутак, нягледзячы на выхадныя і святочныя дні, спяшаюцца на дапамогу. Падчас дзяжурстваў ратавальнікі ў прамым сэнсе слова праходзяць праз агонь і ваду, і іншым разам звычайныя, на першы погляд, рабочыя змены ператвараюцца ў подзвіг. Сёння супрацоўнікі выратавальнай службы адзначаюць прафесійнае свята. Гэта нагода, каб расказаць пра звычайных людзей у надзвычайных сітуацыях і падзякаваць ім за нялёгкую, але такую патрэбную людзям і грамадству службу.

– Супрацоўнікі службы выратавання заўсёды на перадавой, вядуць барацьбу з агнём, вадой і прыроднымі стыхіямі. Адну з самых небяспечных прафесій выбіраюць моцныя духам і нераўнадушныя да чужой бяды людзі, мужныя і адказныя, якія гатовы рызыкаваць сабой дзеля выратавання іншых. Менавіта такія супрацоўнікі нясуць службу ў Глыбоцкім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, – гаворыць начальнік другой змены пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Андрыеўскі. – Нашу работу ў адзіночку не зробіш, а таму дружны, зладжаны калектыў, у якім кожны адчувае надзейнае плячо і падтрымку калег, – палова поспеху. А эфектыўнасць работы ў цэлым залежыць, вядома ж, ад прафесіяналізму, таму павышаем мы яго пастаянна, як кажуць, у баявых умовах, калі выязджаем па выкліках, на вучэбных практычных занятках і на курсах перападрыхтоўкі, удзельнічаючы ў конкурсах прафесійнага майстэрства. І калі ўдаецца выратаваць жыццё чалавека, прыходзіць адчуванне сумленна выкананага абавязку.

Вось толькі некаторыя выпадкі. Летась 3 студзеня на возеры Забелле Удзелаўскага сельсавета праваліўся пад лёд чалавек. Камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Ігар Жалткевіч, старшы пажарны Андрэй Салодкі і вадзіцель Аляксандр Варанковіч, якія прыбылі на месца здарэння, убачылі, што ў палонцы ў чатырохстах метрах ад берага знаходзіцца чалавек. Выратаваны 58-гадовы мужчына родам з вёскі Марцыбыліна.

10 студзеня мінулага года начальнік трэцяй змены Філіп Прадзед, пажарны Павел Еўдакімаў і вадзіцель Ігар Дземідовіч выехалі па выкліку на возера Вялікае ў Глыбокім. У палонку, што знаходзілася ў ста метрах ад берага, трапіў 60-гадовы мужчына з вуліцы Валадарскага. Таўшчыня лёду была ўсяго 6 сантыметраў і грамадзянін, выйшаўшы на рыбалку, рызыкаваў жыццём.

Летась 30 кастрычніка Андрэй Андрыеўскі, камандзір аддзялення аварыйнай пажарна-выратавальнай часці № 1 Аляксандр Яцына і пажарны Раман Каўзан выехалі на Садовую, 4 у Глыбокім, дзе адбылося задымленне ў адной з кватэр. У гэты момант там знаходзіўся гаспадар у беспрытомным стане. 59-гадовы мужчына атруціўся дымам, атрымаў 25-30% апёкаў цела. Па прычыне пажару былі эвакуіраваны 5 чалавек з бліжэйшых кватэр.

Цяпер гэта проста хроніка выратавання, а на той час былі сітуацыі, блізкія да трагічных, якіх не дапусцілі супрацоўнікі РАНС.

– Дзяжурства мы нясём па сутках. Выязджаем па выкліках не толькі па сваім раёне, але і па суседніх. Так, напрыклад, супрацоўнікі пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 у Зябках і Падсвільскай пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №2 часта дапамагаюць калегам з Ушаччыны. Мы не аднойчы выязджалі на дапамогу ў памежныя з нашым населеныя пункты Шаркаўшчынскага і Пастаўскага раёнаў, – расказвае пра асаблівасці службы Андрэй Андрыеўскі. – Ужо сёлета выязджалі на пажар у вёску Ваўкі на Пастаўшчыне. Да нашага прыезду вяскоўцы выратавалі чалавека з агню. А на пажары, які адбыўся сёлета 11 студзеня ў вёсцы Паловіца, што за Капыльшчынай, сяльчане аблівалі вадой суседнія пабудовы, не давалі магчымасці агню перакінуцца далей. На вёсках яшчэ жыве традыцыя ўзаемадапамогі. Там не здымаюць на мабільныя тэлефоны, як гарыць дом, а хапаюць вёдры, лапаты і робяць, што могуць да нашага прыезду.

У размове з супрацоўнікамі другой змены пажарнай аварыйна-выратавальнай службы №1 Аляксандрам Варанковічам, Аляксандрам Казловым, Раманам Коўзанам, Ільёй Дземідовічам, Аляксандрам Скрагам, Аляксандрам Яцына высветлілася, што ўсе яны рознымі шляхамі прыйшлі на службу ў РАНС, маюць розную выслугу гадоў, але вызначылі для сябе, што выбар зрабілі правільны.

Для Аляксандра Варанковіча біяграфія ратавальніка пачалася падчас тэрміновай службы ў ваенізаванай камандзе супрацьпажарнай абароны ваенна-паветраных сіл у Гарадку і цяпер прадаўжаецца ў Глыбоцкім РАНС.

Сюды па прыкладзе бацькі Юрыя Веніямінавіча прыйшоў на работу ў 2013 годзе былы выпускнік СШ №2 Аляксандр Казлоў. Падсвільчанін Раман Коўзан фактычна вырас у пажарнай часці: дом, дзе жыў хлопец, вокнамі выходзіў на пажарную часць, і яго дзень пачынаўся і заканчваўся пад сірэны спецаўтамабіляў. Раман з дынастыі ратавальнікаў. У Глыбоцкім РАНС працавалі бацька і дзядзька Леанід і Валерый Коўзаны. Раман – малады тата дванятак Сашы і Сафіі, музыкант, лідар каманды і проста цікавы чалавек. Ён параўнаў узаемадзеянне ў калектыве, без якога не будзе чаканага выніку, з адладжаным механізмам швейцарскага гадзінніка.

Яшчэ адзін выпускнік СШ №2 Ілья Дземідовіч хацеў абхітрыць сваю мару, пасля школы вучыўся на будаўніка, але лёс прывёў яго на любімую работу ў РАНС.

Аляксандр Скрага – выпускнік СШ №3, скончыў дзяржпрафліцэй і Гарадоцкі аграрна-тэхнічны каледж, але вырашыў, што атрыманая прафесія тэхніка-механіка пакуль будзе запасной і, магчыма, спатрэбіцца пасля выхаду на пенсію.

Дзевяць гадоў адслужыў у РАНС глыбачанін Аляксандр Яцына. Аляксандр Станіслававіч кажа, што ў рабоце ратавальніка галоўнае стойкасць, ураўнаважанасць, уменне трымаць сябе ў руках і ў стрэсавай сітуацыі не страціць магчымасць прымаць правільныя рашэнні.

– Мы ўсе жывыя людзі, ва ўсіх сем’і і дзеці, усім бывае страшна, але ўсе разумеюць, што ёсць абавязак, які трэба выконваць, – кажа мужчына. – Мы людзі розных узростаў, у нас розныя характары, але мы любім сваю работу, у аснове якой спачуванне людзям і гатоўнасць ім дапамагаць.

У дзень прафесійнага свята мы жадаем ратавальнікам сілы волі і загартоўкі ў барацьбе з вогненнай і прыроднай стыхіямі, рашучасці і мудрай адвагі, цярпення і вынослівасці, добрага надвор’я ў сем’ях, разумення і падтрымкі родных.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru