Дыялогавая пляцоўка на тэму «Пытанні регіянальнага лічбавага развіцця» прайшла на мінулым тыдні ў малой зале райвыканкама. Яе мадэратарам была намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Тарасевіч.
Удзел у абмеркаванні ўзнятай тэмы прымалі начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Глыбоцкага РАУС Дзмітрый Хахолка, намеснік начальніка Глыбоцкага занальнага вузла электрасувязі РУП “Белтэлекам” Андрэй Болтуць, галоўны ўрач Глыбоцкай ЦРБ Вячаслаў Сабыніч, галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Людміла Парфяновіч, галоўны інжынер жыллёва-камунальнай гаспадаркі Уладзімір Батыгін, дырэктар дзяржпрафліцэя Васіль Любоза, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Лазаронак, загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Таццяна Зяваліч, настаўніца інфарматыкі раённай гімназіі Лідзія Раманчук і яе вучань, дзесяцікласнік Глеб Шарстнёў, прадстаўнікі Маладзёжнай палаты Кірыл Міхасёў і Віталія Куўшынава.
– Многія грамадзяне не разумеюць сутнасці лічбавізацыі і баяцца сучасных тэхналогій, але пры гэтым карыстаюцца імі. Напрыклад, банкаўскія карткі, якія маюць каля 80% жыхароў Глыбоччыны, дапамагаюць ліквідаваць чэргі і эканомяць людзям час. Крэдыты можна афармляць у анлайн-рэжыме. Паходы па арганізацыях і пісьмы замянілі электронныя звароты, якія можна накіроўваць у дзяржаўныя органы, не выходзячы з дому. Новыя тэхналогіі і лічбавыя платформы дапамагаюць кампаніям і грамадзянам без пасрэднікаў, эканомячы сродкі і сілы, кантактаваць з рознымі суб’ектамі гаспадарання, дзяржаўнымі ўстановамі і арганізацыямі. Электронны ўзровень узаемадзеяння больш маштабны, цесны, а значыць, і больш эфектыўны, – гаварыла Таццяна Тарасевіч. – Пералічваючы дадатныя моманты лічбавізацыі, скажу і пра пытанне бяспекі, звязанае з захаваннем інфармацыі. Электронныя дадзеныя не павінны трапляць у адкрыты доступ, а таму неабходна распрацоўваць меры, якія засцерагуць іх ад кібератак.
Працягам мерапрыемства сталі выступленні прысутных, якія расказалі аб укараненні лічбавых тэхналогій у розных сферах дзейнасці, аб іх эфектыўнасці і перспектывах далейшага развіцця. Тэматычныя матэрыялы гэтага цыкла будуць змешчаны ў наступных нумарах “Весніка Глыбоччыны”.
Андрэй Болтуць, намеснік начальніка Глыбоцкага занальнага вузла электрасувязі:
– Сёння мы не ўяўляем свайго жыцця без інфармацыі і яе сучасных носьбітаў. Колькасць карыстальнікаў паслуг РУП “Белтэлекам”, якое пабудавала самую разгалінаваную валаконна-аптычную інфраструктуру ў краіне і стала лідарам у гэтым накірунку, пастаянна расце. Byfly, напрыклад, прадстаўляе аптымальныя прапановы доступу ў Інтэрнэт для карпаратыўнага і дамашняга карыстання. ZALA аб’ядноўвае эфірнае, інтэрнэт-тэлебачанне і інтэрактыўнае ТВ, якое дапамагае ўпраўляць тэлеканаламі – ставіць іх на паўзу, глядзець тэлеперадачы, якія выйшлі ў эфір раней, знаёміцца з праграмай і іншае. У рамках брэнда “ЯСНА” РУП “Белтэлекам” прапаноўвае розныя пакеты з некалькіх відаў паслуг, неабходных чалавеку для камфорту і паўнавартасных адносін. Карыстаецца попытам кругласутачны тэлевізійны канал “ЯСНАе ТВ” у фармаце full HD, у кола інтарэсаў якога ўваходзіць прасоўванне брэндаў прадпрыемства, знаёмства аўдыторыі з сістэмай інавацый і сучасных тэхналогій. А “Відэакантроль” дапамагае ў арганізацыі бяспекі на любых аб’ектах, бо карыстальнік гэтай паслугі атрымлівае кругласутачны доступ да відэа з камер у рэжыме рэальнага часу ці да запісаў з архіва, які захоўваецца на серверах РУП “Белтэлекам” на працягу 30 сутак.
Хачу сказаць аб стварэнні інфраструктуры для лічбавага ўзаемадзеяння і прадставіць GRON – тэхналогію “апошняй мілі” – давядзенне аптычнага валакна да дамоў і кватэр абанентаў. Аптавалакно здымае ўсе актыўныя прамежныя ўстройствы, камутатары, маршрутызатары, бо інфармацыя распаўсюджваецца з дапамогай светлавых хваляў у вызначаным спектры. Аптавалакно павышае якасць прадстаўлення сервісаў, дае неабмежаваную магчымасць у хуткасных параметрах перадачы дадзеных. У валаконна-аптычных лініях сувязі адсутнічае электрычны ток, таму яны больш абаронены ад уздзеяння навальнічных разрадаў. Валаконна-аптычныя лініі пачынаючы з 2013 года вядуцца і ў Глыбоцкім раёне. За восем апошніх гадоў пабудаваны каля 70% GPON, а поўнасцю плануем завяршыць работы да канца 2022 года. Пры гэтым мы не забываем і пра сельскую мясцовасць, дзе будуем і мадэрнізуем лініі сувязі. На дадзеным этапе жыхары вёсак Арэхаўна, Станулі, Петрунова, а таксама абаненты шматкватэрнага сектара ў вёсцы Шунеўцы і гарадскога пасёлка Падсвілле ўжо забяспечаны тэхналогіяй GPON.
Адзначу, што РУП “Белтэлекам” – сацыяльна арыентаваная кампанія, якая займаецца не толькі профільнай вытворчай дзейнасцю, але ўдзельнічае ў дабрачынных і спонсарскіх праектах, прадстаўляе тэхнічную падтрымку нашым кліентам 24 гадзіны сем дзён у тыдзень. Мы ўкараняем праграмныя прадукты, такія, напрыклад, як мабільны дадатак “Мой горад”, рыхтуем інфраструктуру для ўкаранення праграмы разумных гарадоў. Прадпрыемства і далей будзе развіваць паслугі і сеткі на доўгатэрміновай аснове і заўсёды адкрыта для супрацоўніцтва.