З адчуваннем радасці і шчасця Наталля Яркевіч жыве на гэтай светлай планеце, якая ніколі не старэе, больш за 33 гады. Яна – выхавальнік I кваліфікацыйнай катэгорыі, неаднаразова адзначана ганаровымі граматамі аддзела па адукацыі райвыканкама. Працуе ў малодшай групе інтэгрыраванага навучання і выхавання дзяржаўнай установы адукацыі “Яслі-сад №4 г. Глыбокае”. Яна – любімая Наталля Даніілаўна для сваіх маленькіх выхаванцаў, настаўніца – для маладых спецыялістаў, творчы агеньчык у дружным, згуртаваным і аб’яднаным любоўю да дзяцей і сваёй прафесіі, калектыве.
Наталля вырасла ў шматдзетнай сям’і, якая была для яе міні-садком. Яе любілі старэйшыя дзеці, а яна і дня не магла жыць без іх. У школьным узросце з задавальненнем няньчыла і забаўляла маленькіх пляменнікаў і марыла стаць настаўніцай.
– Мая мара збылася. Пасля вучобы, у жніўні 1986 года, я вярнулася ў Глыбокае і працавала выхавальнікам у першай малодшай групе на той час дзіцячага садка кансервавага завода. Памяшканне было не адаптаванае пад аб’ект дашкольнай адукацыі, пакойчыкі невялікія, цесныя, групы перапоўненыя, дыдактычны матэрыял рабілі сваімі рукамі, бо купіць яго не было дзе. Але галоўнае, што я была побач з дзецьмі! Іх вачаняты так даверліва глядзелі на мяне, ад іх сонечных усмешак святлела і цяплела на душы. У калектыве мяне, маладую і нявопытную, сустрэлі прыязна, дапамагалі, раілі, вучылі – і я ўдзячна загадчыцы Кіры Аляксееўне Каралёвай, старэйшым калегам за такую ўвагу і клопат, – гаворыць Наталля Даніілаўна.
Час ляціць неўпрыкметку. Здаецца, толькі ўчора яна была маладым спецыялістам, а сёння сама вучыць выпускнікоў педагагічных устаноў, якія прыязджаюць па размеркаванні на працу. Вучыць бачыць у кожным дзіцяці індывідуальнасць, адчуваць настрой і падбіраць ключык да кожнай маленькай душы, адкрываць нязведаны свет, дзяліцца ведамі, закладваць азы калектыўнага выхавання, якія спатрэбяцца ў самастойным жыцці, а яшчэ – любіць дзяцей такімі, якія яны ёсць, і заставацца вернымі аднойчы выбранаму прафесійнаму шляху.
У працоўнай кніжцы Наталлі Яркевіч усяго адзін запіс аб прыняцці на работу, але ён надта ёмкі і багаты. Умяшчае наваселле ў новым, цяперашнім будынку, садка, прафесійны рост і самаўдасканаленне, адзінаццаць выпускаў і не адну сотню выпускнікоў, якія выраслі, ужо самі сталі мамамі і татамі і прывялі ў групу да Наталлі Даніілаўны сваіх дзяцей. Так што яна – элегантная, прыгожая бабуля і для сваіх выхаванцаў, і для ўнукаў Мікіты і Анечкі. Да слова, Наталля Даніілаўна была мамай-выхавальніцай для сваёй дачушкі і, калі да аповяда дадаць долю жарту, то з малых гадоў выхоўвала і … свайго будучага зяця.
Кожны працоўны год Наталлі Яркевіч прырастае вопытам, але яна лічыць, што стаць спецыялістам сваёй справы дапамагаюць не толькі практыка і багаты працоўны стаж, а яшчэ і калектыў, педагогі-прафесіяналы і таленавітыя кіраўнікі.
– Мы, выхавальнікі, працуем у цесным звязе з лагапедам Аленай Белай, музычным кіраўніком Алай Кавалеўскай, інструктарам па фізкультуры Таццянай Лобан. Стараемся, каб заняткі былі пры пастаяннай метадычнай дапамозе намесніка загадчыцы дзіцячага садка Маргарыты Маслёнчанкі пазнавальнымі, карыснымі для здароўя дзяцей, цікавымі і запамінальнымі, – кажа Наталля Даніілаўна. – Што датычыць педагогаў, то для нас створаны ўсе ўмовы для працы, творчасці, павышэння кваліфікацыі. У калектыве, дзе працуюць 35 чалавек, выдатны мікраклімат, паважлівыя адносіны, узаемаразуменне, і ў гэтым вялікая заслуга загадчыцы Аксаны Нікандраўны Гольдэрбайн. Такім жа граматным, зацікаўленым, добразычлівым, спагадлівым кіраўніком, як яна цяпер, была ў пачатку майго працоўнага шляху і Людміла Анатольеўна Ліля. Дзякуючы такім спецыялістам, людзям з вялікай літары, хочацца ісці на работу з радасцю, з жаданнем ствараць, вучыць, аддаваць набытыя веды і навыкі выхаванцам.
– Якім павінен быць выхавальнік? – задала пытанне суразмоўцы. На думку Наталлі Даніілаўны, адказным, церпялівым, кантактным, уважлівым, чулым і клапатлівым, а яшчэ – крыху артыстам і паэтам, мастаком і майстрам, рамантыкам, фантазёрам, чарадзеем і абавязкова чалавекам, які любіць дзяцей.